Зруйнавалі камень «Пакутнікам»

У аўторак 12 красавіка а 22 гадзіне вечара з Цэнтральнай плошчы Маладзечна быў дэмантаваны знак «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі», усталяваны яшчэ пры першым мэры горада Генадзю Карпенку.

Мемарыяльны камень быў мясцовым сімвалам, ля якога стала праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы дэмакратычных сілаў Маладзечна.

Па выпадковасці відавочцам дэмантажу помніка стаў старшыня мясцовай суполкі «Моладзі БНФ» Валянцін Цішко. «Я шпацыраваў з сябрамі, калі мы пабачылі, як працоўныя пагружаюць камень у машыну. Яны сказалі, што камень будзе перавезены ў парк Перамогі. Зараз камень ляжыць метрах у 200-х ад ранейшага месца і накрыты белаю тканінай. Куды б яго не перанеслі, мінулае месца было значна больш выгаднае і сімвалічнае: па-першае, камень бачыла больш людзей, па-другое, ён знаходзіўся акурат насупраць помніка Леніну».

Паводле словаў юнака, зараз мясцовыя актывісты баяцца за знікненне каменю. «Я працую непадалёк і часта выбягаю паглядзець, ці на месцы камень. Вядомы ж выпадак у Вілейцы, калі помнік Расціславу Лапіцкаму быў таемна вывезены», — гаворыць Валянцін Цішко. Днямі маладзечанскія актывісты накіруюць пратэст у гарвыканкам з нагоды дэмантажу каменю без уліку думкі грамадскасці.

Нагадаем, сёлета ў Маладзечне пройдуць «Дажынкі», таму ў горадзе вядуцца працы па рэканструкцыі Цэнтральнай плошчы, пад якую патрапіў і знак «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі».

Каментаваць