Збітага падчас выбараў журналіста зноў будуць судзіць — пратакол дапрацавалі

Аператара тэлеканала «Белсат» Андруся Козела выклікаюць у суд Цэнтральнага раёна Мінска 7 сакавіка а 10 гадзіне.

У дзень выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў — 18 лютага — журналіст у якасці даверанай асобы назіраў за падлікам галасоў на выбарчым участку ў Мінску і вёў прамую відэатрансляцыю падліку галасоў.

Супрацоўнікі міліцыі па загадзе старшыні выбарчай камісіі паспрабавалі выдаліць Козела з участка, спасылаючыся на парушэнне ім заканадаўства. Хоць Выбарчы кодэкс Беларусі не забараняе здымаць на відэа падлік галасоў.

Пасля адмовы Козела пакінуць участак, супрацоўнікі міліцыі сілай вывелі журналіста. Журналіст сцвярджае, што быў моцна збіты праваахоўнікамі. Таксама падчас штурханіны міліцыянты галавой аператара разбілі шкляныя дзверы ў памяшканні ўчастка.

Пазней Козела абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі. Ноч журналіст правёў за кратамі. 19 лютага пасля допыту супрацоўніка міліцыі суддзя Іван Касцян адправіў справу на дапрацоўку, а самога журналіста вызваліў.

Цяпер працяг разгляду справы прызначаны на 7 сакавіка а 10:00 (вул.Кірава, 21).

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць