Зноўку ў школу

У гэтым годзе «першы раз у першы клас» пойдуць не толькі дзеці, але і некаторыя дарослыя. Асабліва тыя, хто ўжо даўно забыўся альбо не ведаў, што «прафсаюзы — школа камунізму».



Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі яшчэ з часоў кіравання ёю Анатоля Тозіка выкручвала рукі Аляксандру Рыгоравічу наконт таго, каб на кожным прадпрыемстве, незалежна ад формы ўласнасці, былі створаныя суполкі ФПБ. Нарэшце, яны свайго дамагліся. Яшчэ 22 мая, выступаючы на з’ездзе гэтага прафсаюзнага аб’яднання, кіраўнік дзяржавы сказаў, што «прафсаюзныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у вырашэнні на­дзённых праблем у рамках дзейнасці гэтых структур. На вашых плячах не толькі грамадскія працы, але і рэальныя задачы па кантролі за прадукцыйнасцю працы, яе ўмовамі, адказнасць за вынікі». І агучыў тое, чаго дамагалася ФПБ, — ужо да лета 2016 стварыць прафсаюзныя арганізацыі ва ўсіх працоўных калектывах.

Гэта былі не проста словы. Лукашэнка вельмі аператыўна выканаў сваё ж абяцанне заразіць прафсаюзам кожны працоўны калектыў. Ужо 2 чэрвеня ён падпісаў дэкрэт №4, якім унёс папраўкі ў дэкрэт №2 ад 26 студзеня 1999 года №2 «Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў». Паводле паправак, выключаецца палажэнне аб неабходнасці наяўнасці не менш за 10% працуючых (навучэнцаў) ад іх агульнай колькасці на прадпрыемстве, ва ўстанове, арганізацыі для стварэння і дзейнасці там прафсаюза. Акрамя таго, прыведзены ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам асобныя прадпісанні Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) прафесійных саюзаў і іх саюзаў (асацыяцый).

«Унесеныя змены ствара­юць больш спрыяльныя ўмовы для дзейнасці прафсаюзаў, рэалізацыі і абароны сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў работнікаў», — гаворыцца ў афіцыйным каментары.

Ну што ж, за што змагаліся, на тое і нарваліся. Зараз ФПБ павінна моцна чухаць патыліцу, якім чынам выканаць тое, што яны патрабавалі зрабіць з дзясятак гадоў. Гэта называецца, знайшлі прыгоды на сваю галаву.

Па-першае, прафсаюз — гэта фармальна добраахвотнае грамадскае аб’яднанне, створанае для абароны сваіх сябраў у працоўнай сферы. Загад стварыць на кожным прадпрыемстве суполку ФПБ парушае права чалавека на асацыяцыю «наадварот». Раней у сінявокай былі ў наяўнасці тысячы прыкладаў таго, як грамадзянам Мінюст забараняў ствараць грамадскія аб’яднанні і адмаўляў у іх рэгістрацыі. Зараз жа, дзякуючы намаганням ФПБ, грамадзянаў прымушаюць ствараць у сябе на працы асобна ўзятае грамадскае аб’яднанне. А калі працоўны калектыў, напрыклад, не хоча асацыявацца ў прафсаюз? Калі працоўных усё задавальняе, і ў прафсаюзе няма патрэбы? Усё роўна яго ствараць?

Па-другое, як тады быць з рознымі ўказамі і дэкрэтамі аб дэбюракратызацыі? На кожным прадпрыемстве трэба ствараць як мінімум адну бюракратычную адзінку старшыні прафсаюза. Гэта будзе вялікая праблема для маленькіх калектываў, дзе працуюць тры-пяць чалавек. Калі аднаго з іх «кінуць на прафсаюз», то бок запаўняць нікому не патрэбныя паперкі, без якіх і раней жылі нармальна, то, безумоўна, «адрыў ад вытворчасці» моцна адлюструецца на гэтай самай вытворчасці.

І не толькі на вытворчасці. У самой ФПБ павінны будуць стварыцца новыя штаты кантралёраў за новымі прафсаюзамі, новы бюракратычны апарат па іх уліку, сістэматызацыі і іншых спосабах перасоўвання паперак з аднаго боку пісьмовага стала на іншы. І кожнаму трэба плаціць заробак. Ці ў ФПБ забагата грошай?

Па-трэцяе, я сплю і бачу, як тая ж Федэрацыя, згодна з тым, чаго дамаглася ад нашага правадыра, спрабуе стварыць суполку прафсаюза ў так званых «рэстаранах McDonald’s». Нагадаю, што палітыка гэтых бутэрбродных такая, што стварэнне прафсаюзаў у большасці з іх фактычна забароненае.

Але няма шкоды без карысці. Усе памятаюць, для чаго ў 1999 годзе была ўведзеная планка «не менш 10% супрацоўнікаў прадпрыемства ў прафсаюзе». Гэта палажэнне, фактычна, вышчамляла з прадпрыемстваў незалежныя прафесійныя суполкі, — тыя, якія, у адрозненне ад ФПБ, рэальна змагаліся за правы працоўных, асабліва на дзяржаўных прадпрыемствах. Зараз гэтае палажэнне скасаванае. А значыць, незалежныя прафсаюзы маюць шанец на вяртанне туды, адкуль яны былі выціснутыя. Апроч таго, гэта дае шанец і на стварэнне новых незалежных прафсаюзаў.

Памятаеце гучны выпадак мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт», калі колькі працоўных вышлі з афіцыйнага прафсаюза і паспрабавалі стварыць свой, незалежны? Зараз у гэтых спрэчках працоўным будзе прасцей.

Такім чынам, ФПБ ад сваіх здзейсненых мараў можа атрымаць зусім не тое, на што яны разлічвалі. Федэрацыя стала асацыюецца з уладамі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў. Зараз, асабліва ва ўмовах эканамічнага крызісу, працоўным патрэбны тыя, хто будзе рэальна абараняць іх правы. І вяртанне незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствы цалкам рэальнае. Трэба толькі не спаць у шапку, а максімальна скарыстаць новыя палажэнні дакумента, які падмахнуў Аляксандр Рыгоравіч.

А для тых, хто летам збіраецца не рыхтавацца да школы, а ў адпачынак, нашае Міністэрства замежных спраў падрыхтавала прыгожы сюрпрыз. Яно знайшло яшчэ адну альтэрнатыву акупаванаму Крыму. Згодна паведамленню прэс-службы МЗС, з 1 ліпеня ўлады В’етнама вызвалілі грамадзян Беларусі, якія прыбываюць у гэтую краіну на тэрмін да 15 дзён, ад неабходнасці атрымання віз, незалежна ад тыпу пашпарту і мэты візіту.

Адзіны недахоп В’етнама як «крымскай альтэрнатывы» — гэта пералёт туды, які цягнецца каля 10 гадзінаў. У астатнім — сапраўды альтэрнатыва. Далёкая, экзатычная краіна, з працяглым выхадам да мора. Лёгкі для беларуса абменны курс долара, амаль як у нас: 1 долар — 21.800 в’етнамскіх донгаў. Як і ў нас, ва В’етнаме няма манетаў. А расійскія, і нават беларускія аператары прапануюць туры ў гэтую краіну коштам ад 700 долараў.

У прынцыпе, гэта супастаўляльна з коштамі «даваеннага» Крыма, куды летам 2013-га туры былі па 500–600 амерыканскіх рублёў. Але гэта ж В’етнам!

Каментаваць