Журналісты зноў пад ударам. У панядзелак суд

Учора не абышлося без затрыманняў. Гэтым разам у пастарунку, а потым у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна апынуліся незалежныя журналісты Генадзь Барбарыч і Алесь Ярашэвіч.



www.svoboda.org Мінскі следчы ізалятар


Складваецца ўражанне, што сілавікі і спецслужбы пятнічным вечарам вырашылі зладзіць сабе чарговую забаву — паляванне на журналістаў. Натуральна, недзяржаўных. Спачатку наўпрост з тралейбуса, прычым ужо пасля заканчэння “Чарнобыльскага шляху”, супрацоўнікі праваахоўных органаў выцягнулі карэспандэнтак “Нашай Нівы” Аксану Рудовіч і Ірыну Арахоўскую. Дзяўчын, якія сталі сведкамі затрымання аднаго з удзельнікаў акцыі ды знялі гэты факт на відэакамеру, адвезлі да Савецкага РУУС, прагледзелі запісы, праверылі дакументы і недзе праз гадзіну выпусцілі нават без складання пратаколу. 

А вось журналістам Генадзю Барбарычу і Алесю Ярашэвічу пашчасціла значна менш. Іх таксама затрымалі ўжо пасля вулічнай акцыі. А палове на адзінаццатую вечара хлопцам удалося датэлефанавацца ў Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ) і паведаміць, што іх вязуць у той жа Савецкі РУУС.   

У 23.15 прэс-сакратару БАЖ Барысу Гарэцкаму, які скіраваўся ў РУУС, дзяжурны па аддзяленні Марцінкевіч заявіў, што Барбарыча і Ярашэвіча ў іх няма. Тым не менш, недзе у 00.20 журналістаў на вачах у калег вывелі з Савецкага РУУС, пасадзілі ў міліцэйскую машыну і адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе яны прабудуць да суда, які мае адбыцца ў панядзелак, 29 красавіка.

Затрыманых журналістаў абвінавачваюць у непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі — артыкул 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафа памерам ад 20 да 50 базавых адзінак альбо адміністрацыйнага арышту.

У суботу, 27 красавіка, прадстаўнікі БАЖ меліся перадаць затрыманым калегам перадачы. Аднак, як паведаміў “Новаму часу” Барыс Гарэцкі, супрацоўнікі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў адмовіліся іх прыняць і заявілі, што журналісты змогуць атрымаць перадачы толькі пасля суда ў панядзелак. У колькі пачнецца разгляд адміністрацыйных справаў Барбарыча і Ярашэвіча, невядома.

Каментаваць