Жыхары Дзяржынска супраць зносу прыватнай забудовы

Жыхары райцэнтра Дзяржынск, што на Міншчыне, выступаюць супраць запланаванага да 2020 года зносу сядзібнай забудовы на вуліцы Першай Ленінскай, дзе знаходзіцца 67 прыватных домаўладанняў. Пра гэта паведаміла карэспандэнту НЧ жыхарка Дзяржынска Алена Лаўрова.



Вуліца Першая Ленінская ў Дзяржынску


Паводле яе слоў, калі ў лістападзе мінулага года яна звярнулася ў райвыканкам, каб падпісаць новы тэхнічны пашпарт на дом, дык атрымала адмову на той падставе, што прыватныя домаўладанні вуліцы запланавана пад знос для будаўніцтва шматпавярховак. Чыноўнік прапанаваў жанчыне зноў звярнуцца ў райвыканкам пасля грамадскага абмеркавання генеральнага плана рэканструкцыі горада, якім прадугледжаны знос сядзібнай забудовы на шэрагу вуліц райцэнтру, у тым ліку і на Першай Ленінскай.  

Дарэчы, грамадскае абмеркаванне было прызначана на 29 красавіка а 16.00, калі многія зацікаўленыя гараджане былі на працы, і таму не змаглі прысутнічаць на гэтай важнай для кожнага домаўладальніка сустрэчы. Тым не менш, у грамадскім абмеркаванні ўдзельнічалі каля 100 гараджанаў, з якіх амаль добрая палова — жыхары Першай Ленінскай. Падчас гэтай сустрэчы з гараджанамі чыноўнікі запэўнілі людзей у тым, што ад аўтараў праекта нічога не залежыць, бо яны толькі выконвалі ўказанне Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Аўтары праекту матывавалі запланаваны знос сядзібнай забудовы неабходнасцю рассялення жыхароў сталіцы ў гарады-спадарожнікі Мінска, у тым ліку і ў Дзяржынск, а таксама тым, што вуліца Першая Ленінская непрыгожая і забудаваная, у асноўным, старымі драўлянымі трухлявымі дамамі. Дарэчы, з гэтымі доказамі цяжка пагадзіцца, бо вуліца Першая Ленінская даволі ўтульная: шырокая, зялёная, заасфальтаваная і мае ходнікі, а дамы на ёй амаль усе добра дагледжаныя. Так, дом спадарыні Алены, якому 109 гадоў, выглядае вельмі прыстойна, бо гаспадыня клапатліва і своечасова даглядае сваё жыллё. “Дарэчы, калі мянялі вокны ў маёй хаце, дык свёрлы ламаліся аб яшчэ моцную драўніну. Так што мая сядзіба яшчэ стагоддзе прастаіць. Аднак чыноўнікі лічаць, што ўсе дамы на нашай вуліцы з’яўляюцца трухлявымі і ступень іх зносу незалежна ад года ўзвядзення вызначылі ў 65 адсоткаў. Пры гэтым абследаванне нашага жылля ніхто не праводзіў”, — сказала Алена Лаўрова.   

Сама яна жадае і далей жыць у доме сваёй бабулі і на зямлі, а не ў шматпавярховіку. Тым больш, што жыхарам Першай Ленінскай ніхто так і не даў адказ на галоўнае пытанне: а дзе ж яны будуць жыць пасля зносу іх домаўладанняў? А паколькі людзі не могуць атрымаць дакладны адказ на гэтае важнае пытанне, дык карыстаюцца чуткамі, з якіх вынікае, што гараджанаў могуць перасяліць у пасёлак Энергетыкаў ці ў цэнтр сельсавету, вёску Станькава (абодва ў Дзяржынскім раёне). “Хоць чыноўнікі запэўніваюць, што з горада нас ніхто не выселіць. Аднак у Дзяржынску нічога не будуецца. Таму мы больш верым чуткам”, — зазначыла Алена Лаўрова.

Алена Лаўрова

Яна звярнула ўвагу на тое, што на вуліцы жыве шмат людзей сталага веку. “А сарваць іх з месца — значыць пахаваць. У кожнага гаспадара — невялікі прысядзібны ўчастак зямлі з гародам, дзе вырошчваецца экалагічна чыстая садавіна, гародніна і зеляніна. А заробкі і пенсіі ў нас не настолькі вялікія, каб ўсё гэта купляць на рынку. Апроч таго, нашыя дзеці і ўнукі не лайдачаць, а працуюць з намі на сваёй зямлі. І гэта вельмі важна для іх працоўнай загартоўкі і выхавання. Пасля ж пераезду ў шматпавярховікі замест працы на зямлі ім застанецца інтэрнэт і піва”, — падкрэсліла спадарыня Алена.

  

Для абароны сваіх маёмасных правоў жыхары Першай Ленінскай збіраюць подпісы пад зваротамі да дэпутатаў розных узроўняў і да старшыні Мінскага аблвыканкама. “Мы разумеем, што калі самі не будзем настойліва і сістэматычна абараняць свае правы, нас ніхто не абароніць”, — падкрэсліла Алена Лаўрова.

Яна выказала падзяку актывістам грамадскай ініцыятывы “Еўраперспектыва” Дзянісу Кобрусеву і Віктару Яўмененку за падтрымку жыхароў вуліцы Першай Ленінскай у адстойванні сваіх маёмасных правоў.

Каментаваць