Жлобін. Актывісты судзяцца з райвыканкамам

Грамадскія актывісты са Жлобіна спрабуюць аспрэчыць рашэнне мясцовага райвыканкама пра забарону правядзення пікету, на якім дэмакраты планавалі абмеркаваць з жыхарамі раённага цэнтра заявы прэзідэнта пра мінулыя прэзідэнцкія выбары.

Грамадскія актывісты са Жлобіна спрабуюць аспрэчыць рашэнне мясцовага райвыканкама пра забарону правядзення пікету, на якім дэмакраты планавалі абмеркаваць з жыхарамі раённага цэнтра заявы прэзідэнта пра мінулыя прэзідэнцкія выбары.


“У сакавіку мы заявілі пра правядзенне пікету, на якім планавалася абмеркаваць выказванне прэзідэнта пра фальсіфікацыі на мінулых выбарах, — распавёў мясцовы актывіст, кіраўнік раённай арганізацыі партыі левых "Справядлівы свет" Валер Рыбчанка. — Райвыканкам адмовіў нам у гэтым. Мы падалі ў суд на гэта рашэнне мясцовай вертыкалі.


Замест старшыні Жлобінскага райвыканкама Леаніда Апанасюка на суд з’явіліся юрысты і галоўны ідэолаг раёна Валянціна Нехай. Адказчыкі сведчылі, што праводзіць пікеты Рыбчанка не мае права, паколькі ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне Закона пра масавыя мерапрыемствы (нагадаем, у лістападзе 2011 года Валер адседзеў 14 сутак за арганізацыю Народнага сходу).


“Аднак на момант адмовы ў правядзенні пікету ў службоўцаў з райвыканкама не было дакументаў, якія б пацвярджалі гэта, — кажа Рыбчанка. — Калі ідэолагам і юрыстам задалі пытанне, адкуль стала вядома пра маё затрыманне, яны растлумачылі, што прачыталі гэта ў інтэрнэце. Думаю, што тут нават каментаваць няма чаго.


Як растлумачыў Рыбчанка, суд не паставіў кропку ў гэтай справе, і пасяджэнне па пікеце будзе працягнутае.


Нагадаем, жлобінскія актывісты накіравалі ў снежні запыт у Генпракуратуру, у якім прасілі даць прававую адзнаку выказванням прэзідэнта. У кастрычніку 2011 года кіраўнік дзяржавы заявіў, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі праходзілі, не зыходзячы з беларускага заканадаўства, а "па паняццях Еўрапейскага саюза". Генеральная пракуратура адказала на дадзены запыт адпіскамі.


Паводле сайта “Беларускія рэгіянальныя навіны

 

Каментаваць