Знікаюць наклады незалежных газет

У медыяпрасторы Беларусі працягваюцца дыскусіі вакол таямнічых знікненняў частак накладаў дзвюх незалежных грамадска-палітычных газет — «Наша ніва» і «Вольны горад» (Крычаў), дзе была змешчана інфармацыя пра дакументальны фільм «Хросны бацька», які прадэманстраваў расійскі тэлеканал НТВ.

Якасці гэтай стужкі, галоўным героем якой з’яўляецца дзейны прэзідэнт Беларусі і якую не паказалі ў нашай краіне, пакінем у баку. Але што азначае гэты выпадак са знікненнем часткі тыражу недзяржаўных выданняў?

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько ацэньвае гэту з’яву як адназначна праяву цэнзуры. «З’яўленне артыкула ў газеце выклікала чыёсьці раздражненне, таму частку накладу не прапусцілі. Цікава, што загаловак артыкула быў «Хросны бацька капітуліраваў». Як вынікае, у Беларусі нельга пісаць, што Лукашэнка капітуліраваў, ён павінен толькі перамагаць, таму мы і патрапілі пад гэтую цэнзуру», — адзначыў Андрэй Дынько.

«Мы бачым не толькі канфіскацыю часткі накладу, мы ўвогуле бачым яго знікненне, — звяртае ўвагу намеснік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» юрыст Андрэй Бастунец. — З такой практыкай у Беларусі мы ўжо сутыкаліся неаднаразова, і я думаю, што з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў такія моманты будуць мець месца часцей. Наўрад ці будуць з’яўляцца белыя плямы ў газетах, як гэта было раней. Улады шмат чаму навучыліся, але вось такія незразумелыя знікненні накладаў ці парады супрацоўнікаў друкарняў зняць той ці іншы матэрыял атрымаюць даволі шырокі распаўсюд».

Андрэй Дынько мяркуе, што такім чынам улады спрабуюць прымусіць незалежныя грамадска-палітычныя выданні працаваць у акрэсленых рамках. «Для мяне гэта своеасаблівая праверка на вашывасць — ці будзем мы прымяняць самацэнзуру пасля гэтага выпадку ці не. Мы самацэнзуру прымяняць не будзем», — заявіў галоўны рэдактар «Нашай Нівы».

Трэба дадаць, што знікненне часткі накладу з’яўляецца і нанясеннем матэрыяльнага ўрону названым газетам. А Андрэй Бастунец называе адбытае парушэннем дзейнага заканадаўства, якое мае за мэту абмежаваць свабоду СМІ, і нагадвае, што ў Адміністратыўным кодэксе за гэта прадугледжаны штрафы. Але ці зацікавіць гэтая сентэнцыя беларускія суды, можна толькі здагадвацца.
 
Каментаваць