Зінаіда Цімошак: Запрашаю ўсіх неабыякавых беларусаў прысці на суд 21 студзеня

Зінаіда Цімошак, гераіня артыкула Сяргея Пульшы “Наступ на культуру: кіно не для ўсіх”, які быў днямі апублікаваны, даслала ў рэдакцыю свой водгук на наш матэрыял.



Зінаіда Цімошак


"Шаноўная рэдакцыя, паколькі так склалася, што я ў сувязі з разгонам міліцыяй кіналекторыя пра Слуцкае паўстанне на пэўны час аказалася ў цэнтры падзей, прашу даць магчымасць выказаць мне дадаткова сваю пазіцыю.

Перш за ўсё хачу звярнуць увагу чытачоў, што на самай справе я не з’яўляюся “радыкальнай” асобай. На сумна вядомым суботніку на могілках у 2011 годзе лапаты для дэпутатаў пад відам крыжоў выставіла група людзей, якія не прымалі ўдзелу ў суботніку і насуперак майму жаданню. І кіраўніцтва міліцыі пра гэта добра ведае. Падчас складання пратаколу ў Казловіцкім доме культуры сам начальнік аховы правапарадку заявіў, што ён ведае, што я не належу да радыкальных груповак. Асноўны мой занятак — дапамога случчанам у адстойванні іх правоў.

Разгон культурнага мерапрыемства і пакаранне за яго арганізацыю штрафам асабіста я ўспрымаю як чарговы наступ не толькі на памяць пра Слуцкае паўстанне, але і на культурныя канстытуцыйныя правы. Дзяржава ў асобе Шклярэўскага, суддзі Пастуховай  і пракурора Жукоўскага яшчэ раз падцвердзіла, што беларусы не маюць права на сваю культурную і духоўную спадчыну.

Згодна з артыкуламі нашай Канстытуцыі, культурныя правы забяспечваюцца праз даступнасць агульнадзяржаўных каштоўнасцей. Дамы культуры — гэта таксама агульнадзяржаўная каштоўнасць. Прамы канстытуцыйны абавязак беларусаў — шанаваць і захоўваць культурна-гістарычную спадчыну.

Улада прысабечыла сабе культурныя будынкі і паставіла шклярэўскіх ахоўваць іх ад мірных грамадзян. Каб прымусіць людзей забыць пра тое, што яны — грамадзяне краіны.

Справа ў антыбеларускаці самой міліцыі, суда, пракуратуры і дзяржаўнай ідэалогіі. Справа і ў антыбеларускаці большасці нашай апазіцыі, якая займаецца рознымі справамі, але толькі не змаганнем за самую Беларусь.

Інакш не стаяла б пытанне, пад якімі лозунгамі апазіцыі аб’ядноўвацца. Інакш пад націскам грамадства ў гістарычным Нясвіжы не было б кафэ каля ратушы пад расійскай назвай “У ратуши”.

Справа і ў недастатковай салідарнасці сярод тых, хто змагаецца за права “людзьмі звацца”.

Што датычыцца асабіста мяне, я буду працягваць адстойваць сваё права мець магчымасць берагчы культурна-духоўную спадчыну праз суды вышэйшай інстанцыі. Дарэчы, разгляд справы у Мінскім абласным судзе адбудзецца ў 10 гадзін 21.01. па адрасу г. Мінск, вул. Свярдлова, 3.

Запрашаю ўсіх беларусаў, не раўнадушных да тэмы, прыйсці ў суд і сваёй прысутнасцю пацвердзіць жаданне мець сваю сапраўдную гісторыю".

Каментаваць