Зэльвенскія кантрасты: 1 снежня, субота

У суботу, бліжэй да абеду, Зэльва заціхае і замірае. Прыехаўшы ў першы снежаньскі  дзень у гэты раённы цэнтр, здаецца, што зэльвенцы альбо пахаваліся ў норы, альбо паўміралі.



На рынку сям-там  яшчэ працавалі гандляры, але пакупнікоў не было. Толькі ў нядзелю з ранку зноў ажыве рынак на некалькі гадзін. Але цяпер – цішыня, якая неяк палохае і  робіць цябе падазроным і чужым  у гэтым гарадку.



З гарадскіх могілак, як на далоні, відаць Зэльвенскае вадасховішча. Яно таксама нейкае сумнае і адзінокае. Сумна і на могілках. Бываючы ў Зэльве, іх мінуць немагчыма, бо там спачывае вечным сном народная беларуская паэтка Ларыса Геніюш.

Наведваю магілу паэткі. Як заўсёды — шмат кветак, вянкоў, свечак.  На доме на Савецкай вуліцы, 7, дзе жыла Ларыса Антонаўна, няма мемарыяльнай шыльды. Сапраўдную шыльду сарвалі  работнікі райвыканкама за некалькі дзён да святкавання 100-гадовага юбілею паэткі ў жніўні 2010 года. Але замест яе творчая беларуская інтэлігенцыя прымацавала  папяровую. Пэўны час яна вісела на хаце, дзе жылі Ларыса і Янка Геніюшы, але сёння і папяровай не было. Сарвалі і яе вертыкальшчыкі.

Затое ў цэнтры Зэльвы насупраць райвыканкама з паднятай рукой стаіць помнік Леніну. Праўда, твар яго нагадвае не правадыра сусветнага пралетарыяту, а нейкага монстра.

За монстрам у цэнтральным скверыку таксама ёсць помнік… жарабяці. Чаму жарабяці? Ды таму, што ў канцы XYIII — пачатку  XIX стагоддзяў у Зэльве праходзілі Ганненскія кірмашы. На гэтых кірмашах прадавалі самы розны тавар з Расіі, Украіны, Польшчы, Балканаў, але найбольш гандлявалі ў Зэльве коньмі. Конскі торг — адна з характэрных рыс Ганненскага кірмашу. У асобныя гады ў Зэльве прадавалі па некалькі тысяч коней. Таму зэльвенскія вертыкальшчыкі і паставілі помнік жарабяці. Відаць, на помнік добраму каню не хапіла грошай.  Вось і стаіць жарабя ў цэнтры Зэльвы. А шыльду Ларысы Геніюш нахабным чынам зрываюць з дому, дзе яна жыла. Такі там кантраст.



У цэнтры пасёлка, як і ў савецкі час, кідаецца ў вочы ўнівермаг. Абмінуць яго нельга. Заходжу туды. На першым паверсе — як і сорак гадоў таму, выбар тавараў даволі сціплы. Але мягкіх дзіцячых цацак  шмат, быццам іх выпускаюць ва ўнівермагу.  Пытаюся ў гандлярак: чаму ў вас такі сціплы асартымент тавараў? Адна з жанчын адказвае: “Нашай вялікай вёсцы і гэтага хапае!.

 



Можа і так. Зэльвенцам лепш відаць. Але мне неяк нязвыкла. Сярод сякіх-такіх тавараў убачыў і кружкі. На іх напісана “Ганненскі кірмаш у Зэльве. Кошт — 31.100 рублёў. Дарагавата!

Побач з універмагам — рэстаран. Вырашыў паабедаць. Заходжу на другі паверх. Цішыня. І раптам чую жаночы голас: “Рэстаран не работает. “Чаму? — пытаюся. “У нас спецзаказ, — адказвае. “Што за спецзаказ?, — цікаўлюся. “У нас — свадзьба, — адказвае кабета. Сапраўды, сур’ёзны спецзаказ. Больш у цэнтры Зэльвы знайсці месца, каб у суботу паабедаць, не ўдалося.
 

Каментаваць