Зняволены раварыст Зміцер Паліенка: «Беларусь буде вольнай!»

Адзін з нешматлікіх лістоў ад раварыста Змітра Паліенкі, які ўтрымліваецца на Валадарцы, атрымала грамадская актывістка Ганна Шапуцька.
Фрагмент ліста ад Змітра Паліенкі

Фрагмент ліста ад Змітра Паліенкі



У караценькім лісце Зміцер Паліенка не піша пра ўмовы ўтрымання, аднак дзякуе за салідарнасць і за віншаванні з Днём народзінаў: «Спадзяюся, хутка ўсё скончыцца і ўсё будзе добра. Кожны чалавек мае права на свае погляды і на сваю грамадзянскую пазіцыю. І адстойваць іх — гэта не злачынства».

Напрыканцы ліста вязень намаляваў арнамент і вялікімі літарамі напісаў «Беларусь буде вольнай!».

Нагадаем, 29 красавіка міліцыянты разагналі акцыю раварыстаў "Крытычная маса". На двух удзельнікаў акцыі — Змітра Паліенку і Станіслава Канавалава — завялі крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», а ў іх кватэрах правялі ператрусы з канфіскацыяй носьбітаў інфармацыі.

Затрыманым удзельнікам пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Каментаваць