Знайшлі вінаватых

За правал «беларускага эканамічнага цуда» адкажуць усе. Калі ўлетку можна было прымаць непапулярныя рашэнні, то зараз настала восень, і прыйшоў час патлумачыць усім, хто адказны за тое, што ў нас выраслі кошты, падае прыбытак, і чаму мы зноў абмяркоўваем неабходнасць дэвальвацыі. Арыгінальнасцю мы не адрозніваемся: ва ўсім вінаватыя ворагі.



Валюта ў краіну не ідзе, таму што вінаватыя «расійскія нягоднікі». Пра гэта, каментуючы сітуацыю з арыштам Баўмгертнера, заявіў Аляксандр Лукашэнка, разглядаючы ў аўторак кадравыя пытанні: «Я ўжо пра гэта публічна выказаўся. Хачу канкрэтызаваць. Сёння ў сувязі з непрыстойнымі дзеяннямі гэтых расійскіх нягоднікаў у нас склаліся пэўныя праблемы з рэалізацыяй калійных угнаенняў».

І растлумачыў: «Пытанне не толькі ў тым, што гэта наша асноўная кампанія (хоць гэта не асноўны падаткаплацельшчык, але вельмі буйны). Пытанне ў тым, што гэта ўсё ж такі калектыў, горадаўтваральнае прадпрыемства, твар нашай краіны. Мы нямала ўклалі працы і сродкаў, каб пасля 80-х і 90-х прывесці ў пачуццё гэта прадпрыемства, горад-прыгажун пабудаваны. І ўвогуле, у нас у краіне шахцёраў, акрамя іх, больш няма», — патлумачыў прэзідэнт.

Тут цікава толькі адно. Калі БКК стваралася ў 2008 годзе, то тады «Беларуськалій» не быў «тварам нашай краіны»? Ці не было ў нас «горада-прыгажуна»?

Калі Аляксандр Лукашэнка персанальна прымаў Керымава ў сваёй рэзідэнцыі і прапаноўваў яму ва ўласнасць цэлую вёску, ён не разглядзеў, што гэта «расійскі нягоднік»?

Мы ўклалі прорву сродкаў, каб стварыць БКК сумесна з «Уралкаліем», дзеля чаго парушылі ранейшую схему Міжнароднай калійнай кампаніі, а зараз што? Прачнуліся?

Трэба ад самага пачатку больш уважліва глядзець на партнёраў. Ці на тых, хто імі ўяўляюцца. Каб потым не было «пакутліва балюча за бессэнсоўна пражытыя гады».

Гэта тычыцца не толькі БКК. Падаецца, што нас з нейкім спазненнем накрыла другая хваля фінансава-эканамічнага крызісу. У той час, як Еўропа з крызісу ўжо выпаўзае, мы далі нырца яшчэ глыбей.

Кіраўнік Мінпрама Дзмітрый Кацярыніч паведаміў, што найбуйнейшыя вытворцы прамысловай прадукцыі сістэмы Мінпрама скончаць 2013 год падзеннем вытворчасці. Паводле яго дадзеных, зніжэнне вытворчасці ў холдынгу «Беларуская металургічная кампанія» складзе 10%, МТЗ — 2,9%, БелАЗ — 7,9%. Холдынг «БелаўтаМАЗ» спрацуе ў нуль.

У якасці апраўдання Кацярыніч спаслаўся на скарачэнне пакупніцкага попыту, зніжэнне цэн на сусветным рынку на сыравінныя рэсурсы, што паўплывала на змяншэнне аб’ёму выручкі вядучых горназдабыўных кампаній і, адпаведна, прывяло да скарачэння закупак кар’ерных самазвалаў.

«Акрамя таго, спад дзелавой актыўнасці на міжнародных рынках металапрадукцыі ў 2013 годзе прывёў да зніжэння коштаў на металапрадукцыю БМК на асноўных рынках збыту СНД і далёкага замежжа. Увядзенне з 1 студзеня 2013 года ў РФ новых экалагічных нормаў Еўра–4 на грузавую тэхніку, зніжэнне ўзроўню мытных бар’ераў у сувязі з уступленнем Расіі ў СГА прывялі да ўзмацнення жорсткасці канкурэнцыі і падзення продажаў на традыцыйных рынках Расійскай Федэрацыі», — наракае міністр.

Выбачайце, а раней пра гэта не ведалі? Ведалі ўсё: і пра тое, што ўступленне Расіі ў СГА прывядзе да ўзмацнення канкурэнцыі. І пра тое, што Расія пяройдзе на Еўра–4, таксама ведалі даўно. Дык чаму ж не прынялі адпаведных захадаў, каб захаваць рынкі? Не здолелі альбо проста не жадалі?

Узнікае ўражанне, што беларускія кіраўнікі альбо надзвычай некампетэнтныя, альбо свядома сабе рылі яму, не зважаючы на элементарныя перасцярогі. Нармальны кіраўнік назірае за тэндэнцыямі рынку, чаго зроблена проста не было. Здаецца, урад папросту закрыў вочы і вушы з надзеяй: «Ану пранясе!» Не пранесла.

Расплачвацца за гэта будуць шараговыя беларусы. Здавалася, калі беларускую прадукцыю грамадзяне не набываюць, значыць, трэба паляпшаць прадукцыю: ад якасці да коштаў. Але ж паляпшаць — гэта не наш шлях. Значна лягчэй папросту забараніць увозіць у Беларусь замежную прадукцыю, каб не заставалася іншага выйсця, акрамя як «купляць беларускае».

Лукашэнка вельмі эмацыйна выказаўся, калі запатрабаваў увесці пошліну для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу дзеля шопінгу. «Нас крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, а нашы людзі да 3 мільярдаў долараў у год вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось я даўно даручыў, аж да таго, што выязджаеш за межы, усё роўна за чым, заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 долараў з носу плаці і едзь за мяжу», — сказаў Лукашэнка.

Калі нашы грамадзяне закупляюць у Еўрасаюзе «барахло, якое мы таксама выпускаем», найперш не пра пошліны трэба думаць, а пра тое, каб не выпускаць барахло.

Але няма большага ворага, чым паслужлівы… Віцэ-прэм’ер Беларусі Пётр Пракаповіч праз пяць дзён заявіў, што пытанне аб выязных пошлінах «разглядаецца ва ўрадзе, мы яго старанна вывучаем». «Разглядаюцца розныя магчымыя формы рашэння пытання. Дзесьці на працягу месяца мы дамо адказы на ўсе пытанні», — сказаў Пракаповіч. Пры гэтым ён запэўніў, што пошліна не закране турыстаў, а будзе дзейнічаць для тых, хто часта ездзіць за пакупкамі з мэтай перапродажу тавараў у Беларусі.

Кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька таксама паспяшаўся «прагнуцца», выказаўшы меркаванне, што выязныя пошліны прадыктаваныя інтарэсамі большасці і не будуць з’яўляцца ўшчамленнем мільёнаў беларусаў. «Не ўсе з’язджаюць кудысьці... Таму гэта не з’яўляецца ўшчамленнем. Калі гэта будзе, гэта не будзе з’яўляцца ўшчамленнем мільёнаў грамадзян», — запэўніў чыноўнік.

А давайце ўвядзем падатак на аўтамабілі — 100 долараў на месяц? Прэзідэнт таксама пра тое казаў, і мільёны людзей аўтамабіля не маюць, гэта не будзе з’яўляцца «ўшчамленнем». Мільёны грамадзян не гадуюць свіней, дык, каб не ўшчамляць тых, хто гадуе жывёлінку, давайце ўвядзем падатак на «бяссвінных»?

Ёсць шмат таго, чаго не робяць мільёны, але гэта не прычына, каб уводзіць падатак на іншых. Прынамсі, мільёны грамадзян не з’яўляюцца мэрам Мінска. Давайце, спадар Ладуцька, вас абкладзем падаткам на мэрства?

Як гэта будзе працаваць, мы яшчэ пабачым. Спадзяюся, прэзідэнт зразумее, што глупства атрымліваецца.

Каментаваць