Журналіст "Новага часу" Зміцер Галко, які знаходзіўся ў руках сепаратыстаў Славянска, адпушчаны

Некалькі гадзін журналіст "Новага часу" Зміцер Галко разам з французскім і італьянскім журналістам знаходзіўся ў руках невядомых у Славянску. Мы звязаліся са Зміцерам, каб высветліць усе падрабязнасці яго затрымання.



Сёння каля 8-й раніцы Зміцер разам з калегамі прыехаў З Данецка ў Славянск, каб на свае вочы пабачыць, што тут адбываецца. Адразу ж было вырашана пайсці да будынку, дзе раней знаходзілася СБУ, а зараз шчыруюць сепаратысты.

У будынку журналісты папрасілі сустрэчы з кімсьці, хто з'яўляецца там галоўным. Пасля 30 хвіліннага чакання да іх выйшаў чалавек, які назваўся камандзірам і згадзіўся правесці для журналістаў своеасаблівую экскурсію. "Камандзір" вельмі ахвотна расказваў пра тое, як яны будуць наступаць на Кіеў, якія яны падрыхтаваныя і бясстрашныя, паказаў нават аўтамабілі амфібіі, якія нібыта, будуць задзейнічаны ў переправе праз Днепр, калі пачнецца штурм Кіева. Адзінае, на што не хапіла смеласці ў камандзіра — назваць сваё прозвішча.

Дарэчы, па словах Зміцера, ніводны чалавек з тых, што знаходзяцца на тэрыторыі, дзе раней размяшчалася СБУ, не назваўся. А тыя, хто не з'яўляўся хоць нейкімі камандзірамі, нават адмаўляліся размаўляць з журналістамі. Яны толькі суха адзначалі, што "не ўпаўнаважаныя нешта адказваць".

Яшчэ цікавая дэталь: каля будынку СБУ Зміцер заўважыў аўтамабіль без нумароў, але з расейскім тэхаглядам, пра што яскрава сведчыла налепка на лабавым шкле.

Журналісты спрабавалі ў "камандзіра" атрымаць дазвол на здымкі па ўсяму гораду, але той адказаў, што яго паўнамоцтвы распаўсюджваюцца толькі на гэту акрэсленую тэрыторыю.

Пасля экскурсіі па будынку СБУ журналісты вырашылі пайсці ў квартал, дзе кампактна пражываюць цыганы. Для гэтага трэба было перайсці мост, які з двух бакоў ахоўваўся блокпастамі. Вось тут і пачалося самае цікавае...

Зміцер Галко разам з французскім і італьянскім калегам паспяхова прайшлі першы блокпост і вырашылі зрабіць перакур, а заадно зрабіць фатаздымак таблічкі з надпісам "Міны", якую тут пабачылі. Раптам да іх падскочылі некалькі чалавек у масках, у аднаго з іх быў нож, у другога абрэз. Яны нічога не сталі слухаць, сказалі, што журналісты некія "мутныя тыпы", запіхнулі ўсіх на задняе сядзенне машыны і павезлі яшчэ на нейкі блокпост.

Тут ужо журналісты пабачылі цалкам узброенных людзей з аўтаматамі Калашнікава, якія размаўлялі на чысцюткай рускай мове і, зразумела, адмовіліся прадстаўляцца. Пасля высвятлення таго, што "мутныя тыпы" усё ж журналісты, недзе праз 40 хвілін узброеныя людзі ўсіх выпусцілі і нават папрасілі прабачэнне за нязручнасці.

Журналісты зноў накіраваліся на другі бок маста, каб усё ж трапіць у цыганскі асяродак. Але на блокпасту іх зноў затрымалі. Тое, што іх ужо затрымлівалі і дазволілі працаваць літаральна некалькі хвілін таму, чарговых ахоўнікаў чарговага блокпасту не збянтэжыла. Яны сказалі, што ведаць нічога не ведаюць, ніхто ім не указ, а журналістам тут працаваць без акрэдытацыі нельга. Акрэдытацыю параілі атрымаць у гарсавеце.

Пасля гэтага Зміцер Галко вырашыў з'ехаць з гасцёўнага Славянску. Зараз наш журналіст накіроўваецца ў Краматорск, пасля чаго паедзе ў Данецк.

Абмеркаванне:

  • Татьяна
  • 2014-04-21 20:52:55
Держись, Дмитрий, и поддерживай своих зарубежных коллег! Они хоть не оказались трусами в ответственный момент?Благополучного всем возвращения. Ждём поподробнее материал. Спасибо редакции за интервью
- в ф/б только обрывки информации. Всем - успехов. Пусть Светлая седмица не омрачится трагедиями!

Каментаваць