Журналісты “Новага Часу” паспрабавалі на сабе квэст Нацыянальнага гістарычнага музею (+фота)

“Музей дзецям з velcom” — менавіта так называецца сумесны праект velcom з гістарычным музеем, другая частка якога — гістарычны квэст —  старатавала 24 лютага. Па запрашэнні арганізатараў паўдзельнічаць у квэсце вырашыла і каманда журналістаў "Новага часу".



Праект “Музей дзецям з velcom”, які пачаўся ў кастрычніку 2015 года, накіраваны ў першую чаргу на дзяцей і іх бацькоў. “У асноўным мы прымаем экскурсіі. Але вельмі рэдка здараецца так, што дзеці самі цягнуць бацькоў у музей. Новае пакаленне школьнікаў значна больш развітае і прашаранае ў інфармацыйных тэхналогіях. А вучыцца гуляючы, вядома, заўжды цікавей, чым вучыцца па падручніках. Нажаль, нам не заклалі ў свядомасць усю прыўкраснасць наведвання музеяў. І, звярнуўшыся па дапамогу да velcom, мы паспрабавалі пачаць яе мяняць”, — сказаў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Алег Рыжкоў.

Што ж тычыцца гістарычнага квэсту, то ён дае магчымасць не проста прыйсці ў музей і прабегчыся вачыма па экспазіцыіях, але і цікава правесці час, адказваючы на пытанні і рашаючы ўсялякія галаваломкі. Гульня адаптавана для людзей рознага ўзросту — малодшых і старэйшых школьнікаў, студэнтаў, а таксама дарослых. Квэст ахоплівае асноўныя экспазіцыі гістарычнага музея, уключае некалькі гарадскіх лакацый і выставы ў музеях гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і гісторыі беларускага кіно.

Пакаштаваць такое ноў-хаў першым прапанавалі журналістам. Каб нам было цікавей удзельнічаць, арганізатары вырашылі падключыць дух спаборніцтва — падзяліць нас на каманды і вызначыць пераможца, які за самы кароткі тэрмін пройдзе усе выпрабаванні. У нашай камандзе было чатыры чалавекі і два музейныя супрацоўнікі. Нас запрыкмецілі адразу, бо журналісты “Новага часу” гэта ў тым ліку — кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў і магістрант гістарычнага факультэта Піліп Падбярозкін. “Сорамна вам будзе прайграць”, — пажартавалі арганізатары. Але, па сутнасці, кандыдацкія веды па гісторыі ў квэсце абсалютна не патрэбныя, бо гульня разлічана больш не на праверку ведаў, а, наадварот, на іх атрыманне.

У пілотным варыянце квэсту кожнай камандзе выдалі па планшэце. У будучым, для праходжання заданняў гульні аматарам гісторыі дастаткова мець пры сабе планшэт або тэлефон з аперацыйнай сістэмай Android або IOS. Далей трэба перайсці па QR-коду ў краму дадаткаў, спампаваць патрэбнае і атрымаць на гаджэт першае заданне.

Каманды запускалі ў дзесяціхвіліннай адлегласці адна ад адной, каб мы не маглі бачыць хвост сваіх папярэднікаў. Першае заданне, якое нам агучыў планшэт, — у канкрэтнай залі музея знайсці сякеру 7-8 стагоддзя. Улічваючы, што мы праходзілі квэст-спаборніцтва, нам была дарагая кожная хвіліна. Таму нам прыйшліся дарэчы веды па распалажэнні экспанатаў у музеі нашых гісторыкаў— яны хутка знайшлі патрэбны стэнд і, адпаведна, патрэбны экспанат. Вырашэнне гэтай задачы заняла некалькі хвілін, что вельмі здзівіла супрацоўнікаў музея.

Забілі адказ у планшэт, які выдаў новае заданне, што накіравала нас у іншыя залі музея. Наогул, для праходжання квэсту важныя акрамя ведаў смекалка, хуткасць рэакцыі і ўважлівасць, якая спатрэбілася нам падчас шукання сярод рарытэтных выданняў кнігу Цыцырона.

Квэст-спаборніцтва — гэта, як аказалася, яшчэ і дадатковая прабежка. Праз некалькі заданняў планшэтны навігатар накіраваў нас на вуліцу, да Чырвонага касцёла, адкуль мы пабеглі ў музей кіно, а пасля — у музей тэатра. У кожным музеі мы атрымлівалі па некалькі заданняў. Напрыклад, у музеі кіно, гледзячы на экспанат лятучай мышы, трэба было адгадаць, з якога фільма яна прыляцела. У такіх заданнях уратоўвае камандны дух. Я б, наэпўна, ніколі не здагадалася, што прыляцела яна з “Прыгод Бураціна”.

На жаль, на пэўным адрэзку квэста нас крыху падвяла тэхніка, таму мы страцілі некалькі хвілін. Але, выканаўшы апошняе заданне ў залі музея тэатра, мы пабеглі ў галоўны офіс velcom, каб адзначыцца і спыніць свой час. Наша каманда прайшла квэст за гадзіну адзінаццаць хвілін. Каманда-пераможца прайшла свой адрэзак за гадзіну і адну хвіліну. Так што “Новы час” быў толькі другім.

“Гэты квэст карысны нават проста дзеля таго, каб даведацца, што першы беларускі рэжысёр — гэта Тарыч. А тую манету, якую нам трэба было адшукаць сярод экспанатаў, — мы запомнім на ўсё жыццё”, — падзяліўся ўражаннямі Ігар Мельнікаў.

Напрыканцы сустрэчы журналістам быў прэзентаваны другі нумар інтэрнэт-часопіса “Музейныя вандроўкі”, які карыстаецца попытам у маленькіх беларусаў не толькі нашай краіны, але і ЗША, Чэхіі, Польшчы, Украіны. Колькасць праглядаў ужо дасягнула пяці тысяч. Замкі, традыцыі нашай шляхты, сярэднявечная музыка — менавіта пра гэта расказвае часопіс.

Пры ўсіх плюсах і значнасці праекта “Музей дзецям з velcom»  ёсць у ім і адзін, на мой погляд, істотны мінус — не гледзячы на назву па-беларуску, праект рускамоўны. Пытанні ад Нацыянальнага гістарычнага музея пра Адама Міцкевіча, Францішку Уршуля Радзівіл ды іншых асоб беларускай гісторыі хочацца ўсё ж чуць па-беларуску. Аднак, як патлумачылі арганізатары праекта, калі квэст будзе папулярны, маскоўскія распрацоўшчыкі праграмнага забяспячэння гатовыя зрабіць беларускамоўную версію.

Тым не менш, “Музей дзецям з velcom" — добрая альтэрнатыва для заахвочвання нацыянальнай гісторыяй. Гэты праект захоплівае і ненавязліва прапануе даведацца не толькі шмат цікавых фактаў пра гісторыю Беларусі, але і лепш пазнаёміцца з вуліцамі і будынкамі Мінска.

"Каштоўнасць праекта "Музей дзецям з velcom" у тым, што ён дазваляе выкарыстоўваць сучасныя тэхналагічныя рашэнні для знаёмства з багатай калекцыяй Нацыянальнага гістарычнага музея і вывучэння гісторыі Беларусі — падкрэсліў першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі velcom Мікалай Юшкевіч. — Інтэрактыўны фармат заняткаў ўлічвае лепшы сусветны вопыт і дазваляе кожнаму ўдзельніку паспрабаваць сябе ў ролі даследчыка гісторыі сваёй краіны".

Каментаваць