Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Зміцера Паліенку накіравалі ў бабруйскую калонію. Падтрымайце палітвязня!

Сацыяльнаму актывісту Зміцеру Паліенку, які мусіць адбыць паўтара гады прысуджанага тэрміну ў сувязі з адменай адтэрміноўкі пакарання, у якасці месца зняволення прызначылі папраўчую калонію №2 у Бабруйску

Дзмітрый Паліенка ў судзе. Фота belapan.com

Пра гэта ПЦ “Вясна” паведаміла 18 красавіка.

У папраўчай калоніі №2 у Бабруйску адбывалі пакаранне і іншыя палітычныя вязні.

Сярод тых, хто ў папярэднія гады ў ПК–2 адбываў тэрміны паводле палітычна матываваных прысудаў, былі фігурант “справы 14-ці” Андрэй Кім, вязні  Плошчы–2010 Зміцер Дрозд і Андрэй Пратасеня, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Таксама ў гэтай калоніі на ўзмоцненым рэжыме адбываў пакаранне па першай крымінальнай справе Андрэй Бандарэнка.  

Зміцер Паліенка, паводле існуючых працэдураў, пасля прыбыцця ў калонію мусіў быць змешчаны ў так званы “каранцін” — закрыты атрад, у якім новыя вязні знаходзяцца два тыдні. За гэты час яны праходзяць медабследаванне, а адміністрацыя вывучае іх справы і прыглядаецца да іх саміх, афармляе ўліковыя дакументы, пасля чаго размяркоўвае па атрадах.

Заклікаем да падтрымкі палітычнага вязня. Дасылайце яму лісты салідарнасці на адрас:

Зміцеру Паліенку

ПК-2, у каранцін,

вул. Сікорскага, 1, г. Бабруйск,

Магілёўская вобласць, 213800

Нагадаем, 7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку выканання пакарання, прысуджанага актывісту судом Цэнтральнага раёна ў кастрычніку 2016 года. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў удзел Паліенкі ў мірнай акцыі — велапрабегу “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка мінулага года і быў гвалтоўна спынены міліцыяй. Такім чынам, з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе, актывіст мусіць адбыць паўтара гады зняволення. Праваабарончая супольнасць Беларусі прыйшла да высновы, што асуджэнне Зміцера Паліенкі непасрэдна сталася вынікам рэалізацыі ім свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, і кваліфікуе сацыяльнага актывіста як палітычнага зняволенага ды патрабуе ад уладаў яго неадкладнага вызвалення.

Паводле spring96.org

Каментаваць