Зміцер Галко — намінант прэміі Святланы Навумавай

Прэмія імя Святланы Навумавай уручаецца з 2012 года. Яна прызначаецца за крэатыўнасць і глыбіню даследавання палітычнага жыцця краіны, актыўнасць і неабыякаваць у грамадскай прасторы. Гэтым разам сярод трох намінантаў у галіне журналістыкі — наш журналіст Зміцер Галко за серыю рэпартажаў з Данбаса.



Зміцер Галко з кібаргамі


Прэмія заклікана стымуляваць дзейнасць палітычных журналістаў, а таксама звярнуць увагу на перспектыўных маладых грамадскіх дзеячаў у Беларусі, падтрымаць цікавыя праекты грамадзянскай супольнасці. Яе арганiзатар — кампанія «Гавары праўду».

Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях: журналістыка (“За грамадзянскую і маральную пазіцыю”), аналітыка (“За глыбіню думкі і навуковую адказнасць”) і палітычная дзейнасць (“Надзея”, уручаецца маладым палітыкам да 35 гадоў). У 2014 дададзена намінацыя “Сацыяльная інавацыя — задума года”.

Права намінавання на прэмію ёсць у кожнага чалавека, палітычнай партыі, грамадскай арганізацыі, рэдакцыі СМІ.

Раней лаўрэатамі прэміі ў намінацыі журналістыка станавіліся: Святлана Калінкіна, шэф-рэдактар газеты "Народная воля"; Андрэй Пачобут, уласны карэспандэнт "Газеты Выборчай" па Беларусі; Зміцер Лукашук, карэспандэнт “Еўрарадыё”;

Прагаласаваць за Зміцера можна ТУТ.

Святлана Андрэеўна была прафесарам ЕГУ на факультэце філасофіі і палітычных навук. Падрыхтавала некалькі дзесяткаў магістраў палітычных навук, многія з якіх з'яўляюцца кіраўнікамі беларускіх НДА.

Як паліттэхнолаг і палітычны кансультант працавала ў выбарчых кампаніях на прэзідэнцкіх выбарах 1994, 2001 і 2010 года, выбарах у Вярхоўны Савет 1995 года, выбарах у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 2000 г. У 1994 годзе атрымала прапанову працаваць у штабе кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, але адмовілася і ўдзельнічала ў камандзе Станіслава Шушкевіча.

У 2009 годзе ў Святланы Навумавай абвастрылася захворванне нырак, якая зрабіла яе прывязанай да працэдуры дыялізу, фактычна інвалідам. Нягледзячы на хваробу, яна стала адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Працавала ў штабе кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева.

Святлана Андрэеўна Навумава памерла 10 сакавіка 2011 года ў Мінску.

Каментаваць