Жыццё (не)звычайнага беларуса: гісторыя прадпрымальніка з Бешанковічаў, які прадае вопратку ў этнічным стылі

У межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса» інтэрнет-газета “Салідарнасць” распавядае гісторыю жыцця прадпрымальніка з Бешанковічаў Уладзіміра Рамановіча, які прадае вопратку ў этнічным стылі і будуе эка-дом з саломы.



— Я эканаміст-менеджар, скончыў віцебскі філіял Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносінаў. Але мая прафесія — гэта не толькі лічбы і планаванне. Я стараюся да любых рэчаў падыходзіць творча. Ва ўніверсітэце нам казалі, што мала атрымаць веды, трэба ўмець іх прымяніць, — кажа прадпрымальнік.

Забягаючы наперад, адзначу, што Уладзіміру ўдалося спалучыць творчае з прафесійным. Але пра ўсё па парадку.

«Дом, які пабудаваў…»

Колькі год таму Уладзімір пачаў будаваць у Бешанковічах эка-дом. Пра яго тады пісалі нават у «Советской Белоруссии».

 

Ад планаў да рэальнасці

Прычына была хутчэй у незвычайнай ініцыятыве: малады чалавек запрасіў на будоўлю валанцёраў, якім за працу абяцаў харчаванне, аплату праезду і навучанне.

— Я ездзіў пад Беласток і ў Лепель, дзе немцы збудавалі эка-жыллё.

Але валанцёры не адгукнуліся. Мясцовыя падумалі, што іх хочуць выкарыстаць задарма: «Шукай дурняў, казалі».

На сёння будучы двухпавярховы эка-гатэль накрыты дахам. Асаблівасцю яго канструкцыі з’яўляюцца сцены, зробленыя з саломы.

Наперадзе чакае падключэнне камунікацый.

— Падвесці газ каштуе каля 100 мільёнаў. За гэтыя грошы я магу паставіць сонечныя батарэі і летам прадаваць электраэнергію гораду, а зімой сілкавацца ад гарадской сеткі. Выйду на нуль, — жартуе Уладзімір.

Яшчэ недабуваны дом паспеў стаць гарадской адметнасцю. Ён стаіць амаль у цэнтры райцэнтра, побач праходзіць пешаходная вуліца.

— Ідуць парачкі і мы чуем дыялогі: «А ты ведаеш, што гэты дом з саломы? — Ды ну? Ты што?!».

Як расійскі серыял падказаў ідэю для беларускага бізнесу

Уладзімір пазнаёміўся з будучай жонкай у 2010 годзе ў часе мясцовых выбараў.

— Мяне найперш цікавіла камунікацыя з людзьмі, праца з аўдыторыяй. Мая акруга была пераважна студэнцкая, — прыгадаў ён.

Пачаў збіраць каманду. У інтэрнэце адгукнулася дзяўчына, з якой дамовіліся разам збіраць подпісы.

— Так і пазнаёміўся з Аляксандрай, з будучай жонкай, — расказаў Уладзімір.

Уладзімір і Аляксандра

Ва ўніверсітэце з ёй сур’ёзна пагутарылі, калі даведаліся, за каго яна збірае подпісы: «Палохалі, што я дэструктыўны элемент».

У Бешанковічах няма беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку, таму маладыя бацькі неўзабаве сутыкнуліся з моўнымі сюрпрызамі.

— Была такая гісторыя з першым сынам. Ён пачаў зваць мяне «папа», а не «тата». Пасля дня ў садку расказаў аднойчы, што ў яго «есть друг». Давялося расказваць пра слова «сябар», — прыгадаў Уладзімір.

І дадаў:

— Мне з дзяцінства хапала беларускай мовы, таму я не маю з гэтым праблем. Жонцы трошкі складаней, бо яна руская. Але і яна стараецца ў дома з дзецьмі размаўляць па-беларуску.

Тая гісторыя з садком стала пачаткам справы Уладзіміра і Аляксандры:

— Мы захацелі зрабіць штосьці для сына. Ідэю выпадкова падгледзелі ў расійскім серыяле «Вароніны». У кадр трапілася лядоўня з налепленымі на яе магнітамі з літарамі.

Так з’явіліся наборы магнітаў на лядоўню «Беларускі алфавіт» і «Літары для добрых слоў».

«Хтосьці ідзе на мітынгі, а я пашыраю беларушчыну сваім прадуктам»

Пасля магнітаў былі сшыткі і альбомы для малявання. Неяк Уладзімір заўважыў, што ў крамах зусім няма сшыткаў, аформленых па-беларуску.

— Нам яшчэ рана было думаць пра школу, але вырашылі заняцца ўсё адно, — расказаў суразмоўца.

Ён прыгадаў выказванне ў адным з бізнес-падручнікаў: думайце пра тое, што можа прынесці карысць астатнім, а калі і з’явіцца попыт, то будуць і грошы.

Дызайн вокладак Уладзімір прыдумляў сам, набываючы веды з дапамогай спецыялізаванай літаратуры і прыкладаў з інтэрнэту.

Каб друкаваць сшыткі, зарэгістраваў ІП.

А потым былі швэдры, шапкі і шалікі ў этнічным стылі ды з выявай «Пагоні» — у Беларусі на фоне падзей ва Украіне набіралі папулярнасць вышыванкі.

Неўзабаве з’явілася інтэрнэт-крама Belarusam.by.

Назва ў крамы сімвалічная, бо сама справа для яе ўладальніка — больш, чым проста бізнес.

— Хтосьці ідзе на мітынг, каб данесці свае ідэі. А я хачу пашыраць беларушчыну сваім прадуктам.

Пра якасць і канкурэнцыю

Уладзімір кажа, што адметным яго тавары робіць іх якасць. Сшыткі толькі з добрай паперы, швэдры — з якаснай і не таннай воўны.

— Адзін знаёмы неяк сказаў: ды навошта так насіцца з якасцю, вось вазьму макет з інтэрнэту ды раздрукую… Я не супраць, хай друкуе. Наадварот, добра, што тых вышыванак будзе больш.

Але вось іншы прыклад. На «Славянскім базары» мы прадавалі свой тавар і частку тавару партнёраў з Symbal.by. Нашы вышыванкі каштавалі ад 250 тысяч, а насупраць хлопцы прадавалі танныя прынты. І яны штораз скідвалі цану, але куплялі вышыванкі часцей у нас, — падзяліўся досведам прадпрымальнік.

Канкурэнцыі з боку калегаў, што вырабляюць этнічную вопратку і атрыбутыку, ён не баіцца: «У кожнага з нас ёсць свая ніша. Разам мы робім супольную працу».

Як, зрэшты, і з боку дзяржаўных вытворцаў ён не адчувае пагрозы:

— На днях быў школьны кірмаш. Вакол нас былі суцэльныя гранды. Кірмаш працаваў ад 9-й да 17-й. Але недзе ў 14 нашы суседзі пачалі масава згортвацца…

«У нас союз с Россией, а вы хотите, как в Украине»

Распрацоўваць новы прадукт і прадаваць яго дапамагае інтэрнэт.

— Гэта і карысныя парады, і новыя кліенты, і бясплатнае маркетынгавае даследванне, і шмат чаго іншага, — кажа Уладзімір.

Зрэшты, Сеціва мае і свае мінусы. Неяк у адной з сацсетак да прадпрымальніка прычапіўся незнаёмец, якому не спадабаліся фотаздымкі вышыванак. Пасля абяцанняў зафіксаваць ягоныя абразы і пагрозы, ды здаць іх разам з заявай у кампетэнтныя структуры, ён адчапіўся.

І яшчэ пра лыжку дзёгцю. На сваёй старонцы ў фэйсбуку Уладзімір прывёў аргументы намесніка дырэктара Віцебскай абластной друкарні, якому ён прынёс адзін з макетаў:

«У нас 1) союз хотите, как с Россией, 2) вы к Украине, 3) А какое Беларусь имеет отношение к ВКЛ,4) А почему вы не сделали нормальные тетради про Великую Отечественную войну. Мы не будем брать ваш заказ. Мы заботимся, чтобы у вас не было проблем. У вас же есть дети. И у меня. И вообще — печатайте в Смоленске».

«Калі б у мяне былі грошы…»

Уладзімір не кажа наўпрост, ці можна зарабіць на сшытках ды швэдрах з «Пагоняй».

— Беларускі тавар, як у нас, — гэта ніша, якая можа пашырацца. Гэта выдатны маркетынгавы крок, — кажа прадпрымальнік.

Ён не збіраецца саступаць у якасці, каб атрымаць магчымасць прадавацца ў тым жа «Еўраопце». — Якасць мусіць каштаваць грошай.

Мой суразмоўца ўпэўнены, што час ініцыятыў, падобных да ягонай, яшчэ прыйдзе, а пакуль трэба працаваць.

— Калі б у мяне былі грошы, я падумаў бы над стварэннем беларускамоўных мульцікаў для дзяцей. А яшчэ ў нашых кнігарнях не хапае даведнікаў па-беларуску для самых маленькіх. У польскім «Эмпіку» ёсць даведнікі для чатырохгадовых, а ў нас зусім няма ніякіх.

«Прыемна, калі твой тавар замаўляюць у Нью-Ёрку»

У адной з віцебскіх крамаў прадпрымальніку заўважылі, што ягоны тавар будзе запатрабаваны толькі ў часе «Славянскага базару»: маўляў, рускія прыедуць і ўсё купяць, а нашым гэта не трэба.

Практыка ж паказвае, што трэба.

— Прыемна было, калі бацькі 23-й гімназіі Мінска набылі ў нас больш за тысячу сшыткаў. БНФ і «Гавары праўду» набылі партыю для бясплатнай раздачы. Гэта ўнікальны выпадак, бо на Захадзе бізнес падтрымлівае палітыкаў, а тут выйшла наадварот, — кажа Уладзімір.

Прадпрымальнік кажа, што прадае тавар па ўсім свеце:

— Мы шукаем суайчыннікаў, што настальгуюць па Беларусі. Было прыемна даведацца, што беларусы з Нью-Ёрка апранулі ў нашу вопратку свайго сына.

Сямён Печанко, Салідарнасць

Фота з Facebook Уладзіміра Рамановіча

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць