Змова супраць «Уралкалію»?

Пасля гучнага «скасавання шлюбу» паміж «Уралкаліем» і Беларускай калійнай кампаніяй беларускі бок пачаў адкрытую вайну з былым расійскім партнёрам. Арыштаваўшы гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера, беларускія следчыя патлумачылі: ён нанёс шкоды краіне на 100 мільёнаў долараў. Таму і сядзіць у следчым ізалятары.



Калі сцісла пераказваць гісторыю, то напрыканцы ліпеня «Уралкалій» заявіў пра разрыў адносінаў з БКК. Фармальнай падставай стаў указ Аляксандра Лукашэнкі, які надаў калійшчыкам права прадаваць угнаенні па-за межамі БКК. Прычым, тут «Уралкалій» відавочна не меў рацыі, бо сам яшчэ з мінулага года «піхаў» свае ўгнаенні ў абыход той жа БКК праз уласны «Уралкалій Трэйдынг». Але потым Баўмгертнер абвясціў пра фактычны дэмпінг: продаж максімальнай колькасці калійных угнаенняў у шкоду коштам. Гэта абваліла сусветны рынак угнаенняў амаль на 20 мільярдаў долараў. Акцыі калійных кампаніяў пайшлі ўніз, і сам «Уралкалій» «патаннеў» 30 ліпеня на 20%.

Прад’яўляючы абвінавачванні менеджэрам «Уралкалію», Беларусь падкрэслівае, што пацярпелі і іншыя ўдзельнікі рынку. У Следчым камітэце краіны кажуць, што ён валодае фактамі «аб сумнеўных дзеяннях абвінавачаных топ-менеджараў «Уралкалію» не толькі супраць беларусаў, але і супраць расійскіх банкаў, кітайскіх фінансавых структур і многіх іншых замежных партнёраў». На думку следчых, абвал рынка супрацоўнікі «Уралкалію» спланавалі яшчэ ў 2011 годзе.

Схема, на думку Следчага камітэта, выглядала наступным чынам. Супрацоўнікі БКК употай ад беларускага боку рабілі незаконныя зніжкі на прадукцыю асобным пакупнікам, перанакіроўвалі зафрахтаваныя пад беларускі калій судны на загрузку прадукцыяй «Уралкалію», скасоўвалі выгадныя дзеючыя кантракты, абяцаючы партнёрам заключыць іх з «Уралкаліем» па больш нізкіх коштах. «Мэта відавочная — замкнуць на сябе ўсе фінансавыя патокі і асноўных гандлёвых партнёраў на ключавых рынках», — упэўнены ў Следчым камітэце. А калі гэта было б зроблена, то ўвесь продаж ішоў бы праз «Уралкалій Трэйдынг», які на 100% належыць «Уралкалію».

«Беларуськалій» жа апынуўся б без рынкаў збыту. Беларускія чэкісты такога дапусціць не маглі.

У міжнародны вышук аб’яўленыя і іншыя менеджары БКК і «Уралкалію». Нават дзеянням валадара «Уралкалію» Сулеймана Керымава даецца «прававая ацэнка».

Але штосьці ў гэтай гісторыі не стасуецца.

Найперш, не верыцца ў тое, што ў БКК не здолелі заўважыць «скасаванне выгадных кантрактаў» і «перанакіраванне зафрахтаваных пад беларускі калій суднаў» на «Уралкалій». Але адначасова, а менавіта ў перыяд «разводу» паміж БКК і «Уралкаліем», 25 ліпеня дырэктар БКК Валер Іваноў сыходзіць з гэтай пасады і становіцца намеснікам старшыні Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі.

У той час, калі беларускія следчыя «капаюць» пад кіраўніцтва «Уралкалію», той самы Сулейман Керымаў 20 мая сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам і абмяркоўвае сумесную палітыку ў межах БКК. Лукашэнка заяўляе, што «мы будзем умацоўваць нашы дзеянні па адзінстве на рынку калійных угнаенняў».

Але дзеянні чамусьці супрацьлеглыя: «скасаванне шлюбу» і падзенне калійнага рынка.

«Беларуськалій» крыкам крычыць: «Гэта была спроба рэйдарскага захопу нашага прадпрыемства!» Пра той жа «рэйдарскі захоп» кажа і следства, і беларускі агітпроп. Але што, «Беларуськалій» выстаўлены на продаж? Альбо ягоныя акцыі свабодна прадаюцца на рынку? Расія, канешне, не супраць набыць беларускае прадпрыемства, але Лукашэнка яшчэ ў 2010 годзе сказаў: яно каштуе 30 мільярдаў долараў, і прадаваць яго ніхто не будзе. Кропка. Дык пра які рэйдарскі захоп можа ісці гаворка?

А вось што тычыцца самога «Уралкалію», то тут якраз ідзе той самы рэйдарскі захоп. Пасля «разводу» з Беларуссю, як ужо казалася, «Уралкалій» «патаннеў» на 20%. Падчас абвалу фонд Сулеймана Керымава скупае 4,55% акцый прадпрыемства і павялічвае сваю долю з 17,2% да 21,75%. На гэтым абвале Керымаў зэканоміў каля 130 мільёнаў долараў.

У той жа час другі акцыянер «Уралкалію» — кампанія Wadge Holdings Limited, якая валодае 12,5% акцый «Уралкалія», абвяшчае пра змену ўладальнікаў. Яе ўладальнікамі становяцца фонд Сулеймана Керымава і яшчэ два буйнейшых акцыянера «Уралкалію» — Філарэт Гальчаў і Анатоль Скураў.

Такім чынам, спадар Сулейман Керымаў можа лічыцца ўладаром чвэрці «Уралкалію».

Паведамленне аб арышце Баўмгертнера зноў абрынула акцыі расійскага прадпрыемства. За два дні яны ўпалі на 5%. І, магчыма, гэтае падзенне не апошняе, паколькі беларускія следчыя перайшлі ад канкрэтных крымінальных абвінавачванняў на разважанні пра магчымасць арышту маёмасці «Уралкалію» як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

Цікава, колькі гэтым разам скупіць акцый «Уралкалію» Сулейман Керымаў?

Але наўрад ці беларускі бок прыняў рашэнне пра арышт Баўмгертнера без значнай выгады для сябе. Бо арыштаваць чалавека, які прыбыў у Мінск па запрашэнні прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, — гэта як абвясціць вайну. Тым больш, што разам з Баўмгертнерам запрашэнне дасылалася і віцэ-прэм’еру Расіі Аркадзю Дварковічу, а пра візіт гендырэктара «Уралкалію» дамаўляўся, па інфармацыі «Forbes», сам Дзмітрый Мядзведзеў. А калі так, то рашэнне пра арышт прынятае «на самым версе».

Выгада ёсць, і вельмі значная. Калі «Уралкалій» будзе надоўга выведзены з гульні, то на рынку ўзнікне пэўны дэфіцыт калійных угнаенняў. І кошты на іх пойдуць уверх, што адназначна выгадна «Беларуськалію». Немалым дасягненнем будзе нават тое, калі будзе спынены планаваны дэмпінг «Уралкалію» на сусветным рынку калійных угнаенняў, і кошты застануцца хаця б на месцы. Зніжэнне ж кошту калію, якое спецыялістамі прагназавалася ўжо даўно, нанясе значны ўдар па беларускім бюджэце.

Такім чынам, Беларусь зацікаўленая ў дэфіцыце калію на сусветным рынку, чаго можна дамагчыся калі не выключэннем з рынку, то абмежаваннем дзеянняў аднаго з найбуйнейшых гульцоў — «Уралкалію». Памятаеце пра магчымы арышт маёмасці нядаўняга беларускага партнёра?

Няўжо Лукашэнка і Керымаў сапраўды дамовіліся пра рэйдарскі захоп «Уралкалію»?

Каментаваць