Жыхары Светлагорску супраць будаўніцтва заводу беленай цэлюлозы

У Светлагорску адбыўся сход, на якім былі абмеркаваныя праблемы будаўніцтва ў горадзе заводу сульфатнай беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага ЦКК. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, Светлагорскага ЦКК, Мінпрыроды, раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, Беларускага навукова-даследчага цэнтру «Экалогія». Завод павінны будаваць кітайцы.



У Светлагорску адбыўся сход, на якім былі абмеркаваныя праблемы будаўніцтва ў горадзе заводу сульфатнай беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага ЦКК. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, Светлагорскага ЦКК, Мінпрыроды, раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, Беларускага навукова-даследчага цэнтру «Экалогія». Завод павінны будаваць кітайцы.

Як зазначае Вадзім Болбас, старшыня Светлагорскай арганізацыі Партыі БНФ і сябра Сойму, які раней працаваў у лабараторыі экалагічнага кантролю пры Светлагорскай інспекцыі прыродных рэсурсаў, у выпадку будаўніцтва завода значна пагоршыцца экалагічны стан гораду, асабліва вёскі Якімава Слабада, з якой давядзецца адсяляць некалькі прыватных дамоў.

На сходзе было каля пяцісот чалавек. З залі не было ніводнай станоўчае рэплікі. Людзі ў большасці сваёй катэгарычна супраць будаўніцтва, бо гэта будзе шкодная вытворчасць, а ў нашым горадзе і без новага заводу экалагічная сітуацыя вельмі дрэнная ,— распавядае Вадзім Болбас.

На сходзе выступалі кіраўніца Орхускага камітэту Мінпрыроды Беларусі, прадстаўнік НДІЦ “Экалогія з заключэннем пра бясшкоднасць працы заводу для навакольнага асяроддзя; галоўны інжынер Светлагорскага ЦКК з тымі ж высновамі. Галоўны ўрач светлагорскага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пацвердзіў, што, па разліках, прыведзеных прадстаўнікамі НДІЦ і ЦКК, умовы жыцця людзей у Светлагорску і вёсцы Якімава Слабада, якая знаходзіцца ў 500 метрах ад будучага заводу, не пагоршацца.

Людзей пераконвалі, што “зыходзячы з прадстаўленых праектных рашэнняў, пры правільнай эксплуатацыі і абслугоўванні абсталявання, пры рэалізацыі прадугледжаных прыродаахоўных мерапрыемстваў, пры строгім вытворчым экалагічным кантролі негатыўнае ўздзеянне планаванай дзейнасці на навакольнае асяроддзе будзе нязначным.

Тэльман Маслюкоў, сябра Партыі БНФ, прапанаваў прагаласаваць за немэтазгоднасць будаўніцтва заводу ў Светлагорску. Разумнасць гэтай прапановы падтрымалі практычна ўсе ўдзельнікі сходу, у тым ліку і прадстаўніца Орхускага камітэту Мінпрыроды, але вядучыя сходу настойвалі на правядзенні далейшых праектных работ і на абмеркаванні пытання на наступных сходах, і людзі разышліся.

На сходзе прагучала прапанова стварыць грамадскую групу, якая б адсочвала сітуацыю з будаўніцтвам завода. 25 студзеня была створана група ў складзе дзевяці жыхароў Светлагорска і трох жыхароў Якімавай Слабады. Старшынёй групы абраны Т. Маслюкоў, яго намесніцай — настаўніца геаграфіі І. Машук. 26 студзеня дакументы па стварэнні групы былі перададзеныя ў райвыканкам.

Завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы магутнасцю 400 тысяч тон у год плануецца пабудаваць на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату. Мяркуецца, што праектаваць і будаваць завод будуць кітайскія спецыялісты за кітайскі крэдыт у 654,16 мільёна долараў.

Паводле www.narodny.org

Каментаваць