Дзеці часцей становяцца ахвярамі сэксуальных злачынстваў (інфаграфіка)

За апошні час агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў, учыненых дарослымі асобамі ў дачыненні да непаўнагадовых, скарачаецца. Аднак, калі разглядаць асобныя паказчыкі, значна ўзрасла колькасць злачынстваў сэксуальнага характару.



Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, за апошнія пяць гадоў агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў, учыненых дарослымі асобамі ў дачыненні да непаўналетніх, скарацілася з 9 335 выпадкаў у 2010 годзе да 7 043 выпадкаў у 2014 годзе. У асноўным скарачэнне агульнай колькасці злачынстваў адбылося за кошт скарачэння злачынстваў, звязаных з «уцягваннем непаўнагадовых у здзяйсненне злачынстваў і ў антыграмадскія паводзіны» (з 272 у 2010 годзе да 66 выпадкаў у 2014 годзе) і «ўхіленнем бацькоў ад утрымання дзяцей» (з 8 100 у 2010 годзе да 6 547 выпадкаў у 2014 годзе).

У сваю чаргу значна павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з «палавымі зносінамі і іншымі дзеяннямі сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту» — з 61 выпадку ў 2010 годзе да 84 выпадкаў у 2014 годзе. Пры гэтым варта адзначыць, што пік такога кшталту злачынстваў прыйшоўся на 2013 год, калі іх колькасць дасягнула 147 выпадкаў.

Акрамя таго, больш чым у тры разы павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з «распуснымі дзеяннямі». Калі ў 2010 годзе было зарэгістравана 10 такіх выпадкаў, то ў наступныя гады гэтая лічба расла і дасягнула 33 выпадкаў у 2014 годзе.

Каментаваць