Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Зрабі сам! Да чаго дамовіліся беларусы замежжа

Сёмы з'езд беларусаў свету выдаў уладзе шмат канкрэтных і карысных прапаноў. Але ажыццяўляць іх будзе, хутчэй за ўсё, сама дыяспара. Як дарэчы, гэта было і раней.

Прыняцце выніковых дакументаў з’ездаў і канферэнцый, права сумная і нецікавая, але надзвычай важная. І з’езд дыяспары тут — не выключэнне. Бадай, галоўнымі дакументамі, які ўхвалілі беларусы замежжа — гэта «Прапановы ў дзяржаўную стратэгію «Беларусь — дыяспара» на перыяд да 2025 года» і зварот удзельнікаў з’езду да кіраўніка дзяржавы, ураду і парламентароў.

Што цікава: дзяржаўнай стратэгіі па развіцці дыяспары дэ-факта не існуе, нейкія асобныя палажэнні па стасунках з беларусамі замежжа ўтрымлівае хіба дзяржаўная праграма «Культура Беларусі». Але неабходнасць такой стратэгіі відавочная. Той жа міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на з’ездзе, адзначаў, што беларусы замежжа ўжо з’яўляюцца «іміджавым складнікам» краіны, і, па яго звестках, правялі за апошні час больш за 500 «беларускіх» мерапрыемстваў.

Тое, што такой стратэгіі яшчэ не існуе, пацвярджае і зварот з’езду да ўладаў: у ім першым пунктам пазначана «Цягам года распрацаваць Дзяржаўную стратэгію супрацоўніцта з беларусамі замежжа на перыяд ад 2025 года…» Таму, хутчэй за ўсё, атрымаецца, як з законам «Аб беларусах замежжа», прынятым у 2014 годзе. Што б ні казалі дэлегатам з’езду нашыя ўрадоўцы і адказныя чыноўнікі, усе ведаюць, што распрацоўка і прыняцце гэтага дакумента — амаль цалкам заслуга Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Відавочна, што «Бацькаўшчына», калі яна хоча атрымаць сваю стратэгію «Беларусь — дыяспара», і будзе займацца гэтым кавалкам працы.

Што ўключае ў сябе канцэпцыя гэтай стратэгіі? Найперш, гэта адбудова даверу паміж беларусамі метраполіі і беларусамі дыяспары. Пра гэта шмат казала старшыня ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская: калі «метрапольныя» суайчыннікі лічаць эмігрантаў ледзьве не здраднікамі. Змена гэтага стаўлення — першы крок да своеасаблівага грамадзянскага міру.

Алена Макоўская і Уладзімір Макей


Канцэпцыя ўключае таксама падтрымку дыяспары, пашырэнне правоў і магчымасцяў «замежных беларусаў» на Радзіме і заахвочванне эмігрантаў браць актыўны ўдзел у арганізаваных беларускіх суполках за мяжой. Ну і, канешне, «больш актыўна выкарыстоўваць пасярэдніцкі патэнцыял дыяспары», што пацешыць слых нашым чыноўнікам.

Але наступныя крокі, якія прапануе «Бацькаўшчына» уладам, наўрад ці ім спадабаюцца. На аснове стратэгіі павінна быць выпрацаваная дзяржаўная праграма па працы з беларусамі замежжа. У межах урада павінен быць створаны дзяржаўны камітэт «Па справах беларусаў замежжа», адпаведная парламенцкая камісія, асобны аддзел па дыяспары у ведамстве таго ж спадара Макея, і ў Нацыянальнай акадэміі навук — навуковы цэнтр па беларускай дыяспары. Прапануецца стварыць у сталіцы Сінявокай культурна інфармацыйны цэнтр беларусаў замежжа «Беларускі дом» (з вылучэннем адмысловага памяшкання), арганізаваць адпаведныя дамы у месцах кампактнага пражывання беларусаў замежжа і стварыць дзяржаўны інфармацыйны партал для замежных суайчыннікаў…

Гэта, канешне, не ўсе прапановы «Бацькаўшчыны» уладам, але ўжо з іх бачна, якія грошы павінна ўкласці дзяржава, калі яна хоча падтрымліваць нармальныя стасункі з дыяспарай. А грошай няма, пра што на тым жа з’ездзе ў тым жа выступе празрыста намякнуў Уладзімір Макей. Дый ад назвы «Беларускі дом» я б прапанаваў «Бацькаўшчыне» адмовіцца — калі яна сапраўды хоча, каб дом з’явіўся. Справа ў тым, што падобныя структуры з такімі назвамі сапраўды ўжо дзейнічалі ці дзейнічаюць у «месцах кампактнага пражывання беларусаў» — Літве, Украіне і Польшчы. І арганізаваныя яны былі «новай хваляй эміграцыі», а дакладней — палітычнымі ўцекачамі з «моцнай і квітнеючай краіны». Так што назва «Беларусі дом», — гэта ўжо брэнд апазіцыі, з гэтым нічога не зробіш.

Бадай, адзіная з прапановаў «Бацькаўшчыны», якая не патрабуе ад улады асаблівых высілкаў і фінансавых выдаткаў — гэта беларускі аналаг «карты паляка». Усяго толькі і трэба, што распрацаваць палажэнне «Аб статусе беларуса замежжа», зацвердзіць і надрукаваць пасведчанні «Беларус замежжа» і вызначыць, хто і як яго здолее прыдбаць і якія бонусы ў гэтым выпадку атрымае. У якасці аднаго з такіх бонусаў арганізацыя замежных беларусаў бачыць, напрыклад, бязвізавы ўезд у нашую краіну.

Ніна Шыдлоўская выпраменьвала аптымізм. Але колькі працы наперадзе?


Канешне, МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» выказала гатоўнасць «актыўнага ўдзелу на грамадскіх пачатках у падрыхтоўцы і рэалізацыі вышэйпералічаных пунктаў». Але ёсць вялікае «але».

Дзяржава наўрад ці будзе ўкладаць даволі велізарныя сродкі ў развіццё адносінаў з дыяспарай — прасцей і далей лічыць эмігрантаў «ворагамі». Тым больш, што і сродкаў, па вялікім рахунку, на гэта няма. Канешне, у гэтым выпадку яна працягне «губляць дыяспару» і ў выніку атрымае больш іміджавай шкоды, менш інвестыцый, менш гуманітарных праектаў, менш дапамогі, якую аказваюць краіне беларусы замежжа. Але ўсё тое, што яна страчвае, завецца на бізнес-мове «выпушчанай выгадай» альбо «недаатрыманым прыбыткам». То бок, гэты прыбытак можна было б атрымаць у будучыні, а грошы трэба выкласці зараз.

Зараз грошай няма, і іх шкада. Таму, хутчэй за ўсё, працаваць над сваімі прапановамі ўсё ж прыйдзецца самой «Бацькаўшчыне» на грамадскіх пачатках. Што яна, дарэчы рабіла заўсёды, незалежна ад таго, былі такія прапановы ўладзе, альбо не.



Каментаваць