«Зялёная гулянка» на роднай мове (шмат фота)

Сядзіба «Верас» на Зэльвеншчыне — адна з самых вядомых аграсядзібаў, і, што вельмі важна, першая ў Беларусі сядзіба-фермерская гаспадарка. Яе гаспадары — Ірына і Міхась Макеі, былі першапраходцамі аграэкатурызму ў Беларусі. Менавіта тут, 13 верасня адбылася «Зялёная гулянка» (Organic party) —  адно з мерапрыемстваў інфакампаніі «Простыя рэчы», якая рэалізуецца беларускім грамадскім аб’яднаннем «Адпачынак у вёсцы» і Міністэрствам спорту і турызму ў рамках праекта ПРААН «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё».



“Зялёная гулянка” у “Верасе” была падзелена на некалькі тэматычных блокаў-участкаў. Адзін з іх — “Смачна есці!” прапаноўваў смачную, экалагічна чыстую ежу, а не фастфуд, выкарыстоўваючы традыцыйныя рэцэпты. 

Другі блок — “Працуй арганічна” — заахвочваў удзельнікаў імпрэзы будаваць жыллё з улікам зялёных тэхналогій і выкарыстаннем экалагічных матэрыялаў, улічваючы пры гэтым энергаэфектыўнасць з выкарыстоўваннем альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. 

Блок “Адпачывай арганічна” расказаў пра магчымасці адпачынку на прыродзе і ў гармоніі з прыродай.

Падчас “Зялёнай гулянкі” на сядзібе адбыўся і “круглы стол”, а таксама прэс-канферэнцыя “Зялёная філасофія — сучаснае і будучае аграэкатурыстычнага бізнесу” з удзелам экспертаў па аграэкатурызму, гісторыка-культурнай спадчыне, арганічнаму земляробству, кіраванню воднымі рэсурсамі, энергаэфектыўнасці і г.д.

На “Зялёнай гулянцы” да вечара працавалі майстры-класы па абрадавай ляльцы, па пляценню, па вырабах з гліны, ткацтву паясоў, вышыванню, пляценню саломкай, па гатаванню караваяў. Дзейнічалі і дзіцячыя школа аграэкатурызму, пляцоўкі для гульняў, трэнінгі па прыродаахоўным заканадаўстве экасертыфікацыі сядзіб, якія правялі сябры ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і БГА “Адпачынак у вёсцы”. Усех гасцей свята шчыра весялілі канцэрты фальклорных калектываў.

“Зялёная гулянка” адбывалася толькі на роднай мове.

Фота аўтара

Каментаваць