Зміцер Галко: На трэці дзень я перастаў баяцца абстрэлаў

Карэспандэнт газеты «Новы час» Зміцер Галко вярнуўся з усходняй Украіны. Журналіст пабываў у найбольш гарачых кропках на Данбасе ўжо двойчы. Прапануем інтэрв'ю, якое Зміцер даў "Радыё Свабода".



Мінулы раз Галко правёў ва Украіне тры месяцы. Цяперашняя паездка ўдвая карацейшая, але, як ён сам зазначае, па адчуваннях так не скажаш.

— Зміцер, гэтым разам Вы знаходзіліся ва Украіне меней часу, чым пад час папярэдняй камандзіроўкі. Распавядзіце, дзе вы былі гэтым разам?

— Гэта ўдвая карацейшая паездка, хаця па адчуваннях так не скажаш. Я правёў там месяц і тыдзень з хвосцікам. Я мог бы застацца яшчэ, але праз хваробу мусіў вярнуцца. У мяне востры бранхіт і падазрэнне на пнеўманію. Не прайшлі бясследна ночы ў намётах і падвалах. Быў я ў Харкаве, Марыўпалі, а потым Данбас — Дэбальцава, у гэтым раёне. Нарэшце Пяскі — гэта каля Данецкага аэрапорту, то бок самай гарачай кропкі Данбасу. Там база байцоў Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сектар». Пасля Кіеў, натуральна.

— Дзе было найгорш?

— Натуральна, гэта Пяскі. Шчыра кажучы, я проста не ўяўляў сабе, куды еду. Я бываў у небяспечных сітуацыях і часта. Але што такое вайна ў рэжыме нон-стоп, я проста ня ведаў. Я ўпершыню пабачыў, каб абстрэлы не спыняліся ўвогуле. Толькі аднойчы не стралялі цягам дзвюх-трох гадзін, таму я здолеў крыху пагуляць па Пясках. Увесь астатні час — гэта бесперапынныя абстрэлы. Гэта калі выходзіш з падвалу паесці, схадзіць у прыбіральню ці папаліць — і праз колькі хвілінаў мусіш бегчы назад.

— Як выглядае жыццё на перадавой?

— Для жаўнераў распарадак дня выглядае інакш. У іх ёсць нарады. Раней нарад быў 12 гадзінаў, цяпер — суткі. 24 гадзіны правесці ў нарадзе — гэта вельмі складана. Там ёсьць акопы — гэта досыць вялікая тэрыторыя, якую пастаянна абстрэльваюць сепаратысты. Вайкоўцы раз-пораз страляюць у адказ, а так вымушаныя ўварочвацца ад гэтых куляў. Моцна пацеюць ад гэтай бегатні, таму часам распранаюцца, а рэчы трасуць на ветры, каб трохі падсохла. І зноў — бегатня ад куляў. Вяртаюцца адтуль і абмяркоўваюць, дзе ж той снайпер сядзіць, які па іх страляе.

— Што вы адчувалі, калі над галавой ляталі кулі?

— Даволі хутка да гэтага прызвычайваешся. Нават я на трэці дзень перастаў баяцца гэтых абстрэлаў. Кажуць, што гэта яшчэ горш: калі чалавек перастаў баяцца, то лепш яго дадому адправіць. Бо надта гэта небяспечна. Я быў проста з вайскоўцамі ў падвале. У мяне не было нават каскі з надпісам «Прэса», таму яны ўвесь час забываліся, хто я такі. Жаўнеры ўвесь час пыталіся, калі я пайду ў нарад. Каля я з'яжджаў, то адзін вайсковец патэлефанаваў мне і спытаўся: «Колькі ты праваяваў, што цябе адправілі дадому?»

— Ва Украіне прайшлі выбары ў Вярхоўную Раду. Ці адчуваліся выбарчыя жарсці ў зоне баявых дзеянняў?

— Калі пра перадавую казаць, то там насамрэч жывуць у інфармацыйным вакууме. Жаўнеры самі пыталіся ў мяне, хто стаў новым міністрам абароны Украіны. Інтэрнэту там, вядома, няма, але нават мабільная сувязь ёсць мала дзе. Але выбары часам абмяркоўвалі. Для мяне не навіной стаў вялікі адсотак галасоў для «Самадапамогі». Я сустракаў вялікую колькасць людзей, якія збіраліся за іх галасаваць.

— Як успрымаюць украінскія вайскоўцы заявы Лукашэнкі пра Украіну, ці ведаюць пра падзеі ў Беларусі?

— Адметна, што вельмі шмат там размаўлялі пра матч «Беларусь-Украіна» ў Барысаве. Навіну пра тое, што адбылося на «Барысаў-арэне» перадавалі нават па рацыях усім блок-пастам. Пра затрыманні і іншыя дэталі там ужо не ведалі, але ўчынак заўзятараў зрабіў прыемнае ўражанне. А вось што да Лукашэнкі — украінскія жаўнеры пачынаюць разумеюць, што не варта асаблівай увагі надаваць ягоным словам, што ён сёння адно кажа, заўтра другое.

— Вы казалі, што шмат сустрэлі беларусаў на вайне ва Украіне. Чаму яны ваююць?

— Ёсць частка беларусаў толькі паводле паходжання, якія ўжо жывуць там некалькі гадоў, маюць сем’і, лічаць сябе грамадзянамі Украіны. Але ёсць і тыя беларусы, якія ваююць «за нашу і вашу свабоду». Гэтыя людзі ведаюць, што гэтая вайна ёсць і нашай вайной, бо лінія фронту можа быць значна бліжэй. Сярод іх — былы палітвязень, але дзеля ягонай бяспекі ня буду ўдкладняць, хто гэта. Увогуле беларусаў там шмат, у розных добраахвотніцкіх батальёнах. Але лепш ні пра каго не распавядаць.

— А вы ездзілі туды як журналіст ці не толькі?

— Вядома, не. Гэта перадусім маральная падтрымка з майго боку. Каб паказаць ім, што беларусы таксама з імі, таксама іх падтрымліваюць. Хоць вядома, што любы журналіст хоча паехаць у гарачую кропку. Але яшчэ раз паўтаруюся: я не ўяўляў сабе, куды я еду. Там сапраўды небяспечна.

— Ці збіраецеся ехаць яшчэ?

— Пакуль трэба вылечыцца. А там пагляджу, як будуць развівацца падзеі.

— Набліжаецца зіма. У якіх умовах знаходзіцца ўкраінскае войска?

— Умовы там нялюдскія. Я сам з пнеўманіяй вярнуўся. Самае крыўднае, што істотна знізілася валантэрская падтрымка. Усё дагэтуль трымаецца на валантэрах, але грошай пераводзіць сталі значна меней. Гэта заканамерна, бо эканамічная сітуацыя не паляпшаецца, а і так людзі аддалі шмат грошай. Некаторыя валантэры жывуць некалькі месяцаў без заробку, ацяплення, гарачай вады. Там нічога не зроблена, каб жаўнерам было цёпла. Як перажыве ўкраінскае войска зіму — не ведаю.

— Якія ў такіх умовах настроі ва ўкраінскіх вайскоўцаў?

— Прынамсі добраахвотнікі маральна падрыхтаваныя, што правядуць там зіму. Яны чакаюць, што будзе нарэшце праяўленая палітычная воля. Адсюль — вялікая незадаволенасць Кіевам у гэтым сэнсе. Таму што незразумела, чаму яны там знаходзяцца, чаму, напрыклад, няма загаду наступаць.

— Якое было першае ўражанне, калі вярнуліся ў Беларусь?

— Ужо ў цягніку ў Беларусь здзівіла поўная адсутнасць вайны ў размовах беларускіх турыстаў. Гэтыя людзі ехалі з Украіны, нешта ж там рабілі, нешта ж бачылі. Людзей не закранала гэта, быццам бы гэтага няма. Мяне амаль як жаўнера рэзала гэта па сэрцы.

Фота Змітра Галко

svaboda.org

Абмеркаванне:

  • Макс
  • 2014-10-28 20:19:54
Рэспэкт, Зміцер!

Каментаваць