Жыццё — гэта не толькі газ

Пакуль афіцыйны Мінск і Крэмль спрачаліся, хто каму вінаваты за газ і за транзіт, жыццё ў Беларусі ішло сваім шляхам. За газавымі спрэчкамі не бачна, але беларусы адзначылі памятную дату: дзень пачатку вайны, якую на тэрыторыі былога СССР называюць Вялікай Айчыннай. І, адначасова, адзначаўся дзень народзінаў выбітнага грамадзяніна Беларусі — Васіля Быкава.



Пакуль афіцыйны Мінск і Крэмль спрачаліся, хто каму вінаваты за газ і за транзіт, жыццё ў Беларусі ішло сваім шляхам. За газавымі спрэчкамі не бачна, але беларусы адзначылі памятную дату: дзень пачатку вайны, якую на тэрыторыі былога СССР называюць Вялікай Айчыннай. І, адначасова, адзначаўся дзень народзінаў выбітнага грамадзяніна Беларусі — Васіля Быкава.

22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 69-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яны пачаліся ў гадзіну ночы з прэм’ернага паказу карціны «Брэсцкая крэпасць». Гэты поўнаметражны фільм пра гераічную абарону цытадэлі створаны расійскай кампаніяй «Цэнтрал Партнёршып» і кінастудыяй «Беларусьфільм» па заказе Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Па традыцыі ў памяць аб загінулых воінах былі спушчаны вянкі на ваду Буга, ускладзены вянкі і кветкі да Вечнага агню. Завяршыў мерапрыемствы канцэрт-рэквіем «Вахта памяці».

Але значна большую справу зрабілі прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый, актывісты кампаніі «Гавары праўду!». За прысваенне вуліцам Мінска і Гродна імя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава сабрана 70 тысяч подпісаў грамадзян. За перанайменаванне вуліцы Ульянаўскай у Мінску і прысваенне адной са станцый сталічнага метро, якія будуюцца, імя народнага пісьменніка Беларусі сабрана 65 тысяч подпісаў, а за перанайменаванне вуліцы імя Парыжскай Камуны ў Гродне — 5 тысяч подпісаў.

Такія вынікі здзівілі нават самога арганізатара кампаніі, паэта Уладзімера Някляева. Чаму? Таму што падчас кампаніі збору подпісаў планавалася да 22 чэрвеня сабраць у Мінску не менш як 50 тысяч, а ў Гродне — не менш чым 5 тысяч подпісаў. Такім чынам, подпісаў было сабрана больш на 15 тысяч.

Як адзначыў Някляеў, вынікі акцыі ўразілі яго не толькі колькасцю подпісаў, але і «велізарнай зацікаўленасцю грамадзян праблемай увекавечання памяці Быкава, якая набыла агульнанацыянальны характар».

Да 3 ліпеня арганізатары збору подпісаў правераць падпісныя лісты і падрыхтуюць іх для перадачы ў гарадскія саветы Мінска і Гродна.

Дарэчы, на тыдні арыгінальную акцыю прыдумала Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Чымсьці яна падобная на кампанію «Гавары праўду!», але толькі ў значна вузейшых колах. Начальнік упраўлення па наркакантролю і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі Аляксандр Гаўрылаў на прэс-канферэнцыі 22 чэрвеня заклікаў грамадзян узяць актыўны ўдзел у акцыі «Скажы, дзе гандлююць смерцю!». Яна право­дзіцца 24 чэрвеня па ўсёй краіне па ініцыятыве МУС пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і цэнтральнага камітэта БРСМ.

24 чэрвеня з 8.00 да 18.00 ва ўсіх абласных цэнтрах працавалі гарачыя лініі, па якіх можна было паведаміць, у тым ліку ананімна, пра наркагандляроў, а таксама пра месцы распаўсюджання, захоўвання ці спажывання наркатычных і псіхатропных рэчываў.

Паводле слоў Аляксандра Гаўрылава, у выніку праведзенага ў 2009 годзе апытання ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах краіны высветлілася, што многія навучэнцы і студэнты «ведаюць, дзе і хто збывае наркотыкі, але не спяшаюцца дзяліцца гэтай інфармацыяй з міліцыяй». Прычынамі такой з’явы прадстаўнік МУС назваў «раўнадушша і абыякавасць».

Карацей, МУС пачаў акцыю «настучы на свайго драг-дылера». Наколькі яна будзе выніковай — казаць цяжка. Вядома, наркаман не будзе «здаваць» таго, у каго ён набывае наркотыкі. А вось камусьці адпомсціць за крыўду вельмі лёгка: пазваніў і сказаў, што твой вораг гандлюе наркатой. І потым гэты небарака будзе доўга даказваць, што ён не вярблюд.

Не можа не радаваць і культурнае жыццё Беларусі — прынамсі, сталіцы. Пасля прыезду і вельмі ўдалага канцэрту «Рамштайна» ў Беларусь пачалі злятацца сусветныя зоркі, нібыта ім тут мёдам намазана. 20 чэрвеня адыграла сваё ў нас Ванэса Мэй. 26 чэрвеня адбудзецца шырока разрэкламаваны канцэрт сэра Элтана Джона. І вось на наступным тыдні пачнецца продаж білетаў на канцэрт сусветна вядомага брытанскага музыканта Джо Кокера.

Канцэрт пройдзе 1 кастрычніка ў «Мінск-Арэне». Джо Кокер выканае песні са свайго новага альбома, а таксама вядомыя хіты — балады «My Father’s Son», «Unchain My Heart», «You Can Leave Your Hat On» і іншыя. Як паведаміў адзін з арганізатараў, дырэктар канцэртнага агенцтва «Карпарацыя забаў» Андрэй Аляксееў, кошт білетаў складзе ад 100 да 300 тысяч, іх можна будзе набыць у распаўсюджвальнікаў. У ліку іншых прадугледжаны білеты на танцпол. Усяго плануецца рэалізаваць прыкладна 10 тысяч білетаў, практычна ўсе — на ўнутраным рынку Беларусі.

А 5 кастрычніка, на задавальненне ўсіх нефармалаў і аматараў «цяжкай» музыкі, да нас завітае «Limp Bizkit».

З павелічэннем культурных мерапрыемстваў у Беларусі працягвае зніжацца рэалізацыя гарэлкі, што таксама не можа не радаваць. Рэалізацыя гарэлкі ў Беларусі ў студзені-маі знізілася на 2,3% у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Продаж гарэлкі склаў 4 млн. 562,7 тыс. дал. Яе доля ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю (у абсалютным алкаголі) склала 45,8% (у студзені-маі 2009 года — 48,6%). Скарачэнне рэалізацыі гарэлкі назіраецца з кастрычніка 2009 года.

Было б, канешне, добра, каб разам са скарачэннем спажывання гарэлкі скарачалася б і спажыванне «пладова-выгадных» вінаў, якія ў народзе завуцца «бырлам». Але ж, на жаль, такога не назіраецца. Пладовых вінаў за студзень-май рэалізавана 6 млн. 765 тыс. дал (на 4,1% больш). Пладовыя віны занялі 30,6% у аб’ёме продажу алкагольнай прадукцыі (у студзені-маі 2009 года — 30,5%).

Каментаваць