Жудасная прыбіральня ці зараснікі крапівы: што выбіраюць турысты?

Гісторыка-культурная спадчына Беларусі ў апошнія гады вабіць да сябе многіх свядомых беларусаў. Адмысловыя туры запрашаюць прыняць удзел у вандроўках па незвычайных вядомых і невядомых мясцінах нашай краіны. Аднак грамадскія прыбіральні ў некаторых гістарычных месцах прыніжаюць чалавечую годнасць і не маюць ніякіх адносін да культуры.


9 ліпеня 2016 года мне пашчасціла прыняць удзел у гісторыка-культурніцкай вандроўцы турыстычнай кампаніі «Інкомтур» і праехаць па гістарычным маршруце Мінск — Хмелеўка — Заслаўе — Новае поле — Вязынка.


Цікава было пабываць на былой мяжы паміж савецкай і польскай часткамі Беларусі, пабачыць у Заслаўі камендатуру і казармы 15-га памежнага атрада НКУС БССР, а таксама наведаць Марыінскі касцёл 17-га стагоддзя і Спаса-Прэабражэнскую царкву — былы Кальвінскі збор, гарадскі вал 1000-гадовага ўзросту.


Удзельнікі вандроўкі ў суправаджэнні кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава мелі магчымасць паглядзець на былую сядзібу князёў Любецкіх-Друцкіх у вёсцы Новае поле, а таксама разам са «Спеўным сходам» прыняць удзел у спяванні беларускіх абрадавых песень падчас купальскага свята ў Вязынцы.




Дарэчы, апошняя частка вандроўкі была асабліва прывабнай для ўсіх яе ўдзельнікаў: падчас кветкавага этна-фестываля каля музея Янкі Купалы ў Вязынцы можна было паслухаць розныя этна-гурты, паўдзельнічаць у шматлікіх майстра-класах, народных гульнях і танцах, а таксама пабачыць элементы абрада спускання надзвычай вялікага купальскага вянка ў ваду рэчкі Вязынкі.


Усё б было добра, калі б не адсутнасць прыкметаў цывілізацыі ў грамадскіх прыбіральнях, якія, прыніжаючы чалавечую годнасць, адначасова прыніжаюць і культурны ўзровень святочных мерапрыемстваў.

Людміла лічыць, што такія прыбіральні даўно пара зачыніць па ўсёй краіне.

Людміла лічыць, што такія прыбіральні даўно пара зачыніць па ўсёй краіне.

На жаль, грамадскія прыбіральні, як гэта ні сумна, сведчаць пра нізкі ўзровень цывілізацыйнага развіцця грамадства, — выказвае сваю думку Людміла Карабань, мінчанка, удзельніца вандроўкі. — І ў Вязынцы, дзе падчас купальскага свята сабраліся сотні людзей, і ў гістарычным Заслаўі чыноўнікі да гэтага часу не паклапаціліся пра культурныя прыбіральні. Паўсюль брудна, дрэнны пах, адсутнічае вада, каб памыць рукі. Каля Спаса-Прэабражэнскай царквы ў Заслаўі з дзвюх прыбіральняў працавала толькі адна, мужчыны і жанчыны змушаны былі стаяць у адной чарзе. Зачыніцца таксама нельга: дзверы не працуюць. Жудасна непрыемна і сорамна перад замежнымі гасцямі. Складваецца ўражанне, што нашы чыноўнікі ніколі не наведваюць гістарычныя беларускія мясціны, альбо іх водзяць у іншыя прыбіральні.





Суарганізатар вандроўкі з боку «Спеўнага схода» Аляксей Чубат таксама здзіўляецца таму, што мясцовыя кіраўнікі як быццам забылі пра існаванне пад бокам Мінска такога буйнога цэнтру турызма як Заслаўе.


Калі ў Вязынцы наведвальнікі яшчэ могуць знайсці санітарную альтэрнатыву ў лесе, альбо ў хмызняку пры рэчцы, дык у Заслаўі такой альтэрнатывы няма, даводзіцца карыстацца жудаснымі прыбіральнямі, якія там ёсць, — кажа Аляксей. — З аднаго боку, месца калі царквы ў Заслаўі выглядае па-еўрапейску: 1000-гадовы вал абкошаны, растуць прыгожыя кветкі. І ў гэтым жа месцы пасля наведвання прыбіральні ўзнікае жаданне прайсці дэзінфекцыю.


Па словах аднаго з арганізатараў купальскага фэсту ў Вязынцы, у розных конурсах падчас святочных мерапрыемстваў удзельнічалі калектывы з Расіі і Украіны, а таксама прысутнічалі госці з Літвы і Нямеччыны. Будзем спадзявацца, што яны адпраўлялі свае жыццёвыя патрэбы ў больш прыстойных умовах, чым просты беларускі люд.


Каментаваць