“Жыццё пасля кратаў”

Так называецца чарговая кніга вядомага беларускага журналіста і публіцыста Аляксандра Тамковіча, прэзентацыя якой адбылася 26 лютага ў перапоўненай сядзібе Партыі БНФ. Кніга пра тых, хто прайшоў праз вязніцы пасля Плошчы–2010 года, пра тое, як склаліся іх лёсы.

 



Аляксандр Тамковіч на прэзентацыі сваёй 17-й кнігі


Аляксандр Тамковіч на самым пачатку імпрэзы прызнаўся, што не чакаў такой цікавасці да гэтага выдання (зала не змагла ўмясціць усіх жадаючых прысутнічаць на прэзентацыі). Па словах аўтара, арганізатары насамрэч шукалі іншых магчымасцяў для правядзення мерапрыемства, але ў іншых памяшканнях ім адмовілі.

“Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо два гады пасля тых сумных падзеяў, якія ўвайшлі ў найноўшую гісторыю Беларусі як “Плошча–2010”, гэтая гісторыя далёка не скончылася, — адзначыла на самым пачатку вядоўца прэзентацыі праваабаронца Алена Лапцёнак. — За кратамі дагэтуль застаюцца палітвязні, а тыя, хто выйшаў, працягваюць сваё змаганне. З імі паразмаўляў Аляксандр, зрабіў інтэрв’ю і выдаў такую цудоўную кніжку”. Дарэчы, гэта за некалькі апошніх гадоў ужо сямнаццатае выданне аўтарства Аляксандра Тамковіча.

Па словах аўтара, “Жыццё за кратамі” ёсць пэўным працягам выдадзенай год таму кніжкі “Супраць плыні”. А ідэю стварэння прэзентаванай гэтым разам кнігі аўтару падказаў былы палітвязень, удзельнік Плошчы Аляксандр Класкоўскі-малодшы, пра якога распавядалася ў папярэднім выданні.

Пасля кароткай прадмовы прысутныя прагледзелі слайды са змешчанымі ў кнізе фотаздымкамі. Дарэчы, у выданні ёсць 27 артыкулаў і 217 фотаздымкаў, як зробленых журналістамі, так і з сямейных архіваў тых, пра каго распавядаецца ў кнізе.

Як сказала пасля прагляду сябра Рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Равяка — рэдактар гэтага выдання, такія кнігі сведчаць пра грамадскіх актывістаў і пра беларусаў больш, чым іх самыя палымяныя прамовы.

“Аляксандр Тамковіч паказаў нам гэтых людзей у іх звычайных жыццёвых абставінах, а не на барыкадах. Сёння сюды прыйшло шмат людзей, а гэта знак таго, што тэма 2010 году не закрытая. Бо застаюцца палітычныя зняволеныя. З некаторымі з герояў аўтар не змог пагутарыць па вядомых нам прычынах, —  адзанчыла праваабаронца. — Чытаючы пра Дашкевіча, Лобава, Статкевіча, мы чуем галасы іх родных. Павел Севярынец сам напісаў артыкул. Хоць кніга і называецца “Жыццё пасля кратаў”, не ўсе яшчэ на волі, а для некаторых гэта жыццё паміж кратамі”.

Па словах Равякі, лёс у герояў кнігі ды ў вогуле тых, хто прайшоў праз молах рэпрэсіўнай машыны пасля Плошчы, склаўся па-рознаму. Частка з іх засталася на радзіме, нехта з’ехаў у эміграцыю, нехта сышоў з актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці. “Але ўсе яны пасля таго, як выйшлі на волю, шчыра хочуць, каб за кратамі не засталося ніводнага палітвязня. Яшчэ вельмі важна, што ў гэтай кнізе паказана індывідуальнае бачанне будучыні кожнага з герояў артыкулаў. Ніхто не бачыць, што ў будучыні людзі за свае перакананні апынуцца за кратамі. Спадзяюся, што так і будзе”, — сказала Таццяна.

Яна выказала шкадаванне, што ў гэтай кнізе няма і ўжо ніколі не будзе артыкула пра маладога палітвязня, удзельніка Плошчы Арцёма Грыбкова, які трагічна сышоў з жыцця ў мінулым годзе.

На імпрэзе выступілі бацька Ірыны Халіп, якая з прычыны грыпу не змагла прысутнічаць на прэзентацыі, драматург Уладзімір Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты, цяперашняга вязня гарадзенскай крытай турмы Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, маці палізняволенага маладафронтаўца Эдуарда Лобава Марына Лобава, былыя вязні “амерыканкі” Васіль Парфянкоў, Сяргей Марцалеў, Сяргей Казакоў, Алег Корбан, Алесь Арастовіч, Андрэй Дзмітрыеў, Анатоль Лябедзька, Сяргей Вазняк ды іншыя. Усе выказалі аўтару шчырую падзяку за яго кнігу. Па словах Сяргея Казакова, гэтае выданне ёсць сапраўдным летапісам падзеяў, таму кнігу будуць чытаць нават дзеці і ўнукі тых, пра каго пісаў Тамковіч.

Уладзімір Някляеў жартаўліва распавёў: “Год таму ў мяне браў інтэрв’ю адзін французскі журналіст. Ён задаў мне пытанне, на якое я не знайшоў, што адказаць. Ён спытаўся, што ў вашым палітычным жыцці можна назваць сістэмнай з’явай. Цяпер я ведаю, што такой з’явай можна назваць выхад чарговай кнігі Аляксандра Тамковіча. У гэтай кнізе ажыццявіўся прынцып сямейнага альбома. Гэта практычна бяспройгрышны вартыянт, дзякуючы якому вельмі добра раскрываюцца людзі. Тамковічу чарговы раз удалося цікава расказаць пра выбраных ім людзей”, — канстатаваў славуты літаратар.

У сваю чаргу Сяргей Вазняк, артыкул пра якога ў гэтай кнізе называецца “Няправільны камуніст”, паведаміў, што ў яго дома захоўваецца поўны збор твораў Леніна з 55 тамоў. А таксама ўсе шаснаццаць раней выдадзеных кніг Тамковіча. Атрымліваючы з рук аўтара сямнаццатую, Вазняк з жартам адзначыў, што Аляксандру яшчэ варта багата папрацаваць, каб дагнаць “правадыра”.

Але, бадай, самым эмацыйным і ўзрушлівым быў выступ яшчэ аднаго былога палітвязня Аляксандра Фядуты. “Нашы жонкі больш разумныя, чымся мы, і мая, на жаль, не выключэнне. Яна зусім не публічная асоба , і калі падчас першага інтрэрв’ю яна папрасіла журналістаў, каб яны не рабілі з палітзняволеных герояў, на яе паглядзелі як на вар’ятку. Але я цалкам з ёю згодны. Гэтая кніга пра жывых людзей, а не пра помнікі. Тамковіч напісаў пра людзей, якім баліць, якія рабілі і робяць памылкі, і менавіта таму гэтыя гісторыі будуць жыць доўга. Я адкрываю гэтую кнігу і чую галасы жывых людзей, — прызнаўся выступоўца. — Тыя, каго называюць генераламі, палкоўнікамі Плошчы, гэта людзі, перад якімі маячылі ці то слава, ці то грошы, ці то нават эміграцыя. Мы ўсе, ідучы на Плошчу, ведалі, на што ідзём і за што будзем сядзець. А тыя маладыя хлопцы, якіх вязалі і саджалі, ішлі за нашу і вашу свабоду. Вось яны і ёсць сапраўдныя героі”.

Той жа Арцём Грыбкоў, якога больш няма з намі, верш якога нядаўна быў змешчаны ў “Нашай ніве”, па словах Фядуты, мог стаць сапраўдным паэтам у свабоднай краіне. “Дзякуй, што мы можам апынуцца на старонках кнігі побач з тымі, хто ішоў на плошчу за свабоду і толькі за яе. Гэта кніга — апраўданне ўсім нам”, — рэзюмаваў Аляксандр Фядута.

А самы першы палітвязень за Плошчу Васіль Парфянкоў заклікаў не забываць і на тых, хто прайшоў вязніцы, і на тых, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі, а таксама на іх родных.

Каментаваць