Жыхары Паўночнага: «Мы не быдла, мы — людзі!»

У духаце і цісканіне распачалося абмеркаванне горадабудаўнічага праекта пасёлка Паўночны. Некалькі соцень чалавек не змясціліся ў залі школы, а градус эмоцый людзей зашкальваў.
Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)Фота: tut.by

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)Фота: tut.by

«Ужо аднаму чалавеку стала дрэнна! Пераносьце сустрэчу ў іншае месца» — спрабавалі дакрычацца людзі да чыноўнікаў, якія сядзелі ў прэзідыуме.

«Ганьба! Мы нічога не бачым і нічога не чуем!»

«Ды перанясіце ў іншае месца! Людзі давяцца! У выканкаме вялікае памяшканне. Цырк зладзілі! Дэпутаты, выйдзіце і паглядзіце, колькі людзей, што адбываецца! Выйдзіце, выйдзіце — вы сядзіце вельмі здорава! На лесвіцы людзі стаяць! На вуліцы стаяць! Трэба збіраць у іншым месцы. Дэбілы!»

«Чыжоўка-арэна» ёсць» — рэакцыя на рэпліку чыноўніцы, што не знайшлося іншага памяшкання для сустрэчы.

«Паважаныя чыноўнікі, перад вамі людзі! Сядзіце, галовы паўпіралі, а мы тут душымся!»

Заклікі да мелі плёну. Прэзентацыю праекта распачала архітэктар Зоя Забароўская. Пад пашырэнне вуліц Несцерава і Байкальскай плануецца знесці 69 дамоў. Распрацоўшчыцу праекта адразу закідалі пытаннямі.

«У гэтай схеме ніхто разабрацца не можа! Дзе і ў якім месцы будуць дамы знасіцца? Называйце нумары дамоў.»

«Вы людзей запыталі? Каму патрэбна пашырэнне вуліцы Несцерава з трамваем? Нікому. Каму патрэбна пашырэнне вуліцы Ангарскай альбо Байкальскай? Што, на іх коркі абалдзенныя, як у Маскве альбо ў цэнтры горада? Няма. Людзям гэта не патрэбна. Для чаго тады гораду траціць грошы? У нас ёсць куды траціць грошы»

«Гэта тут пойдзе трамвай, які нафіг нікому не патрэбны»

«Нас ніколі ні аб чым не пытаюцца»

«Вы кажыце ўсім дадзім раўнацэннае жыллё адносна таго, што забіраем. Колькі людзей з тых дамоў, каторыя вы ўжо знеслі і пабудавалі тут 19-павярховікі, атрымалі ўчасткі ў Мінску для прыватных дамоў? У Мінску ніколі ўчасткаў не выдзяляецца».

«Гэта не кампенсацыя, гэта крадзеж!»

На месцы зялёнай зоны мяркуецца пабудаваць шматпавярховы дом.

«Навошта вы лепіце адзін да аднаго дамы? Навошта?»

«Самі жывуць у катэджах. Дазваляюць будаваць катэджы тым, хто мае ўладу. Там зусім іншыя тэрыторыі і плошчы»

«За кальцавой трэба будаваць, а не тут!»

«Дурдом!»

«Прычапіліся да гэтых дамоў — і хоць ты праваліся!»

«Чаму Дразды не ўшчыльняюць? (апладысменты) Ушчыльніце Дразды — і я пагаджуся на ўшчыльненне!»

«Рукі прэч ад Паўночнага!»

На дапамогу распрацоўшчыцы праекта прыходзілі то Аляксандр Сцяпанаў, намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна, то Вольга Верамей, намеснік старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.

Астатні прэзідыум захоўваў маўчанне. Не сказаў ні слова ні Аляксандр Крымскі, начальнік упраўлення ідэалагічнай працы, ні дэпутаты Мінгарсавета Павел Огер і Ігар Русакевіч.

«Усміхаецеся, быццам усе тут прыдуркі!» — панесліся рэплікі і на іх адрас.

«Прыйшлі адаспацца. І гэты (пра Русакевіча) увесь час так спіць. Падапрэ рукой галаву і сядзіць ад нарады да нарады. Прыйшоў, паспаў, пайшоў»

«Ім усё роўна, дзе штаны праціраць — у кабінеце ці тут!»

Старая жанчына, інвалід па зроку (у гістэрыцы): «Вы ж дэпутаты! Мы галасавалі за вас! Дапамажыце нам! Што ж вы маўчыце?»

«Вы абавязаны выказваць волю народа»

«Мы не хочам, каб нас знасілі! Вам ясна?!»

Слова узяў дэпутат Палаты Валерый Курсевіч: «Тут сабраліся абмеркаваць і знайсці канструктыў, а не гаманой займацца, ну дарагія таварышы!» Дыялога з народам у дэпутата не атрымалася.

Старшыня ініцыятыўнай групы «Паўночны пасёлак» Таццяна Пенкрат распавяла гісторыю адной сям’і. У 2012 годзе Мінгарвыканкам выдзеліў людзям зямельны ўчастак пад будаўніцтва жылога дома ў Паўночным пасёлку. Яны прадалі трохпакаёвую кватэру. Як шматдзетная сям’я атрымалі аднапрацэнтны дзяржаўны крэдыт на 40 гадоў для паляпшэння жыллёвых умоваў. І да 2017 года пабудавалі трохпавярховы дом з жылымі гаспадарчымі забудовамі.

На сёння ў схеме дэтальнага плана гэты ўчастак і тэрыторыя з яшчэ васьм’ю бліжэйшымі дамамі рэкамендуюцца перавесці ў нежылы фонд.

— Як гэта наогул можа быць? — звярнулася да чыноўнікаў Таццяна Пенкрат. — Людзі прадалі кватэру, пабудавалі дом для таго, каб праз год іх вывелі ў нежылы фонд? Абсурд! Для чаго быў выдаткаваны ўчастак пад будаўніцтва шматдзетнай сям’і? Да 2017 года ніякіх праблем не ўзнікала.

Інэса Крук: «Мы тут сабраліся для абмеркавання праекта. Мы ў якім стагоддзі жывем? Ужо даўным даўно ўсюды электронныя дошкі. Можна было ў электроннай форме зрабіць, каб народ ззаду бачыў канкрэтна, якая вуліца зносіцца, якая не. Што бачаць людзі, якія знаходзяцца ў задняй частцы залі? Сход не арганізаваны. Людзі стаяць у свінскіх умовах. Асабіста я — дзве гадзіны на нагах».

— У мяне дома муж інвалід, пасля інсульта. Напалову паралізаваны, — працягвала Інэса Крук. — Вы прапануеце мне куды яго? Я яго на верхні паверх не зацягну. І гэта мая дарагая прававая дзяржава? З-за гэтага дома я вярнулася з Расіі, каб атрымаць правы на спадчыну, родны бацькоўскі дом, дзе нарадзілася я, дзе памерлі мае бацькі і бабуля. Яны ў галошах хадзілі і будавалі гэты дом. І ўсе ў гэтай залі ведаюць гісторыю гэтых будоўляў. Галадалі, па цаглінке складалі. Запытайце ў кожнага. У кожнага слёзы на вачах. Да інсультаў даходзіць. Кожны атрымаў лісты і ночы не спаў, чыю тэрыторыю забудоўваюць. А вы сядзіце і яхідна ўсміхаецеся. Усюды чалавечы лёс, вы гэта разумееце? Вы — прадстаўнікі ўлады народа. З кім мы размаўляем?

У нас — грамадскае абмеркаванне. Мы маем права пагадзіцца на ваш праект, маем права адмовіцца і сабраць подпісы. Падніміце рукі, хто за гэты праект? Ніхто. А цяпер хто супраць? Усе. Што мы абмяркоўваем? Увесь пасёлак супраць! Вы меркаванне народа запытайце. Вы хочаце грэйзерам праехаць па чалавечых душах. Мы не быдла, мы — людзі, з якімі трэба лічыцца. Пойдзеце супраць волі народа — напішам у Еўрапейскі суд па правах чалавека».

Пасля сканчэння надзвычай гарачага сходу людзі не разыходзіліся. І дзяліліся інфармацыяй і ўражаннямі з журналістамі.

— Не, мой дом не зносяць, — кажа адна з жанчын. — Прынамсі так кажуць. Ну а ўсе людзі баяцца, што пачнуць з дарогі і паціху будуць знасіць і астатнія дамы. І гэтага, канешне, ніхто не хоча. Тут будавалі бацькі ў пасляваенны цяжкі час. І вельмі шмат душы ўкладзена. Ёсць зялёная зона. Добрае месца, дзе дзеці гуляюць, цяжарныя жанчыны. Сем гадоў таму пасадзілі дрэвы. Цяпер, кажуць, гэтыя дрэвы трэба вырубіць і пабудаваць вялікі шматпавярховы дом для тых, хто мае патрэбу. Заўсёды прыкрываюцца фразай — хто мае патрэбу, шматдзетныя. А потым паціху гэты ўчасткі і кватэры перадаюцца не зусім тым, хто мае патрэбу. Дакладна таксама як і будуюць катэджы.

Да размовы актыўна далучыліся іншыя жыхары:

«Паглядзіце, колькі людзей сёння сабралася — не 69 жа чалавек. Мы стаялі на калідоры ў 6 гадзін вечара, мы не маглі ў залу трапіць, мы палову не маглі пачуць. Увесь Паўночны пасёлак супраць, таму што пачнуць пашыраць дарогу, а ў рэшце знясуць ўсе дамы. Таму народ прыйшоў, каб выказаць сваё меркаванне. Нашы дамы будавалі бацькі. І буржуйкі тапілі, каб пабудаваць газаправод і водаправод. І зараз сыходзіць са сваіх дамоў ніхто не збіраецца».

«На месцы былой дыспетчарскай, там зараз аўтастаянка, быццам бы будуць будаваць забаўляльны цэнтр. Якая яго мэтазгоднасць? У нас у паліклініцы чэргі, месцаў не хапае, у нас у дзіцячыя паліклінікі немагчыма прабіцца».

«На дарозе няма корак. Нам не трэба нічога разгружаць. Я стаю на прыпынку раніцай, еду на працу. На прыпынку — 5-6 чалавек. Якое пашырэнне вуліцы? Навошта? Пачнуць дарогу рыць — зачэпяць газаправод, паколькі ён нізка ляжыць, як і ўсе астатнія камунікацыі: і водаправод, і каналізацыя. Увесь Паўночны будзе абясточаны. Значыць, прыйдзецца знасіць астатнія дамы».

Наталля: «Яны нічога не агучваюць, колькі дамоў пабудуюць. Канкрэтыкі яны не гавораць. Намалявалі дэтальны план і лічаць, што мы зараз падпішам, быццам мы нічога не зразумелі. А потым яны будуць рабіць тое, што хочуць. Гэта ўжо праходзілі 300 разоў. Вось як можа дэпутат Курсевіч казаць: «Гэта ўсяго толькі 69 дамоў».

Мы ў доме на дзевяноста адным квадраце жывем. У мяне тры сыны з дзецьмі, шасцёра ўнукаў. Скажыце, куды ім зараз? Мне дадуць кватэру, і што, і я ўсю сваю сям’ю туды у кватэру засуну?

«Што яны нам абяцаюць? Яны нам абяцаюць кампенсацыю — дадзім зямлю. Дзе яны нам дадуць зямлю? За межамі Менска. І чаму мы павінны зноў будавацца? Пабудуйце нам катэджы, як у нас дамы. Дайце нам катэдж гатовы, каб я прыехала і жыла на добрай зямлі ў мяжы горада. Чаму я павінна з’ехаць за мяжу горада? А зараз мой дом знясуць, дадуць незразумела дзе кватэру альбо ў горадзе-спадарожніку. І чаму я павінна з горада-спадарожніка ездзіць?»

«Яны ж нічога канкрэтна не сказалі, што будзе. Яны пачалі распавядаць, як будзе ўсё добра. А будзе добра пасля таго, як нас не будзе. Калі мы зараз будзем маўчаць, то ўсіх зруйнуюць».

Напрыканцы жыхары Паўночнага абмеркавалі план дзеянняў. Прынамсі, яны давядуць сваю нязгоду і абурэнне ў зваротах ва ўладныя інстанцыі.

«Мы будзем змагацца. У нас адзін мужчына з вуліцы Несцерава заявіў, што калі будуць знасіць дом, ён сказаў, мне губляць няма чаго. „Я сябе спалю прылюдна“. Вось да чаго могуць давесці людзей».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць