Зноў вайна, а мы стаміліся…

Ну чаму, як толькі наступае зіма, нас клічуць у зямлянкі? Чаму б не заклікаць летам ці напачатку восені? Чаму вайна раптам надыходзіць узімку? Нелагічна ж, ведаючы нашыя зімы, камусьці на нас нападаць у гэты час!
 



Вось і Аляксандр Рыгоравіч, як толькі наступілі халады, распачаў звыклую песню пра вайнушку. «Вы павінны працаваць, як у ваенны час. Я вам даў выразны сігнал, больш за тое — узяў на сябе вялікую адказнасць, падпісаўшы адпаведны дэкрэт, за што мяне малоцяць, пачынаючы ад Амерыкі і заканчваючы Расіяй. Таму я нікому не дарую. Працаваць вы павінны дзень і ноч. Настаў час напружыцца. Таму тэрміны нават не падвяргайце сумненню», — заявіў Лукашэнка падчас наведвання 14 снежня ААТ «Віцебскдрэў».

Сапраўды, дэкрэт № 9 выклікаў шмат пытанняў і шмат крытыкі. Адной з галоўных прэтэнзій крытыканаў было тое, што прымусовая праца дазволеная толькі ва ўмовах ваеннага часу ці надзвычайнага становішча. Пытанне: з кім мы збіраемся ваяваць? Ці не азначаюць словы прэзідэнта, што надзвычайнае становішча неўзабаве будзе?

Бадай, усё гаворыць пра тое, што Лукашэнка імкнецца перавесці краіну на вайсковыя рэйкі. Не ў сэнсе вайны, а ў сэнсе працы. Наведаўшы камвольны камбінат у Мінску, Лукашэнка звольніў кіраўніка гэтага прадпрыемства Святлану Стрыжак, генеральнага дырэктара канцэрна «Беллегпрам» Генадзя Вырко і яго намесніка Андрэя Мытніка.

Кіраваць ААТ «Камволь» Лукашэнка, не зыходзячы з месца, прызначыў галоўнага інжынера прадпрыемства Віктара Гаўрыленку. Ён таксама даручыў да новага года ўнесці прапановы па кандыдатуры новага кіраўніка канцэрна «Беллегпрам».

Звяртаючыся да Віктара Гаўрыленкі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта яго шанс аднавіць прадпрыемства. «Не зробіш — пасаджу! Прабач, што я так кажу, але выбару няма. Але я не хачу, каб ты сядзеў. Ты мне патрэбны тут як дырэктар, і ты павінен зрабіць гэта прадпрыемства, павінен па-гаспадарску разабрацца, як будзе ісці мадэрнізацыя», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама зрабіў папярэджанне ўраду. «Вам з Мясніковічам — гэта апошні званок, — заявіў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі. — Мне вашы апраўданні не патрэбныя! Я сюды не па апраўданні прыехаў. Я добра ведаю, што адбываецца на «Камволі». «Тое, што я тут убачыў, — гэта злачынная безадказнасць. Ну як жа так — разбіта шкло і жанчыны працуюць? Тут і Ладуцька хадзіў, і Сямашка, і Мясніковіч. Гэта злачынства! І яно каральнае».

Здаецца, Рыгоравіча ў чарговы раз «занесла». Каб «пасадзіць» — трэба крымінальнае злачынства, а не загад прэзідэнта. Трэба пракуратура і суд, а не Лукашэнка.

А разбітае шкло на «Камволі», дзе працуюць жанчыны, — гэта максімум адміністрацыйнае правапарушэнне для таго, хто яго разбіў, а не для галоўнага інжынера прадпрыемства. І на месцы галоўнага інжынера я б адмовіўся прыймаць такое незаконнае прызначэнне. Бо захоп пасады па словах аднаго «левага» для «Камволя» чалавека — у гэтым, падаецца, і можа быць склад крымінальнага злачынства.

Такі стыль кіравання сапраўды можа быць апраўданы толькі ў ваенны час, калі трэба прымаць тэрміновыя рашэнні і расстрэльваць дэзерціраў без суда і следства. Але ў нас да расстрэлаў яшчэ не дайшло. Пакуль што толькі здымаюць з пасадаў.

«Апошняе папярэджанне ўраду» за разбітае шкло таксама вельмі прыкольнае. Ну, звольніць Лукашэнка ўрад, адправіць у адстаўку. Але з каго ён сфарміруе новы? Зноў з Сідорскага? Дык таму някепска і ў калегіі па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай супольнасці, тым больш, што там ён мае ранг міністра. Пракаповіча? Дык Пётр Пятровіч і зараз дарадца прэзідэнта па эканамічных пытаннях, і, лічы, сам адказны за правалы ў галіне вытворчасці. Уладзіміру Ярмошыну някепска і на пасадзе дырэктара «Знешэканамбуда», які пабудаваў «Славянскі квартал» ды «Мінск-Арэну». Генадзь Навіцкі з былых прэм’ераў яшчэ застаўся, але чым ён вызначыўся на гэтай пасадзе, ніхто не памятае.

Можа быць, прэм’ерам прызначаць міністра эканомікі Мікалая Снапкова? Бо ён у прамой лініі ў газеце «Рэспубліка» заявіў, што ў наступным годзе зарплата будзе 700 долараў «без праблем». Але ж у той час, калі мы яшчэ на 500 не выйшлі, такога прэм’ера давядзецца звальняць праз паўгода. Віцэ-прэм’ер краіны Анатоль Тозік? Ён больш заклапочаны, як навучыць дзетак плаваць. «У нас у краіне не павінна быць дзяцей, якія не ўмеюць плаваць. Гэта неад’емны кампанент здаровага ладу жыцця і наогул абароны жыцця падрастаючага пакалення», — заявіў Тозік падчас сходу Федэрацыі плавання.

«Мы абавязаны павярнуць насельніцтва да плавання — выдатнага віду спорту, які налічвае 34 алімпійскія дысцыпліны. І гэта ўсё пры адносна невялікіх капіталаўкладаннях», — сказаў Тозік.

Гэта я да таго, чым займаюцца віцэ-прэм’еры ў працоўны час. Плаваннем, а не мадэрнізацыяй прадпрыемстваў.

А вось надзвычайнае становішча сапраўды можа быць абвешчанае. І чарговая вайна можа быць, як звычайна, з Расіяй, і, як звычайна, з-за нафты. Дзесяць дзён да Новага года, праходзіць канец свету, а кантракту на пастаўку нафты на будучы год дагэтуль няма.

Але не ўсё ў Беларусі патыхае нафтай. 18 снежня ў Мінску прайшла прэзентацыя духмянасці «Белая Русь», якую стварыла парфумер з сусветным імем Сафія Гройсман, ураджэнка Беларусі.

Сафія Гройсман брала ўдзел у стварэнні духмянасцяў «Yves Saint Laurent», «Calvin Klein», «Lancome», «Estee Lauder». «Белая Русь» — гэта рабочая назва духмянасці. Сама Гройсман назвала водар «Жаданне прахалоды».

Паводле слоў парфумера і дырэктара Асацыяцыі вытворцаў парфумерыі і касметыкі Уладзіслава Ракунова, духмянасць спачатку здаецца «саладкаватай, але праз некалькі хвілін становіцца паветранай, лёгкай. Гэта пах свабоды, лёгкасці і лунання».

Што тычыцца свабоды, лёгкасці і лунання, то гэта дакладна не пра Беларусь. Таму, здаецца, назва гэтай парфумы ўсё ж будзе аўтарская.

Так што да Новага года аніякіх пературбацыяў не намячаецца. А вось адразу пасля яго могуць быць сюрпрызы. Будзем чакаць, якія, і спадзявацца, што гэта будзе не дэвальвацыя, як у 2009-м.
 

Каментаваць