Зоя Кенько: «Вы задумваліся, ці лёгка быць птушкай у Беларусі?»

Працуючы лектарам Мінскага планетарыя, гераіня нашай гутаркі спрабуе дапамагчы птушкам, якія трапілі ў бяду, а таксама імкнецца прыцягнуць да іх праблем увагу ўладаў і жыхароў горада. Навошта трэба дапамагаць птушкам і наколькі ад гэтай дапамогі залежыць наш уласны лёс? Як адбываецца ўзаконьванне абыякавасці? Чаму ў ветклініцы Беларусі да гэтага часу няма ні аднаго ветэрынара-арнітолага і хто ратуе насельнікаў пятага акіяна, што трапілі ў бяду?



Пра цяжкасці жыцця, праблемы выратавання, забабоны людзей, а таксама правільнае падкормліванне птушак мы сёння гутарым з Зояй Кенько, валанцёрам ГА «Эгіда».

— Дапамагаць птушкам, якія трапілі ў бяду, у нашай краіне і так было няпроста, а цяпер робіцца яшчэ складаней з прычыны прынятай нядаўна пастановы, якая заахвочвае абыякавасць. Калі бачыш параненую птушку, не варта разлічваць, што нехта, а не ты, яе пашкадуе і пастараецца вылечыць. Трэба хутка прымаць рашэнне і хутка аказваць дапамогу, таму што усе рэакцыі ў яе арганізме працякаюць імкліва, у тым ліку і хваробы. Чым даўжэй бяздзейнасць, тым менш шанцаў выжыць і паправіцца, але нават гэтых шанцаў птушак могуць пазбавіць асаблівасці нашага заканадаўства.

— Пра якую пастанову вы кажаце? У чым складанасць аказання дапамогі птушкам у Беларусі?

— У Еўропе, калі чалавек прынясе ў рэабілітацыйны цэнтр жывёлу, якой патрэбная дапамога, то атрымае матэрыяльную ўзнагароду за неабыякавасць да болю і бяды жывой істоты. У Беларусі, на жаль, адваротная тэндэнцыя. Пачнем з таго, што ў нас няма куды аддаць пацярпелую птушку, няма ніводнага рэабілітацыйнага арніталагічнага цэнтра, і чалавек, нават жадаючы дапамагчы, знаходзіцца ў разгубленасці. Калі ён прыносіць птушку дадому і спрабуе ёй дапамагчы, вылечыць, то з гэтага лета, згодна з пастановай Савета міністраў РБ ад 12 ліпеня 2014 №674, ён павінен папярэдне атрымаць акт ад камісіі ў складзе МНС, санстанцыі і прадстаўніка ўлады. Прычым гэты акт павінен быць складзены на месцы знаходжання жывёлы. Ніхто не паедзе за дваццаць кіламетраў да параненага шпака, але калі чалавек, які пашкадаваў яго, будзе затрыманы без гэтага дакумента, яму пагражае штраф да 20 базавых велічынь. Вядома, прынятыя добрыя меры для барацьбы з браканьерствам, але пад гэты ж артыкул трапілі людзі, якія сапраўды дапамагаюць хворым і параненым птушкам. Іх і так было няшмат…

http://budzma.by/wp-content/gallery/kenko/tarantino-by-2014-bb-kenko-2564.jpg

— Навошта дапамагаць птушкам?

— Калі чалавек паназірае за птушкамі, то зразумее, навошта ім дапамагаць: птушкам вельмі няпроста жывецца. За зіму з дзесяці сініц выжывае толькі адна, астатнія гінуць не ад холаду, а ад голаду. Каб захаваць від, вялікія сініцы павінныя паспець выкарміць дзве кодлы за лета, робячы ў дзень каля 400 прылётаў з кормам да гнязда. Затым подлеткі ўсёй зграйкай, ужо пакінуўшы гняздо, лётаюць за імі бесперапынку і пастаянна просяць есці. Бацькі, падрасціўшы трохі маладняк, садзяцца на наступную кладку, і зноў усё паўтараецца. Потым наступаюць халады, і галоўная мэта — выжыць. Жыццё птушкі — катаржная праца, а не бесклапотнае шчабятанне і прыемная прагулянка. Таму вельмі важна дапамагаць ім, хоць бы падкормліваючы зімой, прычым рабіць гэта трэба правільна.

Птушкі маюць патрэбу ў нашым клопаце і часта самі ідуць да людзей, бязгучна крычучы ад болю. Быў выпадак, калі хворы голуб ішоў да аднаго і таго ж будынка, дзе былі людзі, у надзеі на дапамогу, а яго некалькі разоў адносілі далей. Ён, слабы, ледзь перасоўваўся, але зноў вяртаўся.

— А як правільна падкормліваць птушак зімой?

— Даволі часта можна ўбачыць, што людзі высыпаюць для птушак рэшткі зацвілага хлеба і іншых сапсаваных прадуктаў. Гэта велізарная шкода! Я бачыла мноства птушак з атручваннямі: тое, што нельга есці чалавеку, і для іншых можа стаць атрутай. Часцяком такая «падкормка» прыводзіць да гібелі птушкі, асабліва ва ўмовах зімы, калі любое захворванне забірае сілы і энергію, неабходную, каб супрацьстаяць холаду. Ні ў якім разе нельга даваць чорны хлеб, салёнае, смажанае. Часта каля Макдональдса супрацоўнікі знаходзяць мёртвых вераб’ёў, якіх частавалі бульбай фры. З крупы не рэкамендуецца насыпаць у кармушкі проса, бо яно хутка псуецца, калі залежваецца. Лепш за ўсё падкормліваць птушак нясмажанымі несалёнымі семкамі сланечніка, просам, збожжавымі сумесямі для папугаяў. Для сініц і некаторых іншых птушак можна падвешваць несалёнае сала, кавалачкі маргарыну і сметанковага масла. Галубы з задавальненнем ядуць пярлоўку. Для качак у гарадскіх умовах практычна няма альтэрнатывы батону і семечкам сланечніка, якія не тонуць у вадзе, але калі качкі на сушы, то можна прапанаваць ім крупы ці кашу з крупы, нятлусты тварог. Лебедзі з задавальненнем ядуць сырую гародніну: моркву, капусту, вараную бульбу.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kenko/tarantino-by-2014-bb-kenko-2501.jpg

— Напэўна, многія людзі могуць палічыць ваш занятак па выратаванні птушак не першарадным…

— Безумоўна, ёсць больш важныя заняткі з агульначалавечага пункту гледжання — праца доктара, ратавальніка… Але хіба выратаванне птушак не з’яўляецца нармальнай праявай чалавечнасці? Напрыклад, мая знаёмая, якая лекавала голуба, казала мне, што забрала яго ў хлапчукоў, якія кідалі параненую птушку, быццам мяч, адзін аднаму. Няўжо не першарадна было спыніць гэтую жорсткасць? У кожнага чалавека першарадныя заняткі — свае, гэта ўсё суб’ектыўна, таму што ва ўсіх ўласная «нармальнасць». Гэта асабісты выбар — прайсці міма параненай птушкі, сабакі, чалавека, спаслаўшыся на натуральны адбор, або пастарацца дапамагчы.

— Чаму вы абралі менавіта птушак? У дапамозе маюць патрэбу многія істоты.

— Важна дапамагаць усім, хто мае патрэбу, але асабіста я больш за ўсё прывязаная да птушак.

— Вы спрабавалі як-небудзь вырашыць праблему адсутнасці цэнтраў рэабілітацыі для птушак?

— Пры падтрымцы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» амаль год таму быў складзены зварот і накіраваны ў Міністэрства прыродных рэсурсаў. У гэтым звароце мы выступілі з просьбай аб стварэнні арніталагічнага рэабілітацыйнага цэнтра ў Беларусі, дзе можна арганізаваць лячэнне параненых дзікіх птушак, іх рэабілітацыю і вяртанне ў натуральнае асяроддзе. Было сабрана больш за 150 «жывых» подпісаў, і Міністэрства падтрымала нашую ідэю, прапанаваўшы ў якасці базавай пляцоўкі выкарыстоўваць Мінскі заапарк. На жаль, працэс гэты развіваецца павольна, будаўніцтва пакуль не распачатае, усё яшчэ вядуцца работы па стварэнні неабходнай дакументацыі. Безумоўна, беларусам неабходна пераймаць станоўчы вопыт стварэння такіх «арнітарыяў» як у блізкага, так і ў далёкага замежжа. Напрыклад, цэнтр выратавання стрыжоў у Іспаніі выпускае ў неба 300-500 стрыжоў кожны сезон.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kenko/tarantino-by-2014-bb-kenko-2468.jpg

— Іспанскім стрыжам адназначна жывецца лягчэй, чым беларускім…

— Рэч вось яшчэ ў чым: калі мінскі гадавальнік будзе створаны, туды ўсё роўна не плануецца прымаць звыклых гарадскому жыхару птушак — крумкачовых, чаек, стрыжоў, галубоў. Зыходзяць з таго, што яны не пад пагрозай знікнення, у адрозненне ад відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Зразумела, што адзін-адзіны цэнтр не здолее змясціць усіх птушак, таму патрэбныя і іншыя прытулкі, прыватныя. Насамрэч у Мінску быў такі прэцэдэнт — міні-заапарк «Карлуша», які арганізаваў больш за 15 гадоў таму Леанід Аляксандравіч Гермацкі. У гэтым заапарку жылі фазаны, буслы, больш чым паўсотні дэкаратыўных галубоў, курэй. Заапарк не толькі дапамагаў птушкам, але і даваў дзецям экалагічную адукацыю — не «сухую», тэарэтычную, а на практыцы — праз догляд пакалечаных птушак. Гэты аспект працы цэнтраў рэабілітацыі не менш важны, бо ён перашкаджае развіццю ў дзецях абыякавасці і жорсткасці да жывёл. На жаль, беларускае заканадаўства, якое змянілася за гады існавання міні-заапарка, прывяло да таго, што стварэнне Гермацкага было ліквідаванае. Таму цяпер прытуліць пацярпелую птушку стала вельми няпроста. На шчасце, знаходзяцца энтузіясты, якія ствараюць на сваіх зямельных участках вальеры для рэабілітацыі птушак.

— А што вы раіце чалавеку, які ўпершыню падабраў хворую птушку?

— Вясной-летам мне штодня тэлефануюць людзі з просьбай змясціць куды-небудзь птушку для аказання дапамогі. Патлумачыўшы сітуацыю, я прашу хаця б на некаторы час даць прытулак для першай медыцынскай дапамогі і пастаноўкі дыягназу, а потым спрабую дапамагчы з пошукам месца, дзе птушка будзе жыць.

— Як людзі выходзяць на вас і як часта звяртаюцца?

— Мае кантактныя дадзеныя размешчаны на сайце грамадскай арганізацыі «Эгіда» па абароне правоў жывёл, дзе я валанцёр. Летам бываюць дні, калі можа патэлефанаваць дзесяць-пятнаццаць чалавек.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kenko/tarantino-by-2014-bb-kenko-2523.jpg

— Вы самі ставіце дыягназ? Як можна вылечыць хворую птушку?

— Я не ветэрынар-арнітолаг, таму не магу даць медыцынскіх рэкамендацый. У Беларусі ветэрынараў-арнітолагаў, на жаль, няма зусім, ніводнага на ўсю краіну. Хоць ёсць, напрыклад, доктар-герпетолаг, які спецыялізуецца на рэптыліях. У Мінску я ведаю толькі трох ветэрынараў, якія пагодзяцца на прыём дзікай птушкі. Яны ўсе прыватнікі, працуюць самі на сябе і спецыялізуюцца на сысунах. Да іх мы звяртаемся па пытаннях дыягностыкі траўматызму, па першую медыцынскую дапамогу, а затым абмяркоўваем лячэнне на спецыялізаваных форумах у інтэрнэце, напрыклад, mybirds.ru або ptic.ru. Там нам адказваюць ветэрынары-арнітолагі з Расіі бясплатна, калі ёсць час і магчымасць. Праблема такога падыходу ў тым, што часта патрэбен тэрміновы адказ, усё вырашаюць лічаныя гадзіны, таму пасля я пачала кансультавацца на платнай аснове з маскоўскім доктарам, каб атрымліваць своечасовыя адказы на ўсе свае пытанні. Каб не марнаваць час на пошукі ветэрынара і паспець дапамагчы, у раздзеле «Птушкі» на форуме «Эгіды» апублікаваная кантактная інфармацыя спецыялістаў, якія пагодзяцца прыняць вас з дзікай птушкай.

— Ці агучвалі вы праблему адсутнасці ў Беларусі ветэрынара-арнітолага вышэйшым інстанцыям?

— Так, мы склалі зварот у Міністэрства сельскай гаспадаркі РБ, у якім прасілі разгледзець магчымасць арганізацыі прыёму ветэрынара-арнітолага. Хаця б аднаго ў Беларусі, напрыклад, у Мінску. У адказ на гэты зварот Віцебскай ветэрынарнай акадэміяй у мінулым годзе былі арганізаваныя пяцідзённыя курсы павышэння кваліфікацыі для мінскіх ветэрынараў. Ветэрынарам-арнітолагам, вядома, за пяць дзён стаць немагчыма, неабходныя стажыроўкі і навучанне за мяжой, але курсы здаваліся добрым пачаткам. Я ў якасці вольнага слухача пабывала на гэтых занятках. Аказалася, што з пяці дзён курсаў толькі адзін (а гэта чатыры навучальныя гадзіны) быў прысвечаны хваробам птушак. Апафеозам для мяне стала фраза аднаго з ветэрынараў у канцы навучальнага дня, якая пацвярджае рэальную дапамогу птушкам ў нашай краіне: «Птушка — аднаразовая жывёла, захварэла-памерла». Пасля гэтага я зразумела, што трэба шукаць такога доктара, які захоча займацца менавіта птушкамі, і падтрымліваць яго ў павышэнні кваліфікацыі.

— Як жа ўдаецца дапамагаць птушкам у такіх умовах?

— Далёка не ўсім атрымліваецца дапамагчы, але мы спрабуем на свае грошы і па сваіх хатах выхадзіць хоць некаторых птушак. Безумоўна, гэта лепш, чым нічога, але такі падыход у цэлым малаэфектыўны.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kenko/tarantino-by-2014-bb-kenko-2552.jpg

— Як чалавеку зразумець, што птушка хворая?

— Калі відаць, што крыло цягнецца ці падвісае, значыць, яно траўмаванае. Крылы ў норме павінныя быць сіметрычнымі. Дзікая птушка павінная ляцець ад чалавека, а калі яна сядзіць надзьмуўшыся і не можа гэтага зрабіць, значыць, з ёй нешта не так. Выключэнне складаюць подлеткі, якія даверлівыя і не могуць паляцець. У большасці выпадкаў іх нельга забіраць.

— Хто такія подлеткі і як зразумець, ці патрэбная ім дапамога?

— Подлеткі — гэта птушаняты, якія ўжо пакінулі гняздо, але да самастойнага жыцця пакуль не гатовыя. Бацькі будуць яшчэ некаторы час вучыць іх птушынаму розуму. У подлеткаў кароткія крылы, куртаты хвост, але калі яны добра стаяць на лапах, трымаюць галаву — такое птушаня лепш пакінуць у спакоі. Але ёсць і падставы для турботы: небяспека можа зыходзіць ад сабак, катоў або машын — у гэтым выпадку трэба пасадзіць подлетка крыху вышэй на дрэва альбо на якое-небудзь узвышэнне.

— Але прынята лічыць, што калі чалавек крануў птушаня любога ўзросту, бацькі яго ўжо не прымуць.

— Гэта няпраўда, птушкі не кінуць сваіх дзяцей. Але лезці да птушанятаў у прыродзе сапраўды шкодна, асабліва калі яны ў гняздзе. Акрамя таго, што маладняк можа спалохацца і вылецець раней, вы можаце паказаць гняздо драпежнікам. Калі бацькоў птушанят не відаць — не хвалюйцеся, яны маглі адлучыцца. У выпадку, калі подлетка па дурасці ўсё-ткі забралі дадому, а потым даведаліся, што не трэба было, паспрабуйце як мага хутчэй вярнуць яго на тое ж месца і прасачыце, што бацькі знайшлі сваё дзіця і пачалі карміць. Па сканчэнні двух-трох дзён шанцаў вярнуць подлетка, на жаль, вельмі мала. Гэта ўжо назаўжды ваш хатні гадаванец, бо толькі бацькі могуць яго навучыць быць паўнавартасным крумкачом (вераб’ём, галкай). Выгадаваны ў хатніх умовах, а потым выпушчаны ў натуральнае асяроддзе, ён загіне. Гэта назаўжды ручная птушка. Чалавек, які забраў подлетка, павінен быць маральна гатовы да таго, што на ім ляжыць поўная адказнасць за яго далейшае жыццё. Выключэнне з правіла «Нельга падбіраць подлеткаў» складаюць пакалечаныя птушаняты, стрыжы і птушаняты галубоў.

http://budzma.by/wp-content/gallery/kenko/tarantino-by-2014-bb-kenko-2526.jpg

— Як вы можаце пракаментаваць меркаванне пра заразнасць дзікіх птушак?

— Такая верагоднасць існуе, як і тая, што заўсёды ёсць рызыка заразіцца ад іншага чалавека і любой іншай жывёлы. Прычым у птушак значна менш «усялякай заразы», ​​якую вы можаце падхапіць, чым у людзей. Гэта медыцынскі факт. У большасці выпадкаў трэба выконваць элементарныя меры гігіены — мыць рукі з мылам і, вядома, пракансультавацца па кожным асобным выпадку з ветэрынарам-арнітолагам.

— Як вы ставіцеся да меркавання, што раз птушка не можа лётаць, то жыццё яе загубленае?

— Вядома, лётаць лепш, чым не, але калі сітуацыю ўжо нельга выправіць, то самае важнае — каб птушка трапіла да людзей, якія будуць яе любіць і створаць ёй неабходныя ўмовы для годнага жыцця. Такіх людзей птушка паступова пачне лічыць сваёй зграяй, радавацца вяртанню новых дамачадцаў, раўнаваць, крыўдзіцца, шкодзіць, здзіўляць сваім інтэлектам, чакаць любові і дарыць яе. Губяць жыццё любога гадаванца нядбайныя ўладальнікі. Большасць захворванняў — ад няправільнага харчавання і догляду. Цяпер няма праблем з пошукам інфармацыі па гэтых пытаннях, было б жаданне і адказнасць перад тымі, каго прыручылі. Увесну і ўлетку я практычна штодня бачу аб’явы пра тое, што «паляцела птушка, плача дзіця, дапамажыце адшукаць». У большасці выпадкаў такіх горкіх сітуацый не адбылося б, калі б чалавек загадзя задумаўся і паставіў на вокны маскітныя сеткі.

Я выразна ўсведамляю, што толькі ад мяне залежыць, ці будзе мая птушка здаровая, ці будзе ёй добра побач са мной. У чалавека ёсць сябры, захапленні, праца, а для любога хатняга гадаванца менавіта вы — увесь яго свет, яго жыццё цалкам залежыць ад вас. Ёсць меркаванне, што з маўклівай абыякавасці здзяйсняецца ўсё зло на зямлі. Я не хачу быць абыякавай.

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»

Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»

Каментаваць