Знаёмцеся: «Радыё Марыя»

Днямі стала вядома, што з красавіка наступнага года ў нашай краіне пачне працаваць станцыя «Радыё Марыя» — адно з вядучых рэлігійных СМІ ў свеце. Думаецца, што ў Беларусі яно без праблемаў упішацца ў радыёэфір.



Фота з сайта baj.by


Пакуль што пра дэталі праекту можна казаць выключна сыходзячы з невялікага паведамлення на "Радыё Ватыкан": «Праграмы радыёстанцыі, якая будзе ісці на беларускай мове, дазволяць слухачам пазнаёміцца з хрысціянскай навукай. Слухачоў чакаюць трансляцыі службаў з розных каталіцкіх храмаў па ўсёй Беларусі, перадачы культурнай, хрысціянскай і сацыяльнай тэматыкі, музыка, рэпартажы пра важныя падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў розных краінах свету».

Паводле "Радыё Ватыкан", «каб зрабіць «Радыё Марыя» даступным для ўсіх слухачоў, будзе распрацоўвацца радыё-бокс з магчымасцю далучэння да яго 3G-мадэма, — такое рашэнне будзе зручным для людзей, якія мала карыстаюцца інтэрнэтам і не маюць смартфонаў».

Нягледзячы на дэфіцыт больш дакладнай інфармацыі, можна казаць ужо зараз, што прыход «Радыё Марыя» ў Беларусь па сутнасці адкрые новую старонку ў гісторыі беларускіх СМІ. Упершыню слухачы пазнаёміцца з жанрам сапраўднага рэлігійнага радыё.

Радыёстанцыі, чые праграмы прысвечаныя рэлігійнай тэматыцы, узніклі за мяжой яшчэ напачатку мінулага стагоддзя. У некаторых краінах (напрыклад, ЗША), такія станцыі маюць каласальны ўплыў на грамадска-палітычныя працэсы аж да таго, што іх дыджэі выстаўляюць свае кандыдатуры на пасады губернатараў штатаў і прэзідэнта.  Радыёстанцыі фармуюць цэлыя палітычныя лагеры. Так, у 2008 годзе пратэстанцкая кансерватыўная радыёстанцыя "Focus on the Family" з’яўлялася галоўным бастыёнам праціўнікаў абрання Барака Абамы на пасаду прэзідэнта.

Працуюць праваслаўныя радыё ў суседняй Расіі, якія, напэўна маюць сваю аўдыторыю і ў нас. Аднак паўнафарматна ў Беларусі рэлігійныя станцыі ніколі не працавалі.

Перш чым распавядаць пра праект «Радыё Марыя», трэба адразу адзначыць, што ён не мае нічога агульнага з польскім «Радыё Марыя» (Radio Maryja), што, можа, выглядае вельмі дзіўна. Сапраўды, «Радыё Марыя» — пятая па папулярнасці станцыя ў Польшчы, якую слухаюць каля двух працэнтаў палякаў. Тым не менш, у сусветную сетку «Радыё Марыя» польскае СМІ не ўваходзіць. Магчыма, таму, што гэта прыватная станцыя: яе заснаваў у 1991 годзе ксёндз Тадэвуш Рыдчык (Тadeusz Rydzyk). Магчыма, сусветнае «Радыё Марыя» трымае дыстанцыю ад праекту Рыдчыка ў сувязі са шматлікімі скандаламі. За гады існавання праекту на «польскую Марыю» больш за 40 разоў падавалі скаргі. Радыё штрафавалі за антысемітызм, адмаўленне Халакосту, асабістыя знявагі, замаскіраваную рэкламу.

Што тычыцца непасрэдна гісторыі «Радыё Марыя», то яно было заснаванае ў 1983 годзе як прыхадская радыёстанцыя італьянскага горада Аркеласка д'Эрба (Arcellasco d'Erba) правінцыі Кама, непадалёк ад Мілана. Канцэпцыя студыі палягала ў тым, каб інфармаваць парафіян, дапамагаць ім маліца праз трансляцыю імшы. Ад самага пачатку стваральнікі радыё трымаліся прынцыпу — не размяшчаць камерцыйную рэкламу і арыентавацца на ўнёскі прыхаджан. Фактычна, гэта быў грамадзянскі праект.

І ён аказаўся вельмі паспяховым. Чуткі пра прыхадскую станцыю перакрочылі межы Ламбардыі, і хутка падобныя студыі пачалі ўзнікаць у розных кутках Апенінаў. У 1987 годзе лакальныя студыі аб’ядналіся ў асацыяцыю. Адначасова была выпрацавана формула працы і этычны кодэкс.

«Радыё Марыя» вядзе выключна хрысціянскае вяшчанне. Усе праграмы можна падзяліць на тры вялікія фарматы. Амаль траціну эфіру складаюць малітвы, літургіі і г.д. Яшчэ траціну займае выкладанне вучэнняў Касцёла. Для гэтага штодня на наўпроставыя эфіры запрашаюцца святары, якія распавядаюць пра каноны веры і адказваюць на пытанні слухачоў. Трэці блок — праграмы сацыяльнай накіраванасці, якія закліканыя даваць адказы на штодзённыя жыццёвыя пытанні слухачоў. Тэматыка праграм розная — ад псіхалогіі і педагогікі да экалагічных праблем.

Паступова вакол станцыі згуртаваліся валанцёры. Яны вядуць штодзённыя праграмы, дапамагаюць у тэхнічнай працы і рэкламуюць радыё. У апошні час у розных парафіях пачалі з’яўляцца суполкі падтрымкі радыё.

Выхад на італьянскі нацыянальны ўзровень «Радыё Марыя» стаў толькі першым крокам. Пачынаючы з 1990 года філіі радыё імкліва ствараюцца за межамі Італіі. На цяперашні момант радыёстанцыі, якія ўваходзяць у сетку, працуюць у 58 краінах. Пачынаючы з 2000 года перыядычна праходзяць сусветныя кангрэсы ўдзельнікаў і слухачоў праекту.

Што тычыцца нашых суседзяў, то «Радыё Марыя» вядзе трансляцыі ў Літве і ва Украіне. Праўда, ва Украіне гэтае радыё можна слухаць толькі ў пяці абласцях Захаду і цэнтру краіны, уключаючы сталіцу.

Вышэй узгадавалася, што «Радыё Марыя» не мае нічога агульнага з аднайменным праектам ў Польшчы. Аднак гэта не значыць, што сусветнаму «Радыё Марыя» ўдалося цалкам пазбегнуць крытыкі. Галоўным чынам радыёстанцыі дастаецца ад левых і ліберальных СМІ, якія лічаць, што «Радыё Марыя» з’яўляецца рупарам кансерватыўнай фракцыі Касцёла. Гэта, па іх словах, праяўляецца ў тым, што радыёстанцыя не дае эфіру тым, хто падтрымлівае права на эмансіпацыю жанчын, крытыкуе розныя рэакцыйныя групы ўнутры царквы, накшталт ордэна "Opus Dei", выступае супраць неэтычных паводзінаў кліру. Адзін з левых дэпутатаў італьянскага парламента публічна абураўся тым, што «Радыё Марыя» хоча займець манаполію на каталіцызм.

З іншага боку, скандалы вакол «Радыё Марыя» маюць месца ў асноўным у Італіі, дзе гістарычна дзяржава і грамадства доўгі час змагаліся за аўтаномію ад Касцёлу. У іншых краінах «Радыё Марыя» проста працуе ў сваёй нішы. Думаецца, што ў Беларусі яно таксама без праблемаў упішацца ў радыёэфір.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-25 21:22:48
Ёсць версія, што Папа Рымскі Ян-Павел ІІ у маладосці гуляў у шахматы і складаў шахматныя задачы! І ў сучасным Ватыкане многія ведаюць правілы гульні. Нуатут: belisrael.info/?p=5474 усім ахвотным,
каталікам і не, прапануецца ўзяць удзел у літаратурна-шахматным конкурсе да 85-годдзя Уладзіміра Караткевіча...

Каментаваць