Жлобаўцы. Мёры. Клецк. Івянец

Жлобаўцы. Акультурылі радзіму паэткі

Жлобаўцы. Акультурылі радзіму паэткі

У мінулыя выходныя на хутары, дзе нарадзілася знакамітая беларуская паэтка Ларыса Геніюш, адбылася талака. Яна была прысвечана стагоддзю са дня яе народзінаў. У ёй прынялі ўдзел грамадскія актывісты Ваўкавыска, Гродна, Свіслачы, Зэльвы, Мастоў і Мінска. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Мікола Кавальчук з Ваўкавыска. Сваёй руплівасцю ён адшукаў будынак, які ў яго горадзе складзены з бярвёнаў жлобаўскага дома Геніюш. На месцы хутара засталіся толькі камяні фундамента. Удзельнікі талакі павысякалі кусты, скасілі траву, акультурылі былое падвор’е.


Мёры. Кніга пра балота

Плёнам шасцігадовай працы навукоўцаў стала грунтоўная, першая ў Беларусі публікацыя пра балота. Называецца кніжка «Флора і расліннасць рэспубліканскага заказніка «Ельня».

Суаўтарам кнігі стаў гродзенскі біёлаг Алег Созінаў, які абышоў дваццаць тысяч гектараў, каб напісаць раздзел «Флора». Навукоўцы з некалькіх навучальных устаноў зрабілі сапраўды вялікую справу. Апісалі балота, якое мае ўзрост большы за 8 тысяч год. Важнасць гэтага апісання вялікая, як значнасць балота, бо Ельня — важная для птушак (ТВП) тэрыторыя міжнароднага значэння, Рамсарскае ўгоддзе. Тут жывуць каля 100 відаў птушак, 23 з якіх занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Балотны масіў мае вялікае значэнне для тысяч гусей і жураўлёў, якія мігруюць падчас веснавога і восеньскага пралётаў.


Клецк. Пакутнік аб’яднаў народы


Па ініцыятыве каталіцкага касцёла «Святой Троіцы» з нагоды кананізацыі і прылічэння да ліку святых Вялікага мужа славянскіх народаў Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі адбылося набажэнства ў гонар Святога Зыгмунта Фялінскага, які мае паходжанне з роду Вендорфаў, гістарычна звязанага з Ганцаўшчынай. Акрамя імшы, прайшоў сімпозіўм пра значнасць гэтай гістарычнай асобы. Яго ўдзельнікам была арганізавана экскурсія на месца жыхарства і пахавання сям’і Вендорфаў у вёсцы Ясянец Ганцавіцкага раёна. На імпрэзе прамаўлялі прадстаўнікоў Варшавы, Глыбокае, Санкт-Пецярбурга, вучоныя Беларусі. Былі касцельныя спевы, канферэнцыя ў Дольным касцёле і іншае.


Івянец. Цукеркавы фэст

СП «Іўкон» ААТ надумала адрадзіць старадаўні беларускі звычай летніх фэстаў і наладзіла першы цукеркавы фестываль «IVKON». Уся мастацкая яго частка была пабудавана на мясцовых паданнях з прыцягненнем сталічных калектываў — гуртоў «Рада», «Гуда», «Дзівасіл» і іншых. Не згубіліся сярод прафесіяналаў, сказалі сваё адметнае музычнае слова і тытулаваны Ракаўскі «Гасцінец», і пакуль што менш вядомы гурт Івянецкай музычнай школы «Рарог». Аднак дамінантная роля адводзілася вырабам « Іўкона» — разнастайным цукеркам і іншым прысмакам. Да падзеі нарадзілася фестывальная песня, словы якой напісала Антаніна Хатэнка, а музыку — Зміцёр Вайцюшкевіч.

Каментаваць