Здымак-сімвал

Хрэстаматыйны здымак з выявамі савецкіх салдатаў, якія ўсталёўваюць сцяг Перамогі на карнізе Рэйхстагу на фоне заваяванага Берліна ў маі 1945 года, добра вядомы ва ўсім свеце, а на постсавецкай прасторы — ці не кожнаму.



Хрэстаматыйны здымак з выявамі савецкіх салдатаў, якія ўсталёўваюць сцяг Перамогі на карнізе Рэйхстагу на фоне заваяванага Берліна ў маі 1945 года, добра вядомы ва ўсім свеце, а на постсавецкай прасторы — ці не кожнаму.

Шмат хто прыгадае імёны сцяганосцаў, сяржантаў, Герояў Савецкага Саюза Міхаіла Ягорава і Мелітона Кантарыі. Такая ўжо роля вобразаў і знакаў-сімвалаў, увасобленых выразнымі сродкамі розных відаў мастацтва. Напрыклад, загаварыўшы пра асваенне Луны — адразу прыгадваем кадры высадкі на яе паверхню амерыканскіх астранаўтаў або савецкі лунаход. Як вобразны знак ЗША — непазбежна ўсплыве ў свядомасці статуя Свабоды. Перанясемся ў думках у Японію — і ўяўляем сабе абрысы гары Фудзіяма, апетай у традыцыйных японскіх жывапісе і графіцы.

Сёння, напярэдадні Дня Перамогі, дарэчы звярнуцца да знакамітых фотаздымкаў карэспандэнта ТАСС Яўгена Халдзея. Яны — вобраз-сімвал, у якім рэальныя падзеі выступаюць асновай сюжэта. Гісторыя іх стварэння, асабліва ў апошнія гады, не з’яўляецца таямніцай. Аўтар здымкаў прыгадваў, што адбывалася 2 мая 1945 года, праз паўтары дні пасля рашучага штурму Рэйхстага: «Нас там было чацвёра, але я добра памятаю кіяўляніна Аляксея Кавалёва, які прывязваў сцяг. Я доўга яго фатаграфаваў у розных позах. Памятаю, што мы ўсе тады добра змерзлі... Нам дапамагалі старшына Абдулхакім Ісмаілаў з Дагестану і мінчук Леанід Горычаў».

Бачым, не абышлося без нашых землякоў, а шчасліўчыкамі выпала стаць ваярам з бліжэйшай часткі, разведроты 82-й гвардзейскай стралковай дывізіі. А дзе ж Ягораў і Кантарыя? Як мяркуюць гісторыкі, з пачатку штурму будынку ўвечары 30 красавіка, калі невялікія групы савецкіх салдат прабіваліся ў яго пад агнём фашыстаў, у розных яго частках было змешчана да 40 вялікіх і малых сцягоў: проста кавалкі чырвонай тканіны, часам прымацаваныя да тронка рыдлёўкі ці адламанай аканіцы. Настолькі моцным было жаданне паставіць кропку ў ненавіснай вайне.

Толькі каля 3-й гадзіны ночы 1 мая Ягораў з Кантарыем і зампаліт батальёна 150-й дывізіі лейтэнант Аляксей Бераст усталявалі афіцыйны «сцяг № 5» — адзін з дзевяці, загадзя падрыхтаваных камандаваннем 3-й арміі 1-га Беларускага фронту для дзевяці дывізій, што штурмавалі цэнтральныя раёны нямецкай сталіцы. Яго і замацавалі ля коннай скульптуры Вільгельма І на ўсходнім фасадзе Рэйхстага.

Таму Ягораў, Кантарыя і Бераст не былі першымі, хто ўвайшоў у Рэйхстаг са сцягам. Сфатаграфаваць іх, як і першых сцяганосцаў, у тлуме і гвалце змагання ў ноч з 30 красавіка на 1 мая было немагчыма. Але пастановачны здымак, зроблены Халдзеем 2 мая з іншымі, таксама рэальнымі ўдзельнікамі штурму, дасканала перадаў агульнае і значнае, выказанае знакамітымі словамі Аляксандра Твардоўскага:

Бой идет святой и правый,
Смертный бой не ради славы —
Ради жизни на земле…


Праўда мастацкага здымка супала з праўдай гістарычнага моманту.

Калі вам выпадзе трапіць у Рэйхстаг наведвальнікам-госцем, як гэта красавіцкімі днямі 2009 года адбылося з групай беларускіх журналістаў, запрошаных фондам імя першага канцлера пасляваеннай Заходняй Германіі Конрада Адэнаўэра, вас напэўна многае здзівіць. Асабліва востра гістарычныя кантэксты чытаюцца ў юбілейным 2009 годзе — калі ФРГ спаўняецца 60 год, а падзенню сцяны, што падзяляла савецкі і заходнія сектары Берліна, — 20.

«Жыццё на зямлі», здабытае савецкімі салдатамі, адбудоўвалася ў раз’яднанай Германіі па-рознаму. У ФРГ ужо ў 1953 годзе быў адноўлены ўзровень даваеннага дабрабыту, колькасць насельніцтва да часу аб’яднання краіны вырасла з 40 да 60 мільёнаў. ГДР атрымала іншыя дасягненні. Самы высокі ўзровень насычанасці грамадства службоўцамі «Штазі», міністэрства дзяржбяспекі — 1 на 150 грамадзян (нават у СССР 1 супрацоўнік КДБ прыпадаў на 597 жыхароў). І скарачэнне ўласнага насельніцтва за 40 год існавання з 18 да 16 мільёнаў, нягледзячы на жалезную заслону і Берлінскую сцяну.

Германія пасля 9 мая 1945 года атрымала два ўрокі, цвёрда засвоеныя грамадствам. Прышчэпку супраць фашызму. Таму ў Рэйхстагу, які з 1999 года стаў наноў месцам пасяджэнняў Бундэстагу, парламенту аб’яднанай Германіі, экскурсавод пакажа гасцям надпісы, пакінутыя салдатамі пераможнай Савецкай Арміі.

Сведчанні часу, урокі гісторыі, немцы імкнуцца захаваць, каб не паўтараць трагічныя памылкі мінулага. Насупраць логіцы забыцця — надпісы, поўныя драматызму, радасці, гневу, розных пачуццяў, што ўздымаліся ў сэрцах воінаў у майскія дні 1945 года, — зберагаюцца як сродак абароны супраць вяртання ў таталітарнае мінулае. Магчыма, для вас спецыяльна звернуць увагу на радкі: «Тут быў беларус Ванькевіч». І распавядуць гісторыю, як ужо ў 1990-я гады супрацоўнікі сучаснага Рэйхстагу, якія вывучаюць яго гісторыю, адшукалі і запрасілі ў Берлін пскавіча Міхаіла Мініна — таго, хто першым увечары 30 красавіка 1945 года ўвайшоў у будынак і замацаваў пераможны сцяг над парадным фасадам Рэйхстагу на кароне алегарычнай скульптуры «Германія».

Таму не дзіва, што ўсе савецкія мемарыялы — і знакаміты Воін-вызваліцель у Трэптаў-парку, і помнікі палеглым салдатам у Ціргарцене і Шонхольцэр-Хайдзе — дагледжаны і шануюцца, адрэстаўраваны і прыведзены ва ўзорны парадак. Немцы засвоілі ўрок недаравальнасці ідэй нацыяналістычнага рэваншу, з якімі Германія распаліла другую сусветную вайну.

Але ёсць і іншы ўрок — недапушчальнасці таталітарызму, адваротнага боку фашысцкага медаля, урок, які немцы засвоілі цягам драматычных 45 год паваеннай гісторыі, падзелу і ўз’яднання краіны, досведам рознага жыцця — стваральнага адраджэння ў ФРГ і таталітарнага падпарадкавання асобы дзяржаўнай машыне ў ГДР.

Гэта другая частка ўрокаў свабоды і гуманізму, атрыманых і засвоеных немцамі пасля вайны. Ці можа гэты змест быць прачытаны і намі, нашчадкамі «краіны-пераможцы», пры поглядзе на знакаміты здымак Яўгена Халдзея? Ці можам мы адчуць, што падзенне фашызму было трыумфам чалавечнасці над дыктатурай і прыгнётам? Пэўна, так, але давядзецца прызнаць, што да шляху ўсталявання дэмакратыі і грамадзянскай свабоды, як да аднаго з магчымых вынікаў другой сусветнай вайны, мы можам звярнуцца толькі праз дзесяцігоддзі па яе завяршэнні. І толькі пры ўмове агульнанацыянальнага засваення таго другога ўроку, які скарыстала пераможаная Германія. Прышчэпкі супраць кожнай формы таталітарызму.

Каментаваць