Жудаснае ДТЗ у Мікалаеўскай вобласці: 5 беларусаў загінулі, 12 параненыя

У Мікалаеўскай вобласці паблізу пасёлка Крывое Возера 20 ліпеня, каля чатырох гадзін раніцы, адбылася маштабная аварыя — мікрааўтобус Volkswagen сутыкнуўся з цяжкавіком. Паводле папярэдня інфармацыі, усе ахвяры трагедыі — беларусы.

Фота паліцыі Мікалаеўскай вобласці Украіны


ДТЗ адбылося 20 ліпеня каля 5-й раніцы на 289-м км аўтадарогі Кіеў—Адэса. Рэйсавы мікрааўтобус Volkswagen з беларускай рэгістрацыяй, які ехаў па маршруце Адэса-Гомель, сутыкнуўся з грузавіком. Паводле папярэдніх даных, той стаяў з правага боку праезнай часткі з-за няспраўнасці. У выніку ДТЗ загінулі вадзіцель і чацвёра пасажыраў мікрааўтобуса, праінфармавалі ў паліцыі, паведамляе БЕЛТА.

«У выніку дарожна-транспартнага здарэння загінулі 5 чалавек і 10 чалавек пацярпела (грамадзяне Рэспублікі Беларусь). Для правядзення дэблакацыі загінулых прыцягвалася падраздзяленне Дзяржаўнай службы па пытаннях надзвычайных сітуацый», — цытуе «Белсат» паведамленне ДСНС.

Што менавіта стала прычынай аварыі, высвятляе следства.

Фота паліцыі Мікалаеўскай вобласці Украіны

У паліцыі пазней удакладнілі, што раненні атрымалі 12, а не 10 чалавек. Мікрааўтобус меў беларускую рэгістрацыю і рухаўся па маршруце Адэса-Гомель.

У МЗС Беларусі пацвердзілі факт здарэння. «У ДТЗ загінулі пяць чалавек, дванаццаць знаходзяцца ў шпіталі з траўмамі рознай ступені цяжкасці, трое з іх пакуль у цяжкім стане», — паведаміў БелТА прэс-сакратар міністэрства Анатоль Глаз.

Па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа па артыкуле аб парушэнні правілаў бяспекі дарожнага руху (ч. 2 арт. 286 КК Украіны).

Фота паліцыі Мікалаеўскай вобласці Украіны


Паводле belsat.eu, www.belta.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць