Жыхарка Слуцку скардзіцца на цемру і небяспеку

На выходных Слуцк адсвяткаваў сваё 900-годдзе. У цэнтры горада сабралася шмат случчан і гасцей. Мясцовыя ўлады арганізавалі святкаванне з размахам (выдаткавалі ажно каля мільёна долараў), але на належным асвятленні, відаць, зэканомілі.

Сваімі ўражаннямі ад свята дзеліцца жыхарка горада Валянціна Пашкевіч:

Мяне ўразіла, што арганізатары не паклапаціліся наконт асвятлення пляцоўкі паміж вуліцай Леніна і ракой Случ. Менавіта там знаходзілася большая частка народу. З 19 гадзін да 22 гадзін людзі сноўдаліся ў поўнай цемры каля рамесніцкіх вырабаў у чаканні абяцанай неонавай ілюмінацыі і салюта. Звычайная цьмяная дэкаратыўная падсветка высвечвала толькі абрысы людзей на ходніках. Дарэчы, не здзіўлюся, калі рамеснікі не далічацца якіх небудзь сваіх вырабаў.


Шмат у каго з случчан узніклі пытанні наконт  адсутнасці бяспекі вулічнага руху. Паколькі быў прыпынены рух праз цэнтр, і аўтамабілі рухаліся па паралельных вузкіх вуліцах, можна было б там паставіць пасты даішнікаў і ўключыць ліхтары. Але пра акраіны ніхто не паклапаціўся і пасты міліцыянтаў сачылі толькі за рухам праз цэнтр.

 — Калі цэнтральная вуліца Леніна была крыху асветлена, дык на вуліцы Пракопчыка, па якой машыны рабілі аб’езд перакрытага цэнтра, не гарэў ні адзін ліхтар. Ходнікаў там няма, мы з сяброўкай прабіраліся па цёмнай вуліцы паўз платы, каб не зачапіцца за якую-небудзь яміну і не ўпасці. А ў гэты час па вуліцы ў два бакі ланцугом рухаліся аўтамабілі ў абход цэнтральнай вуліцы.

Да таго ж на перакрыжванні вуліцы Леніна з Пракопчыка мы ўбачылі, як адзін аўтамабіліст праехаў на чырвоны свет і ледзве не адправіў на той свет пешага чалавека. Рэзка затармазіў у апошнюю хвіліну, аб’ехаў і паімчаўся далей.

Здзівілі паводзіны міліцыянтаў, якія ехалі следам за гэтай аўтамашынай, яны ніяк не адрэагавалі.

Каментаваць