Збіраюцца сродкі для набыцця кнігі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”

Музей гісторыі Магілёва вядзе збор сродкаў для набыцця кнігі ўраджэнца Беларусі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі — французскага выдання 1651 года.

Музей гісторыі Магілёва вядзе збор сродкаў для набыцця кнігі ўраджэнца Беларусі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі — французскага выдання 1651 года.

Інжынер і тэарэтык артылерыі, мысліцель-гуманіст Казімір Семяновіч (каля 1600 — пасля 1651) паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў, якія ў XIV–XVI стагоддзях валодалі землямі на Віцебшчыне. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай 1632–1634 гадоў. З 1645 года — у Нідэрландах, ваяваў у войску прынца Аранскага, у 1646 годзе адкліканы з Нідэрландаў, прызначаны інжынерам, з 1648 года — намеснік начальніка артылерыі Каралеўства Польскага. У 1650 годзе выдаў у Амстэрдаме на лацінке ў друкарні Яна Янсана трактат “Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая, у якім апісаў канструкцыі і выкарыстанне гармат і ракет, тэхналогію вытворчасці пораху і іншых матэрыялаў для артылерыі, а таксама ўпершыню прапанаваў ідэю шматступеннай ракеты (з адпаведнымі чарцяжамі).

Трактат перакладзены на французскую, нямецкую, англійскую, галандскую, дацкую і іншыя мовы; паўтара стагоддзя быў адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац па артылерыі. Аўтар  падрыхтаваў да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць не паспеў (пазней рукапіс згубіўся). Семяновіч прытрымліваўся гуманістычнага светапогляду: войны ён лічыў найвялікшым няшчасцем для чалавецтва.

Першае выданне кнігі выйшла фарматам in folio (у аркуш), мае франтыспіс, гравіраваны паводле малюнка аўтара вядомым галандскім гравёрам Якубам ван Мэйрсам, які ў 1649 годзе жыў у Амстэрдаме. У кнізе 304 старонкі тэксту і 22 табліцы з 205 малюнкамі, зробленымі самім Семяновічам. Прычым якасць малюнкаў сведчыць пра вялікія здольнасці аўтара, як рысавальшчыка. Усе графічныя аркушы награвіраваў Якаб ван Мэйрс.

Асноўны тэкст выдання складаюць пяць раздзелаў (кніг): “Аб артылерыйскай лінейцы, “Аб сродках і матэрыялах, якія выкарыстоўваюцца звычайна ў піратэхніцы, “Аб ракетах, “Аб ядрах і “Аб розных машынах, рыштуку, прыладах і піратэхнічным абсталяванні, як для забавы, так і для сур’ёзных, гэта значыць для вайсковых мэтаў, а таксама “Прадмова і “Дакончанне.

Пра мэту выдання кнігі аўтар напісаў, што “… я хацеў бы зрабіць паслугу маёй Радзіме і маім суайчыннікам, якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі; аднак жа да гэтага часу не мелі кніг, на якіх маглі б вывучаць яе. А калі нават і ёсць некалькі кніг, перакладзеных на нашу мову (ёсць усяго толькі адна-дзве лацінскія кнігі, якімі мы валодаем разам з іншымі нацыямі), дык яны вельмі рэдкія і не абыймаюць усяго прадмету.

Змест кнігі надзвычай багаты — у ёй цытуюцца каля 260 твораў больш за 200 аўтараў ад старажытных (V стагоддзе) да эпохі Адраджэння і Новага часу (XVI — першая палова XVII стагоддзяў).      

У каментары “Новаму Часу дырэктар музея Аляксей Бацюкоў паведаміў, што французскі пераклад і выданне 1651 года кнігі Семяновіча былі зроблены пад наглядам самога аўтара. Паводле словаў Бацюкова, гэтае ўнікальнае выданне, падобныя экзэмпляры якога адсутнічаюць у дзяржаўных установах Беларусі, знаходзіцца ў прыватным зборы.

“Кошт кнігі — 15 тысяч еўра. Гэтыя грошы трэба ўнесці да 1 верасня, каб выкупіць каштоўнае выданне, якое захавалася ў поўным аб’ёме і добрым стане. Але пакуль сабрана толькі невялікая частка — 1 мільён рублёў. Мы спадзяемся знайсці багатага спонсара, але галоўную надзею звязваем з грамадзянамі краіны — рупліўцамі беларушчыны, — сказаў дырэктар музея.

Ён звярнуся за дапамогай да тых юрыдычных і фізічных асоб, хто гатовы пералічыць сродкі на дабрачынны рахунак музея для выкупу рарытэта.

Дырэкцыя установы культуры “Музей гісторыі Магілёва знаходзіцца па адрасу: 212030, горад Магілёў, вуліца Ленінская, 1А, тэл. + 375(222)22-99-46; электронны адрас: ratusha.mogilev@gmail.com

Каментаваць