Зброя, бывай?

Беларусы адгулялі чатыры дні Радаўніцы. Для кагосьці гэта былі прыемныя клопаты. А некаму такі працяглы адпачынак яўна не пайшоў на карысць.

Вывад з Беларусі ядзернай зброі быў вельмі жорсткай памылкай. Пра гэта заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка ў ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.



Беларусы адгулялі чатыры дні Радаўніцы. Для кагосьці гэта былі прыемныя клопаты. А некаму такі працяглы адпачынак яўна не пайшоў на карысць.

Вывад з Беларусі ядзернай зброі быў вельмі жорсткай памылкай. Пра гэта заявіў журналістам Аляксандр Лукашэнка 14 красавіка ў ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.

«Я лічу, што вывад з Беларусі ядзернай зброі на тых умовах, як гэта было ажыццёўлена нашымі нацыяналістамі і Шушкевічам, гэта было вельмі жорсткай памылкай. Мне яшчэ давялося падпісваць гэты дагавор, таму што дзецца было няма куды: на мяне націскалі і Расія, і амерыканцы — выводзьце, выводзьце, таму што паабяцалі. Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы ўрэшце павінны былі добра прадаць», — прыводзіць словы Лукашэнкі тэлеканал СТВ.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь вывела ядзерную зброю пад гарантыі бяспекі з боку вядучых ядзерных дзяржаў. «Цяпер нам і гэтай бяспекі не гарантавалі, і мы дабіваліся яе праз пот і кроў. Мы ж вывелі гэту зброю! Калі б у нас была гэта зброя, з намі б цяпер па-іншаму размаўлялі. Добра, вывелі. Дык гарантуйце нам бяспеку. Не», — растлумачыў сваю пазіцыю Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі застаўся высокаабагачаны ўран, сотні кілаграмаў фактычна зброевага і менш абагачанага. «Мне ўжо які год запар гавораць: вывозьце гэты ўран. Хочаце — у Амерыку, мы вам заплацім, хочаце — у Расію. Я кажу: «Па-першае, чаму вы нам дыктуеце? Гэта наш тавар, мы яго трымаем пад кантролем МАГАТЭ. Мы не збіраемся рабіць брудныя бомбы ці камусьці прадаваць. Мы выкарыстоўваем гэты ўран у даследчых мэтах». Мяне цяпер прыперлі да сценкі, нож да горла — аддай. Я кажу, што ўжо аддалі ў свой час ядзерную зброю, а што мы ад гэтага маем?» — заявіў прэзідэнт.

Зразумела, такі «тавар», як ядзерная зброя, вельмі дорага каштуе. З іншага боку, Лукашэнка нарэшце ўзгадаў пра абавязкі Расіі і Амерыкі лічыцца з суверэнітэтам Беларусі. Але такія заявы ў той час, калі нам, здаецца, ніхто не пагражае, могуць паставіць краіну ў адзін шэраг з Паўночнай Карэяй, Іранам і іншымі распрацоўнікамі «мірнага атаму». Тым больш, што даўно вядома: «мірнага атаму» не бывае. Затое санкцыі за распрацоўку ядзернай зброі — цалкам канкрэтныя і адчувальныя.

З іншага боку, перад нашым народам прэзідэнт зноў паставіў глабальныя задачы. Экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў наступнай пяцігодцы павінен быць павялічаны ў 2,5 разы, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 13 красавіка Брэсцкую вобласць.

«Сёлета ў нас будзе экспарт сельгаспрадукцыі пад 3 мільярда долараў. І гэта толькі пачатак, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Неўзабаве мы павінны выйсці на 6–7 мільярдаў, а потым і на 10 мільярдаў. Гэта для нас дасягальна. І тады нам не трэба будзе стагнаць аб нафце і газе».

Гэта нагадвае анекдот яшчэ савецкіх часоў: «Як можна слану зарабіць грыжу? Трэба прымусіць яго падняць сельскую гаспадарку». Цікава, як у нас будзе экспарт прадукцыі на 6–7 мільярдаў долараў, а ў перспектыве і 10 мільярдаў? Няўжо ўсе ўжо забыліся на цукровыя, малочныя, мясныя войны з Расіяй? А акрамя Расіі нашая прадукцыя наўрад ці каму патрэбная. Вядома, што ў той да Польшчы сваё мяса ёсць, і пры гэтым значна танней і якасней за беларускае. Здаецца, Лукашэнка выдае пажаданае за дзейснае.

Тым часам працягваецца змаганне за аўтамабілі. У Цэнтрвыбаркам 14 сакавіка перададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму супраць павелічэння мытных пошлін на аўтамабілі. Ініцыятарам выступіла Партыя БНФ. На рэферэндум выносіцца пытанне: «Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру мытных пошлін на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?»

На працягу месяца Цэнтрвыбаркам павінен праверыць законнасць стварэння ініцыятыўнай групы і прыняць рашэнне адносна яе рэгістрацыі. Рашэнне ЦВК будзе выносіць з улікам заключэння Міністэрства юстыцыі аб тым, ці можа гэта пытанне разглядацца на рэспубліканскім рэферэндуме.

У выпадку рэгістрацыі ініцыятыўнай групы рэферэндум можа прайсці ў чэрвені 2010 года.

У кіраўніцтве партыі лічаць, што пагадненне наконт стварэння Мытнага саюза, падпісанае 27 лістапада 2009 года ў Мінску кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі, «ігнаруе інтарэсы значнай часткі грамадзян Беларусі, для якіх уваходжанне ў сілу падпісаных дакументаў пацягне пагаршэнне асабістага матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі са значным павышэннем мытных тарыфаў і, адпаведна, цэн на важныя катэгорыі тавараў, у прыватнасці на легкавыя аўтамабілі».

Раней Янукевіч заявіў, што ініцыятыўная група зможа сабраць больш за мільён подпісаў грамадзян у падтрымку рэферэндуму, а не толькі неабходныя паводле закону 450 тысяч.

І яшчэ нехта зарання прагнуўся пад уладу. Тым часам, калі ніякія дакументы па кантролі за сеткай інтэрнэт у Беларусі не распрацаваныя, беларускія правайдэры ўжо гатовыя кантраляваць трафік інтэрнэт-карыстальнікаў. Прынамсі кампанія «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» (брэнды «Атлант Тэлекам» і «Шпаркі дамавік») гатова аказваць паслугі сваім кліентам па фільтрацыі інтэрнэт-трафіку ўжо цяпер. Пра гэта паведаміў 14 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску генеральны дырэктар ЗП «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» («АЛС») Ігар Сукач.

Патрабаванні фільтрацыі сеткавага трафіку па запыце абанентаў інтэрнэт-правайдэры павінны будуць здзяйсняць з 1 ліпеня ў мэтах выканання ўказа прэзідэнта № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт».

Аднак, як заявіў Сукач, «Атлант Тэлекам» гатовы ажыццяўляць блакаванне непажаданага кантэнту па заяўцы карыстальнікаў дзякуючы ўкараненню праграмных рашэнняў аднаго з найбуйнейшых расійскіх распрацоўшчыкаў антывірусаў кампаніі Dr.Web.

Цікава, колькі абанентаў у гэтым выпадку сыдуць з «Атланта»?

Каментаваць