Жыццё ў розных краінах

Чым больш чуюцца розныя абяцанні беларускага ўрада пра паляпшэнне дабрабыту беларускага народа, чым больш распрацоўваецца розных праграмаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, тым больш здаецца, што насельніцтва і ўрад жывуць у розных краінах.

На пашыраным пасяджэнні Савета міністраў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, які выкладаў праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011–2015 гады, заявіў, што да 2015 года сярэднюю заработную плату ў Беларусі плануецца давесці да 80% ад узроўню зарплаты ў сумежных еўрапейскіх краінах.



Чым больш чуюцца розныя абяцанні беларускага ўрада пра паляпшэнне дабрабыту беларускага народа, чым больш распрацоўваецца розных праграмаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, тым больш здаецца, што насельніцтва і ўрад жывуць у розных краінах.

На пашыраным пасяджэнні Савета міністраў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, які выкладаў праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011–2015 гады, заявіў, што да 2015 года сярэднюю заработную плату ў Беларусі плануецца давесці да 80% ад узроўню зарплаты ў сумежных еўрапейскіх краінах.

«Пераход на інавацыйны шлях развіцця патрабуе стварэння ўмоў па забеспячэнні належнага ўзроўню заработнай платы для эканамічна актыўнага насельніцтва. Арыенцірам павінна стаць набліжэнне да 2015 года да ўзроўню не менш як 80% ад зарплаты ў сумежных еўрапейскіх краінах», — сказаў Снапкоў.

Так і хочацца пракаментаваць: «Оп-ля! Зноў!» Здаецца, тое самае абяцаў Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2001 годзе — давесці «ў бліжэйшую пяцігодку» заробак да ўзроўню еўрапейскіх краінаў. Сваё ж абяцанне ён паўтарыў напярэдадні выбараў 2006 года. Дзесяць гадоў чакаем выканання абяцанак і ніяк не можам дачакацца.

Паводле слоў Снапкова, неабходна «выключыць утрыманскія настроі, адыходзіць ад ураўнілаўкі», падтрымліваць рэальны ўзровень пенсійных выплат, зыходзячы з росту рэальнай заработнай платы.

Міністр звярнуў увагу, што рост грашовых даходаў прывядзе да росту ўнутранага спажывецкага попыту. У сувязі з гэтым, зазначыў ён, «неабходна стварыць умовы па скарачэнні канцавога спажывання і перанакіраванні часткі грашовых сродкаў у нацыянальнай валюце ў зберажэнні». Для гэтага, паводле слоў Снапкова, неабходна падтрыманне нізкіх тэмпаў інфляцыі.

Мала таго, што пра «выключэнне ўтрыманскіх настрояў» мы таксама неаднаразова чулі. Але як можна гэтыя настроі выключыць? Асабліва тады, калі ўлада нават са скрыпам не пагаджаецца на лібералізацыю ў дачыненні прадпрымальнікаў? Бізнэсоўцы якраз і скіраваныя на «выключэнне ўтрыманскіх настрояў» і на зараблянне грошай сваёй працай. Але ж ліквідацыя шапікаў, абмежаванне на найм працоўных, залішні падатковы ціск ды бюракратычная машына якраз і супярэчаць таму, што сказаў Снапкоў.

Каб не хлусіць сваім грамадзянам, Снапкову трэба было б дакладна фармуляваць свае выказванні. Кштал­ту, «сярэднюю заработную плату ў Беларусі плануецца давесці да 80% ад узроўню зарплаты ў сумежных еўрапейскіх краінах. Напрыклад, ад узроўню зарплаты ва Украіне». Тады б усе ведалі, пра што кажа Снапкоў.

Пакуль беларускія ўрадаўцы лётаюць у аблоках, іх паступова апускаюць на зямлю замежныя калегі. Міжнародны валютны фонд рэкамендуе ўраду Беларусі абмежаваць тэмпы росту заработнай платы. Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс 2 лютага ў Мінску пасля сустрэчы ў беларускім урадзе.

«Мы рэкамендуем ураду ў 2011 годзе прытрымлівацца стрыманай палітыкі адносна заработнай платы», — сказаў Джарвіс. На яго думку, рэзкі рост зарплаты ў 2010 годзе прывёў да негатыўных наступстваў у эканоміцы краіны. «Мы мяркуем, што рост зарплаты прывёў да павелічэння дэфіцыту рахунку наяўных аперацый у канцы 2010 года, і такі ўплыў захаваецца ў 2011 годзе», — зазначыў кіраўнік місіі МВФ. «Нас таксама турбуе, што такое значнае павышэнне зарплаты можа негатыўна адбіцца на канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі», — падкрэсліў Джарвіс.

Вось так. Чым бліжэй «еўрапейскі заробак», тым больш праблем у эканоміцы Беларусі. Можа, трэба было б адмовіцца ад фантазій і паглядзець на свае патрабаванні больш цвяроза?

Тым больш, што 31 студзеня Савет міністраў замежных спраў Еўрасаюза прыняў палітычнае рашэнне пра ўвядзенне візавых санкцый у дачыненні да 158 беларускіх чыноўнікаў і замарожванне іх банкаўскіх актываў у выпадку выяўлення. Аднак Еўропа ўстрымалася ад прымянення да Беларусі эканамічных санкцый.

Хтосьці, можа, і будзе пляскаць у ладкі з нагоды таго, што эканамічных санкцый не будзе. Але спяшацца не трэба. Краіна, супраць якой уведзеныя санкцыі, хоць і візавыя, аўтаматычна трапляе ў спіс больш пільнай увагі замежных інвестараў. Інвестары з краін Еўрасаюза тройчы падумаюць, перш чым укладаць грошы ў праекты ў Беларусі. Еўрапейскія банкі таксама будуць думаць, даваць Беларусі крэдыты ці не даваць. І гэта тычыцца не толькі еўрапейскіх інвестараў і банкаў, а ўсяго сусвету.

Адметная ў гэтым накірунку пазіцыя Расіі. Здаецца, ужо «даціснулі» і «нагнулі» Беларусь па ўсіх пытаннях нафты і газа. Што яшчэ трэба? Не, Расія раптам «патрабуе дзіўнага». Прыкладам, асцярожна, пакрысе, але намякае на дэмакратызацыю.

Расія не падтрымлівае санкцыі супраць Беларусі, аднак масавыя арышты пасля выбараў з’яўляюцца непрымальнымі, заявіў 2 лютага кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.

«Тое, што адбылося пасля завяршэння галасавання, з’яўляецца непрымальным. І Расія выказалася дакладна не толькі таму, што былі затрыманы нашы грамадзяне, а таму, што ў цэлым хваля арыштаў не можа не выклікаць адпаведных эмоцый», — заявіў Лаўроў. «Упэўнены, што вырашаць гэтыя задачы неабходна праз садзейнічанне дыялогу, які ўцягваў бы Беларусь у шматбаковыя працэсы і тым самым дапамагаў бы вызначаць эканамічныя рэформы і ўмацоўваць дэмакратыю», — падкрэсліў Лаўроў.

А зараз — увага. У тым жа спічы Лаўроў выказаў надзею, што беларускія ўлады аператыўна адрэагуюць на патрабаванне Захаду вызваліць арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты, журналістаў і праваабаронцаў, а таксама забяспечыць абарону правоў чалавека і палітычных свабодаў.

А ўвогуле, для таго, каб дабрабыт беларускіх чыноўнікаў не скаціўся б ніжэй плінтуса, усім трэба тэрмінова перайсці ў апазіцыю. Еўракамісія павялічыць падтрымку беларускага грамадства ў чатыры разы — да 15,6 мільёна еўра. Пра гэта заявіў 2 лютага еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле, выступаючы на міжнароднай канферэнцыі донараў «Салідарнасць з Беларуссю» ў Варшаве.

Еўракамісар падкрэсліў: павелічэнне падтрымкі закране найперш няўрадавыя арганізацыі, незалежныя СМІ і студэнтаў.

Паводле інфармацыі Фюле, бю­джэт Еўрасаюза на падтрымку ахвяраў рэпрэсій і іх сем’яў складзе 1,7 мільёна еўра; 1 мільён плануецца штогод накіроўваць на падтрымку незалежных устаноў адукацыі. Еўракамісар зазначыў, што ЕС імкнецца да пашырэння стыпендый у межах студэнцкіх абменаў з Беларуссю.

Так што беларускім эканамістам лепш хутчэй перапрафілявацца ў студэнты, бо веды — гэта не толькі моц, але, аказваецца, і грошы.
 

Каментаваць