«Зоркі Карабоба» для Беларусі

Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні наведваў сваіх калег і сяброў у Лацінскай Амерыцы. Бадай што самай гучнай і скандальнай у часе візіту стала заява беларускага лідара аб тым, што яго малодшы сын Мікалай будзе пераемнікам.

Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні наведваў сваіх калег і сяброў у Лацінскай Амерыцы. Бадай што самай гучнай і скандальнай у часе візіту стала заява беларускага лідара аб тым, што яго малодшы сын Мікалай будзе пераемнікам.

Спачатку беларускі лідар скіраваўся з афіцыйным візітам на Кубу. У Гаване ён сустрэўся са старшынёй Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Кубы Раулем Кастра Русам. Пасля заканчэння гутаркі Рауль Кастра выказаў жаданне асабіста правесці кіраўніка Беларусі ў аэрапорт. Гэтае рашэнне кіраўніка Кубы для дыпламатычнай практыкі ёсць вялікай рэдкасцю. Хаця цалкам вытлумачальнае — у кубінскага рэжыму, як і ў беларускага, не так многа сяброў.

На знак салідарнасці з кубінскім кіраўніцтвам Лукашэнка заявіў, што выступае за неадкладнае спыненне блакады Кубы з боку ЗША. «Беларусь рашуча выступае за неадкладнае спыненне ганебнай блакады Кубы з боку ЗША», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы выступаем за ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж дзяржавамі. За вырашэнне спрэчных пытанняў шляхам перамоў і стварэнне ўмоў для бесперашкоднага супрацоўніцтва з усімі краінамі». Варта нагадаць, што Беларусь знаходзіцца ў спісе краін, да якіх ЗША ўвялі санкцыі за парушэнні ў галіне правоў чалавека. Апроч наяўнасці спісу неўязных у Штаты, ёсць і спіс прадпрыемстваў, рахункі якіх замарожаныя, а здзелкі з імі забароненыя. У іх ліку прадпрыемствы канцэрну «Белнафтахім» — ААТ «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно», ЗАТ «Онербанк» і «Банк гандлёвы капітал», дзяржаўны канцэрн «Беларуснафта», прадпрыемствы «Белшына», «Гродна-Азот», «Гродна-Хімвалакно», «Нафтан», «Белтэхэкспарт» і «БелОМА». Дзяржаўны дэпартамент ЗША «заклікае ўрад Беларусі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных». Таму заклік Лукашэнкі ў абарону кубінскага рэжыму можна цалкам экстрапаляваць і на рэжым беларускі.

Тур па аўтарытарных сяброўскіх рэжымах працягнуўся ў Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла. Афіцыйныя паведамленні адтуль стракацяць фотаздымкамі вясёлых палітыкаў з абодвух кантынентаў. Аляксандр Лукашэнка ў Лацінскай Амерыцы ўвогуле пачуваецца вольна і ўтульна. Варта прыгадаць яго знакамітае інтэв’ю ў майтках аргенцінскаму журналісту на венесуэльскім пляжы. Хіба можна такое ўявіць у часе візітаў беларускага лідара ў Расію, дзе яму даводзіцца не расслабляцца, а трымаць кругавую абарону?

І ўсё ж галоўнай сенсацыяй лацінаамерыканскага турне сталі не дамовы-размовы пра МАЗы ды сумесныя прадпрыемствы (афіцыйныя СМІ паведамляюць пра сумесныя праекты на суму ў 3 мільярда долараў), а прызнанне наконт ролі малодшага сына, які суправаджаў Лукашэнку.

Уга Чавес у Палацы Мірафлорэс прывітаў Аляксандра Лукашэнку і папрасіў паклікаць яго сына Мікалая. «Сёння ў Венесуэле ўрачысты дзень, паколькі мы прымаем Аляксандра Лукашэнку і яго сына Мікалая», — сказаў прэзідэнт Венесуэлы.

«На працягу апошніх гадоў мы выбудавалі не проста стратэгічны саюз, а братэрства», — адзначыў венесуэльскі лідар. Звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, ён згадаў пра яго візіт на Кубу і звярнуў увагу на намеры Беларусі пашыраць узаемаадносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі, і ў прыватнасці з альянсу краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Чавес падкрэсліў, што кіраўнікам трэба разгледзець мноства праектаў, якія ўжо рэалізуюцца, напрыклад, у сферах здабычы нафты, газу, нафтахіміі, будаўніцтва жылля, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі і газіфікацыі.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу запэўніў, што ўсе дамоўленасці, якія былі заключаны Беларуссю і Венесуэлай, будуць выкананы датэрмінова. І вось тут прагучалі ключавыя словы беларускага лідара: «Некаторыя пачалі сумнявацца ў сур’ёзных перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы, тут знаходзіцца мой сын Мікалай, і гэта кажа аб тым, што мы сур’ёзна і надоўга заклалі асновы супрацоўніцтва, і ёсць каму пераняць эстафету гадоў праз 20–25».

Гэтай восенню ў Венесуэле пройдуць прэзідэнцкія выбары. Не абмінуў беларускі кіраўнік і гэтую тонкую тэму. «Той, хто мяне добра ведае, ніколі не скажа, што я ўмею ліслівіць. Але скажу прама: не было б цябе — не было б гэтых праектаў і поспехаў. І, напэўна, Беларусі тут, у Венесуэле, таксама б не было. Я не перабольшваю, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Уга Чавеса. — Я не маю на ўвазе вашы выбары. Я ведаю, што ты іх выйграеш». Такая яна — аўтарытарная ідылія. У давяршэнне карціны хіба што трэба расказаць пра «Зорку Карабоба» для Віктара Шэймана. Гэты ордэн носіцца на ланцугу, і атрымаў яго Шэйман з рук Чавеса «за асабісты ўнёсак у рэалізацыю пагадненняў паміж урадамі дзвюх краін».

Ці ёсць сяброўства з Лацінскай Амерыкай панацэяй для знешняй палітыкі Беларусі, што патрапіла ў лік персонаў нон-грата еўрапейскай цывілізацыі? Сумнеўна. Вялікі патэнцыял знешнепалітычных і эканамічных сувязяў з краінамі-суседкамі папросту не выкарыстоўваецца, а за морам, можа, і цялушка за палушку, ды рубель перавоз. Да слова, з чэрвеня Беларусь спыніла закупку нафты ў Венесуэлы. Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера Беларусі Уладзіміра Сямашкі, пастаўкі нафты з Венесуэлы былі «брацкай дапамогай нашай краіне ў патрэбны момант». Зараз жа ўмовы паставак нафты з Расіі сталі для Беларусі цалкам выгаднымі, сказаў намеснік кіраўніка ўрада. Ён жа распавядаў, што пастаўкі нафты з Венесуэлы былі патрэбныя Беларусі для ціску на Расію. Таму ўся гэтая эпапея з сяброўствам хутчэй ёсць маральным бонусам для палітычнага ізгоя Еўропы, ну і магчымасцю пэўнага гешэфту. Нездарма «Зорку Карабоба» атрымаў Віктар Шэйман — адзін са старэйшых і бліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі.
 

Каментаваць