Жывем паціху…

Безумоўна, цэнтральнай падзеяй тыдня стала тое, што Вікторыя Азаранка выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе — першы з чатырох у сезоне турніраў Вялікага шлема — і ўпершыню ў кар’еры і гісторыі беларускага тэніса стала першай ракеткай свету.

Але цікава было назіраць за Аляксандрам Лукашэнкам, калі ён даведаўся пра перамогу Азаранкі. Ён бегаў з кута ў кут на гарналыжным курорце ў Сочы. І крычаў: «Налівай!» Гэты сюжэт паказалі па большасці цэнтральных тэлеканалаў.



Безумоўна, цэнтральнай падзеяй тыдня стала тое, што Вікторыя Азаранка выйграла адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе — першы з чатырох у сезоне турніраў Вялікага шлема — і ўпершыню ў кар’еры і гісторыі беларускага тэніса стала першай ракеткай свету.

Але цікава было назіраць за Аляксандрам Лукашэнкам, калі ён даведаўся пра перамогу Азаранкі. Ён бегаў з кута ў кут на гарналыжным курорце ў Сочы. І крычаў: «Налівай!» Гэты сюжэт паказалі па большасці цэнтральных тэлеканалаў.

Праўда, варта адзначыць, што ў далейшым было паказана, як Аляксандр Рыгоравіч адзначыў перамогу Азаранкі кубкам гарбаты, якую налілі з тэрмасу. Не ведаю, у каго як, але мне гэтая сітуацыя нагадала сюжэт з Стругацкіх: «Панядзелак пачынаецца ў суботу». Калі Камнаедаў інструктуе Прывалава перад начным дзяжурствам: «Не менш за два разы за перыяд дзяжурства наведайце віварый. Калі наглядчык п’е гарбату — спыніце. Былі сігналы: не гарбату ён там п’е».

Больш за тое, у кадр патрапіў і маленькі Коля Лукашэнка. У сувязі з гэтым журналісты задаліся пытаннем: а што там робіць Коля? Зараз не канікулы, ён павінен хадзіць у школу. Як вядома, з 1 верасня ў Беларусі дзейнічае новы Кодэкс аб адукацыі. У дакуменце ёсць цэлы раздзел, прысвечаны «дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў». У ім, у прыватнасці, сказана, што атрымаць пакаранне школьнік можа за «спазненне або няяўку на ўрокі без уважлівай прычыны». І гэта пакаранне можа быць у выгля­дзе заўвагі, вымовы і нават адлічэння са школы.

А тым часам апазіцыя ў чарговы раз аскандалілася. 31 студзеня журналістаў запрасілі на прэс-канферэнцыю з нагоды падпісання лідарамі дэмакратычнай «кааліцыі шасці» дэкларацыі «Аб грамадскай дыскусіі аб мэтах і формах удзелу беларускай апазіцыі ў выбарах 2012 года». Замест падпісання дэкларацыі аб стаўленні да выбараў прадстаўнікі суб’ектаў апазіцыйнай кааліцыі ледзь не распачалі бойку.

Як кажуць, блакаваў падпісанне агульнага дакумента сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянскай дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, паводле слоў якога, тэкст дэкларацыі быў падрыхтаваны Рухам «За Свабоду», але ўзгоднены не з усімі ўдзельнікамі кааліцыі.

Пасля завяршэння нарады адбылася сутычка паміж Рымашэўскім і каардынатарам кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандрам Фядутам. Рымашэўскі, нібыта, абразіў Фядуту, а той у адказ даў яму выспятка ў азадак. І толькі калегі па кааліцыі разнялі гэтых «байцовых пеўняў».

Сапраўды, зладзіць на голым месцы скандал, ды яшчэ перад журналістамі, — трэба мець шмат розуму. Зараз я разумею кіраўніка краіны, які казаў, што іншай апазіцыі яму не трэба.

А тым часам Беларусь жыве сваім жыццём. Па выніках 2011 года рост спажывецкіх цэн у Беларусі аказаўся ад 12 да 54 разоў большы, чым у іншых краінах былога СССР.

За год цэны павялічыліся ў Беларусі на 108,7%, ці ў 2,09 разу. У астатніх краінах гэты паказчык не дасягнуў двухзначнай велічыні. У Таджыкістане цэны павысіліся на 9,3%, у Малдове — на 7,8%, Казахстане — на 7,4%, Расіі — на 6,1%, Кыргызстане — на 5,7%, Азербайджане — на 5,4%, Туркменістане — на 5,3%, Арменіі — на 4,7%, Украіне — на 4,6%, Латвіі — на 4%, Эстоніі — на 3,7%, Літве — на 3,4%, Грузіі — на 2%.

Такім чынам, рост цэн у Беларусі перавысіў рост цэн у Таджыкістане ў 11,7 разу, Малдове — у 13,9, Казахстане — у 14,7, Расіі — у 17,8, Кыргызстане — у 19,1, Азербайджане — у 20,1, Туркменістане — у 20,5, Арменіі — у 23,1, Украіне — у 23,6, Латвіі — у 27,2, Эстоніі — у 29,4, Літве — у 32, Грузіі — у 54,4 разу.

З 1 лютага 2012 года абанентам сетак сотавай сувязі стала даступная паслуга пераносу абаненцкага нумара (mobile number portability; MNP). Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

«Паслуга пераносу абаненцкага нумара дазваляе абаненту захаваць свой нумар пры пераходзе ад аднаго аператара сотавай рухомай электрасувязі да другога. Для гэтага абанент падае аператару-донару заяву на аказанне паслугі пераносу абаненцкага нумара на падставе якога, пры адсутнасці запазычанасці і нявыкананых абавязацельстваў з боку абанента, у базе звестак перанесеных нумароў афармляецца запыт аб аказанні гэтай паслугі», — растлумачылі ў Мінсувязі. Пасля гэтага абанент павінен заключыць дагавор з новым аператарам.

Як зазначаюць у Мінсувязі, перанос абаненцкага нумара павінен займаць не больш як тры працоўныя дні. Абанент мае права на працягу 30 дзён з моманту падачы гэтай заявы да звяртання да іншага аператара адмовіцца ад паслугі і аднавіць абслугоўванне па дагаворы і абаненцкага нумара ў аператара-донара. Пераходзіць да іншых аператараў з захаваннем нумара абаненту будзе можна не часцей, чым раз на 90 дзён.

Пры званку абаненту з перанесеным нумарам той, хто звоніць, будзе папярэджаны галасавым паведамленнем пра тое, што выклік накіроўваецца ў іншую сетку. Пры адпраўцы SMS у іншыя сеткі папярэджанняў выдавацца не будзе.

Паслугу пераносу нумара аказваюць толькі тры GSM-аператары (МТС, life:) і velcom). Яна даступная для ўсіх абанентаў — фізічных і юрыдычных асоб. Але ж за змену аператара абаненту давядзецца заплаціць: на гэты момант у МТС паслуга каштуе 15 тысяч рублёў, у аператара velcom — 79 тысяч рублёў, life:) — бясплатна.

У Беларусі 1 лютага 2012 года максімальныя рознічныя цэны на асобныя маркі цыгарэт павялічваюцца ў сярэднім на 3–15%. Цэны на цыгарэты I цэнавай групы (да 175 тысяч рублёў за тысячу штук) засталіся без змяненняў.

У II цэнавай групе (175–335 тыс. рублёў за тысячу штук) павышаны цэны на цыгарэты: «Monte Сarlo» — на 10% да 5,5 тыс. рублёў за пачак, «COOPER» — на 14,6% да 4,7 тыс., «West» — на 3,3% да 6,2 тыс. рублёў, «Golden Gate» — на 8,9% да 4,9 тыс. рублёў за пачак.

У III цэнавай групе (ад 335 тыс. беларускіх рублёў за тысячу штук) павышаны цэны на цыгарэты: «Winston XS» — на 5,3% да 7,9 тыc. рублёў за пачак, «Winston Super Slims» — на 4,3% да 7,7 тыс. рублёў, «Winston» — на 7,1% да 7,5 тыс., «Glamour Super Slims» — на 4,3% да 7,2 тыс. рублёў, «West Fusion» — на 5,3% да 7,9 тыс. рублёў за пачак.

Устаноўлена максімальная рознічная цана на цыгарэты «Kent Nanotek» — 9,5 тыс. рублёў за пачак.

Істотная прычына для таго, каб кінуць паліць!

Каментаваць