Жыватворны крызіс і час

Апазіцыя павольна адыходзіць ад шокавай тэрапіі ўладаў, зладжанай пасля прэзідэнцкіх выбараў. Па справе аб масавых беспарадках асуджана больш за тры дзясяткі чалавек. Хто застаецца на волі, спрабуюць генераваць новыя планы і праграмы дзейнасці.



Апазіцыя павольна адыходзіць ад шокавай тэрапіі ўладаў, зладжанай пасля прэзідэнцкіх выбараў. Па справе аб масавых беспарадках асуджана больш за тры дзясяткі чалавек. Хто застаецца на волі, спрабуюць генераваць новыя планы і праграмы дзейнасці.

Псіхіка чалавека пасля моцна стрэсу патрабуе часу для адаптацыі, падстройкі і прыняцця новых рэалій. Палітыкі — звычайныя людзі. І праз паўгода, нягледзячы на тое, што ўмовы дзейнасці ні на крок не зрушыліся ў лепшы бок, відаць, пачынаюць адыходзіць ад ступару. Палітычная дзейнасць не буяе (зрэшты такімі тэрмінамі даўно апеляваць не даводзіцца), але, падобна кволай травіне, прабіваецца праз укатаны асфальт рэпрэсій. Найперш тыя, хто на свабодзе, апелююць да неабходнасці вызвалення палітвязняў (правіла: не чакаць пакуль па табе зазвоніць звон у дзеянні). Адзінкавыя сустрэчы, сходы, праграмы. Як бы блюзнерскі ні гучала, але крызіс цэлай краіны штурхае да дзейнасці. Як кажуць, назваўся груздом, лезь у кошык.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў ладзіць паказальныя закупы на рынку і сустрэчы з блогерамі, працягвае руку дыялогу тым, хто «біў яго галавой аб бампер». Лідар Беларускай партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін пераабіраецца старшынёй партыі і заяўляе, што дэмакратычныя сілы разглядаюць варыянты ўдзелу ў парламенцкіх выбарах 2012 года. Эксперты Аб’яднанай грамадзянскай партыі пішуць антыкрызісныя праграмы ўраду. І, вось дзіва, маюць пэўны водгук на сваю дзейнасць.

Праўда, больш дакладна можна пакуль гаварыць пра тое, што ёсць цікаўнасць да сябра партыі, былога кіраўніка Нацбанку, прафесара эканомікі Станіслава Багданкевіча. З ім сустрэўся кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч і нават прапанаваў фармальна-нефармальнае супрацоўніцтва. Прасіў ідэйяў для барацьбы з фінансавым абвалам. Багданкевіч ад супрацоўніцтва адмовіўся і прапанаваў прыцягваць маладых спецыялістаў, якіх, на яго думку, і ў дзяржінстытуцыях хапае. Праўда, гэтым спецыялістам бракуе смеласці, адвагі прыняць рашэнні, «нават калі ёсць пагроза адстаўкі». І тут да месца была рэпліка з залі падчас прэс-канферэнцыі Станіслава Антонавіча на гэтую тэму: калі б толькі пагроза адстаўкі, дык жа турмы...

Багданкевіч сказаў, што Мясніковіч звярнуўся да яго як да свайго былога калегі — у пачатку станаўлення суверэннай Беларусі абодва працавалі на высокіх дзяржаўных пасадах. Былы кіраўнік Нацбанку прынёс падрыхтаваную АГП сціслую антыкрызісную праграму, якая ў шэрагу іншых мер прапануе ўраду: вызначыць рыначны курс беларускага рубля для гандлю на валютнай біржы; звярнуцца ў МВФ па крэдыт у 8 мільярдаў долараў (праўда, каб атрымаць гэты крэдыт, трэба спыніць палітычныя рэпрэсіі і ціск на недзяржаўныя СМІ); распрацаваць праграму рэформаў; дамагацца наўпроставых замежных інвестыцыяў, што, адпаведна, вымагае фармавання станоўчага іміджу краіны, бо хто ж панясе свае грошы ў непрадказальную «апошнюю дыктатуру Еўропы».

Дарэчы, урад Беларусі і Нацыянальны банк 31 мая накіравалі ў Міжнародны валютны фонд зварот аб выдзяленні рэспубліцы стабілізацыйнага крэдыту. Падчас працы місіі будуць разгледжаны пытанні бягучай эканамічнай сітуацыі, абмеркаваныя меры, якія прымаюцца ўрадам і Нацбанкам па стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку, а таксама вызначана магчымасць падтрымкі Міжнародным валютным фондам макраэканамічнай палітыкі, якая праводзіцца ў краіне.

Тым часам лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што партыя гатовая распачаць кампанію па адстаўцы палітычнага кіраўніцтва Беларусі, калі ўлады ў бліжэйшы час не будуць рабіць канкрэтных крокаў па выхаду з крызісу.

«У пятніцу (3 чэрвеня — рэд.) мы перадаём ва ўрад, Нацбанк і афіцыйныя прафсаюзы антыкрызісную праграму, распрацаваную экспертнай групай пад кіраўніцтвам Станіслава Багданкевіча. Дэдлайн — месяц. Калі мы не ўбачым сур’ёзных крокаў, а наша праграма так і застанецца як альтэрнатыва, то пачнём кампанію па адстаўцы палітычнага кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку і Чырвонага дома (гэта Адміністрацыя прэзідэнта — рэд.)», — паведаміў Лябедзька. Антыкрызісную праграму не будуць накіроўваць у Адміністрацыю прэзідэнта, бо, па словах палітыка, «урад і Нацбанк больш легітымныя, чым адміністрацыя».

«Ёсць магчымасць даказаць, што ўрад — гэта ўрад, Нацбанк — гэта Нацбанк. Калі гэты шанец не рэалізуецца, то мы пачнём кампанію, каб існуючая палітычная каманда сышла з палітычнай арэны Беларусі», — заявіў старшыня партыі АГП.

Цягам бліжэйшых двух тыдняў плануецца правесці фокус-групы з рабочымі, моладдзю, работнікамі бюджэтнай сферы, каб не толькі кіравацца сваімі адчуваннямі ў патрэбах насельніцтва, але і рэальнымі фактамі. «Мы хочам максімальнай эфектыўнасці, а не халастых стрэлаў», — падкрэсліў Анатоль Лябедзька.
 

Каментаваць