Жыхары Дзяржынска адстаялі свае дамы

Жыхары райцэнтра Дзяржынск, што на Міншчыне, абаранілі прыватную забудову па вуліцы Першай Ленінскай



Дзяржынцы выступілі супраць запланаванага да 2020 году зносу сядзібнай забудовы на вуліцы Першай Ленінскай, дзе знаходзіцца 67 прыватных домаўладанняў.

Гэтае пытанне разглядалася з 31 сакавіка па 24 красавіка падчас грамадскага абмеркавання генеральнага плана Дзяржынска, як горада-спадарожніка сталіцы, якім прадугледжвалася “рэканструкцыя пад жылую шматкватэрную забудову” шэрагу вуліц райцэнтру, у тым ліку і Першай Ленінскай. 

Аўтары праекту з КУП “Маладзечнапраект” матывавалі запланаваны знос сядзібнай забудовы неабходнасцю рассялення жыхароў сталіцы ў гарады-спадарожнікі Мінска, у тым ліку і ў Дзяржынск, а таксама тым, што вуліца Першая Ленінская непрыгожая і забудаваная, у асноўным, старымі драўлянымі трухлявымі дамамі. Дарэчы, з гэтымі доказамі цяжка пагадзіцца, бо вуліца Першая Ленінская даволі ўтульная: шырокая, зялёная, заасфальтаваная і мае ходнікі, а дамы на ёй амаль усе добра дагледжаныя. Аднак чыноўнікі палічылі, што ўсе дамы на гэтай вуліцы — трухлявыя і ступень іх зносу незалежна ад года будаўніцтва вызначылі ў 65 адсоткаў.

Пры гэтым жыхарам Першай Ленінскай ніхто так і не даў адказ на галоўнае пытанне — а дзе ж яны будуць жыць пасля зносу іх домаўладанняў? А паколькі людзі не змаглі атрымаць дакладны адказ на гэтае важнае пытанне, дык скарысталіся чуткамі, з якіх вынікае, што гараджанаў могуць перасяліць у пасёлак Энергэтыкаў ці ў цэнтр сельсавету, вёску Станькава (абодва ў Дзяржынскім раёне).

На Першай Ленінскай жыве шмат людзей сталага веку, якіх нельга зрываць з месца. У кожнага гаспадара — невялікі прысядзібны пляц зямлі з гародам, дзе вырошчваецца экалагічна чыстая садавіна, гародніна і зеляніна. А заробкі і пенсіі жыхароў вуліцы не настолькі вялікія, каб ўсё гэта купляць на рынку. Апроч таго, дзеці і ўнукі гаспадароў сядзібаў не лайдачаць, а працуюць разам са старэйшымі на сваёй зямлі.

Для абароны сваіх маёмасных правоў жыхары Першай Ленінскай пры падтрымцы актывістаў грамадскай ініцыятывы “Еўраперспектыва” Дзяніса Кобрусева і Віктара Яўмененкі сабралі подпісы пад зваротамі да дэпутатаў розных узроўняў і да старшыні Мінскага аблвыканкама. Гараджане зарзумелі, што калі самі не будуць настойліва і сістэматычна абараняць свае правы, іх ніхто не абароніць.

І прыйшла першая перамога. Улады прыслухаліся да зваротаў грамадзянаў і пад час падзвядзення вынікаў грамадскага абмеркавання камісія прапанавала рэканструкцыю вуліцы змяніць на яе мадэрнізацыю, што дазваляе не толькі захаваць сядзібную забудову на Першай Ленінскай, але і ўдасканаліць яе знешні выгляд. 

Пасля карэктыроўкі дэтальнай планіроўкі вуліцы Першай Ленінскай праект мусіць быць зноў прадстаўлены на грамадскае абмеркаванне. І грамадзянам трэба ўважліва сачыць за тым, каб спраўдзіліся абяцанні ўладаў наконт працягу грамадскага абмеркавання.

Каментаваць