Зноў вясна, зноў суботнік!

Кіраўніком рабочай групы па правядзенні суботніка з’яўляецца намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пракаповіч. Архітэктар дэвальвацыі будзе зноўку прымаць грошы ў насельніцтва! А здавалася б, 1 красавіка мінула…

 



На будучым тыдні сіноптыкі абяцаюць стойкі «плюс», а грамадзяне рыхтуюцца да правядзення вясенне-пасяўных працаў. Разам з імі рыхтуюцца і ўсе, каго зіма ўжо дастала.

Як паведаміў начальнік упраўлення энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Вячаслаў Шміт, паводле правілаў правядзення ацяпляльнага сезона, ацяпленне ў кватэрах беларусаў адключаць, калі цягам трох дзён сярэднясутачная тэмпература паветра не будзе апускацца ніжэй за +8 градусаў Цэльсія.

Раней для прыняцця рашэння аб адключэнні ацяплення такая сярэднесутачная тэмпература павінна была трымацца не менш за 5 дзён. Але новая норма ў тры дні пачала дзейнічаць толькі падчас ацяпляльнага сезона 2012–2013 года. Сапраўды, у год беражлівасці трэба эканоміць паліва. Яго і так ужо выкарысталі больш, чым трэба.

Але, на жаль, пацяпленне не тычыцца заробкаў — яны застаюцца замарожанымі. Мінімальная заработная плата за сакавік бягучага года не індэксуецца, паколькі індэкс спажывецкіх коштаў за сакавік да студзеня 2013 года не перавысіў пяціпрацэнтны парог, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Тое, што хутка ў насельніцтва рэзка вырастуць выдаткі на праезд у вёску, Міністэрства сацыяльнай абароны хвалюе мала.

Паціху-пакрыху падрастае беларуская інфляцыя. Пры прагнозе на ўвесь год у 12%, у сакавіку яна склала 1,1%, а з пачатку года перасягнула пяціпрацэнтны бар’ер — 5,4%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Харчовыя тавары ў сакавіку 2013 года падаражэлі на 0,6%, за тры месяца — на 5,2%. Найбольшы рост цэн сярод харчовых тавараў зафіксаваны, як ні дзіўна, на бульбу (на 19,7%) і яйкі (на 14,8%). На нехарчовыя тавары цэны выраслі на 0,4% у сакавіку і на 1,8% — з пачатку года. Найбольшы рост цэн адзначаны на бензін (5,2%) і медыкаменты (4,2%). Значна падаражэлі паслугі дашкольных устаноў (на 50%), паслугі электразабеспячэння (на 34%).

Сапраўды, пабачыш цэны на бульбу і на бензін (калі ж яму яшчэ падаражэць, як не перад пасяўной?), за сэрца схопішся — адсюль і медыкаменты падаражэлі. Паслугі энергазабеспячэння — ясны пень, працяглая зіма. А вось чаму падаражэлі дашкольныя ўстановы? Мабыць, таму, што на дзецях эканоміць не прынята…

Але куды ідуць гэтыя грошы? Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ва ўсім вінаватыя спартоўцы. Ён у чарговы выказаў незадаволенасць незаслужана высокімі заробкамі беларускіх спартсменаў і прапанаваў перагледзець падыходы ў фінансавай падтрымцы спорту.

«Справа не ў тым, што мы камусьці баімся пераплаціць або кагосьці недаацаніць. Я ўсё ж такі хацеў бы вярнуцца і разгледзець гэтыя праекты ўказаў з пункту гледжання падтрымкі і асабліва выплаты стыпендый па выніках. Шчыра кажучы, я не хацеў бы нават вызначаць колькасць гэтых стыпендый. Няхай гэта будзе 5 тысяч, а не 500 і не 250. Але калі няма адпаведнасці крытэрыям, якія мы выпрацуем, значыць, гэта будуць дзве стыпендыі. Гэта значыць, трэба вызначыцца, па якіх выніках і каму мы будзем выдаваць гэтую стыпендыю», — заявіў Лукашэнка, выклікаўшы да сябе адказных за спорт чыноўнікаў.

«Я супраць таго, каб выдаваць стыпендыю за перамогу, нават на Алімпійскіх гульнях. Перамог спартсмен на Алімпійскіх гульнях — давайце яму заплацім, ды мы і плацім нямала. У нас ёсць і іншыя магчымасці. І алімпійцы, пераможцы і прызёры, гэтым заўсёды карыстаюцца. Мы бясплатна даем зямельны ўчастак, аказваем іншую падтрымку, спонсары робяць прыстойныя падарункі, ад аўтамабіляў да грашовых узнагарод», — паведаміў ён.

«Стыпендыю трэба плаціць толькі перспектыўным спартсменам, якія заўтра пакажуць вынік і ў якіх (гэта будуць у асноўным маладыя людзі), агулам, грошай няма. І ім трэба даць гэтую стыпендыю. Яна не павінна быць празмернай. Гэта будзе добрая падтрымка, каб ён, перш за ўсё, выкарыстаў гэтыя грашовыя сродкі для свайго развіцця. Тады будзе сэнс», — удакладніў Лукашэнка сваё меркаванне.

Гэта, канешне, слушная прапанова — падтрымліваць найперш маладых спартсменаў. Але што ж гэта атрымліваецца? Па-першае, няўжо да гэтага часу прэзідэнцкія стыпендыі атрымліваў хто заўгодна, без «адпаведнасці крытэрыям»? Па-другое, за дасягненні на Алімпіядзе плаціць павінны спонсары? А як жа дэклараваны і праеўшы мозг «гонар краіны», які абараняюць на Алімпіядзе спартоўцы? І, па-трэцяе, калі так, ці не разбягуцца ад нас спартсмены да больш багатых краін і спонсараў? Такія выпадкі, на жаль, адбываюцца ўсё часцей.

Усё ўпіраецца ў грошы. Вось і традыцыйна ўвесну дзяржава зноў просіць падзяліцца. Той жа самы Аляксандр Лукашэнка аддаў загад правесці 20 красавіка ўсеагульны добраахвотны рэспубліканскі суботнік. Беларускія ўлады ўпарта працягваюць выкарыстоўваць прыдуманы камуністамі магутны агітацыйны сродак, нягледзячы на тое, што само правядзенне падобных мерапрыемстваў гаворыць пра вечны недахоп бюджэтных сродкаў.

Паводле афіцыйнай версіі, палова сродкаў, пералічаных у бюджэт па выніках суботніка, будзе пушчана на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона і рэалізацыю мерапрыемстваў па правядзенні ў 2013 годзе года беражлівасці, другая палова — на закупку рэанімацыйных аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі.

Тут цікавыя дзве рэчы. Першая: сродкі на ўсе пералічаныя выдаткі павінны прадугледжвацца ў рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах. Асабліва на «падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона». З рэанімацыйнымі аўтамабілямі — Бог з імі, усе ведаюць, у якім становішчы нашая медыцына, а хто не ведае — зазірніце ў паліклініку. А вось тое, што сродкі з суботніка выдзяляюцца яшчэ і на «мерапрыемствы па правядзенні года беражлівасці», гэта, прабачце, нонсэнс і аксюмаран. Якая можа быць беражлівасць, калі на яе зарабляюцца і выдаткоўваюцца неблагія грошы, што вядзе да траты гэтых грошаў і ў выніку — адсутнасць беражлівасці!

Каментаваць