Збірайце грошыкі!

Нарэшце нам паведамілі, ці будзе яшчэ адна дэвальвацыя рубля, хто на гэтым настойвае і ці стане расійскі рубель беларускім. А ўсяго ж толькі варта было — выехаць Аляксандру Лукашэнку з вандроўкай на Гродзеншчыну.

Нарэшце нам паведамілі, ці будзе яшчэ адна дэвальвацыя рубля, хто на гэтым настойвае і ці стане расійскі рубель беларускім. А ўсяго ж толькі варта было — выехаць Аляксандру Лукашэнку з вандроўкай на Гродзеншчыну.



Першае пытанне, якое хвалюе ўсіх, безумоўна, грашовае. Паводле нашага прэзідэнта, чарговага абвалу нацыянальнай валюты не будзе. “Прамыслоўцам хацелася б яшчэ на 20 працэнтаў дэвальваваць рубель. Але мы народу паабяцалі і будзем сваё абяцанне трымаць. Таму няхай шукаюць дадатковыя магчымасці для зніжэння сабекошту прадукцыі, — сказаў беларускі кіраўнік. — Прамыслоўцы ў любы крызіс заўсёды настойваюць на абвале. Але ёсць яшчэ 10 мільёнаў беларусаў. Мы разава дэвальвавалі на 20 працэнтаў нацыянальную валюту і растлумачылі, чаму. Расіяне ўжо пад 40 працэнтаў дэвальвавалі.

“Ніякага абвалу, разавай дэвальвацыі быць не можа. Нацыянальны банк цвёрда, упэўнена сябе адчувае, золатавалютныя рэзервы някепская. Працэнтаў 15–17 ад іх аб’ёму мы выкарысталі ў найцяжэйшы перыяд, каб не ўпасці. Потым рэзервы аднавілі. Плюс яшчэ 1 мільярд долараў крэдыту ад Расіі. Які сэнс, навошта нам сёння абвальваць нацыянальную валюту? Трэба проста працаваць у гэтых умовах. Таму ніякай разавай дэвальвацыі не будзе. Няма такой неабходнасці, — лічыць Лукашэнка.

“Што ж вы робіце, таварышы! — залямантуе той, хто дакладна памятае, што папярэднічала дэвальвацыі беларускага рубля, якая адбылася 2 студзеня. Хто не памятае, нагадаем. Папярэднічаў гэтаму навагодні выступ кіраўніка дзяржавы па тэлебачанні, які заяўляў, што Беларусь толькі крышачку закране міжнародны фінансавы крызіс, што мы адчуваем сябе ўпэўнена і бадзёра. А таксама мусім узгадаць словы і чыноўнікаў Нацбанка, і нашага ўрада пра тое, што ніякай дэвальвацыі не плануецца. А пасля Новага года — уліплі ў дэвальвацыю па самыя вушы.

Зараз прэзідэнт раптам сам узгадаў дэвальвацыю, прычым з тымі ж мантрамі, з якімі звяртаўся да народа напярэдадні Новага года. Такім чынам, гэта чыннік больш трывожны, чым супакойваючы. Варта бегчы ў абменнікі і зноў скупляць валюту.

“Наш рубель быў, ёсць і пакуль будзе. Гаворка не ідзе пра замену нашага рубля расійскім, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лютага падчас наведвання ААТ “Лідсельмаш, каментуючы чуткі аб увядзенні ў Беларусі расійскага рубля. Таксама, дарэчы, вельмі цікавая фраза. Што значыць “пакуль і колькі гэтае “пакуль працягнецца? Навошта гэтае “пакуль, калі ў той жа размове тым жа чалавекам было сказана, што “расіяне ўжо пад 40 працэнтаў дэвальвавалі свой рубель?

А тым часам у Беларусі працягвалася плённая і стваральная праца па ўдасканаленні беларускага заканадаўства. У Беларусі дапрацоўваецца законапраект, які прадугледжвае “здзелку з правасуддзем, заявіў 11 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Паводле яго слоў, новаўвядзенне заключаецца ў тым, што чалавек, які раскайваецца ва ўчыненым злачынстве, зможа звярнуцца ў суд з просьбай дазволіць яму ажыццявіць “сацыяльную кампенсацыю за свае супрацьпраўныя дзеянні. Рашэнне рэкамендаваць суду задаволіць просьбу абвінавачанага, а таксама рашэнне пра суму кампенсацыі будзе прымаць дзяржаўны абвінаваўца. Пасля гэтага канчатковае рашэнне прыме суд. Ён зможа знізіць пакаранне або прыпыніць судовае пасяджэнне.

Паводле слоў Сукалы, сацыяльная кампенсацыя прадугледжвае ад 300 да 5 тысяч базавых велічынь. То бок, не больш за 60 тысяч даляраў.

Здавалася б, сума немалая. А з іншага боку — для кагосьці і невялікая. Нагадаем, што былы пракурор Снягір, публічны разнос якому на антыкарупцыйным пасяджэнні ўчыніў сам Аляксандр Лукашэнка, здабыў кватэру за 250 тысяч долараў ЗША. Адкуль у пракурора Мінскай вобласці такія грошы, канешне ж, таксама пытанне, але факт ёсць факт.

Падобныя дзеянні нагадваюць вядомую показку. Ходзіць высокае чынавенства з праверкамі, заходзіць у дзіцячы садок, дзе ім пачынаюць скардзіцца на недахоп фінансавання, благую матэрыяльную забяспечанасць, і г. д. У адказ чыноўнікі пачынаюць казаць пра аб’ектыўныя цяжкасці, недахоп грошай у бюджэце, крызіс... Пасля камісія ідзе ў мясцовую турму, дзе скардзяцца на тое ж, што і ў садку. Вышэйшы чыноўнік адразу падмахвае паперу: столькі грошай на паляпшэнне ўмоў утрымання, столькі — на паляпшэнне адпачынку асуджаных... Карацей, задавальняе ўсе патрабаванні. Яго калега шэптам запытваецца, а чаму не дзіцячаму садку? “У дзіцячы сад мы з табою больш дакладна не патрапім, — таксама шэптам адказвае ён.

Тым часам, беларуская апазіцыя, пад выглядам барацьбы з крызісам, пасягнула на самае святое. У якасці адной з мер па выхадзе з фінансава-эканамічнага крызісу Партыя БНФ прапаноўвае перадаць у дзяржбюджэт сродкі “закрытага прэзідэнцкага фонду. Пра гэта заявіў намеснік старшыні партыі Віктар Івашкевіч на прэс-канферэнцыі, на якой былі названыя прапановы па першачарговых мерах абароны беларусаў ад сацыяльных наступстваў крызісу. Больш за тое, Партыя БНФ прапануе спыніць дзяржаўнае фінансаванне ідэалагічнай вертыкалі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, патрабуе замарозіць дзяржаўнае фінансаванне будаўніцтва і падтрымку “непрыбытковых аб’ектаў, якія не маюць першачарговай сацыяльнай значнасці (лядовыя палацы, лінія Сталіна, аграгарадкі і г. д.).

Поруч з гэтым партыя прапаноўвае стварыць тое, што, паводле слоў Івашкевіча, ужо зроблена як у еўрапейскіх краінах, так і ў ЗША — колькасна скараціць апарат, перадусім кантрольных органаў і сілавых структур, і ўстанавіць мяжу ў 500 еўра максімальнага заробку для дзяржаўных служачых і работнікаў прадпрыемстваў, якія атрымліваюць дзяржаўныя датацыі. “Зусім нелагічна, калі дырэктар прадпрыемства, якое датуецца з бюджэту або фактычна з’яўляецца стратным, атрымлівае 8–10 мільёнаў рублёў заробку, у той час калі на прадпрыемстве скарачаюцца працоўныя месцы і ўразаецца заработная плата тым працоўным, якія непасрэдна вырабляюць прадукцыю, — заявіў Івашкевіч.

“Ад мёртвага асла ім вушы! — скажуць улады. Як мы пражывем без аграгарадкоў, “лініі Сталіна, лядовых палацаў? І дзе потым дзяржаўныя чыноўнікі возьмуць 60 тысяч долараў, каб выплаціць “сацыяльную кампенсацыю, калі ім заробкі абмежаваць? Яны ж не апазіцыянеры, на грантах не сядзяць. А наадварот, калі ўважліва паглядзець прэсу, з’яўляюцца самай “саджаемай катэгорыяй насельніцтва.

Каментаваць