• Прагаласаваць за артыкул
  • Галасоў: 31

Ці існуе сёння ў Беларусі сапраўдная гістарычная памяць?

Бясспрэчна, існуе «палітычная» памяць. Яна дакладна акрэслена Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і Пералікам нематэрыяльных праяў творчасці чалавека. Толькі ў адносінах да пералічаных аб’ектаў замацаваны абавязкі забеспячэння іх захаванасці. А вось гістарычная існуе?

Закон — не гарантыя

У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях ды Крымінальным кодэксе замацавана адказнасць за парушэнне адносінаў у сферы гісторыка-культурных каштоўнасцей, што навязвае павагу да гэтых аб’ектаў. Тым не менш, напрыклад, герб «Пагоня» ўключаны ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, а пытанні з боку свабоднага выкарыстання яго маюцца і на сённяшні дзень. Напрыклад, «Арт-сядзібе» ў верасні забаранілі рэалізоўваць на фестывалі «Lіdbeer» прадукцыю з выявай «Пагоні», прадстаўнікі міліцыі працягваюць затрымліваць за выяву герба на цішотках, сцягах, і гэтак далей. У такім выпадку нават маецца супярэчлівасць улады ў сваіх дзеяннях наконт прызнанай ёй гістарычнай памяці.

Разыходжанне паняццяў гістарычнай і палітычнай памяці датычыцца і руінаў будынка ў аграгарадку Свіслач Асіповіцкага раёна. Там знаходзіцца даволі спрэчны гістарычны аб’ект. Да сёння адбываюцца дыскусіі наконт яго гістарычнай прыроды. Але, здаецца, што ў абшарах інтэрнэта даследаванні вядуцца больш актыўна, чым у асяродку беларускіх гісторыкаў-навукоўцаў. Самі мясцовыя называюць руіны замкам, дый часта можна пачуць па-за межамі пасёлка пра Свіслацкі замак. Дык замак ці не?


Замак нумар адзін

Раней пасёлак Свіслач быў цэнтрам Свіслацкага княства, якое размяшчалася на тэрыторыі сучасных Асіповіцкага, Бабруйскага, Клічаўскага раёнаў, а таксама на частках сучасных Пухавіцкага, Чэрвеньскага і Старадарожскага раёнаў. Пра былую веліч гэтых земляў сведчыць захаваная частка абарончага рова і невялікі ўчастак землянога вала. Але дата існавання замка дагэтуль не вызначаная, і ў розных крыніцах прыводзяцца розныя гістарычныя перыяды. 

У пераліку гісторыка-культурных каштоўнасцей Асіповіцкага раёна можна знайсці «гарадзішча XІ–XІІ ст., якое знаходзіцца на паўночнай ускраіне аграгарадка, недалёка ад зліцця ракі Свіслач і Бярэзіны», але пра помнік архітэктуры, які там знаходзіцца, нічога не гаворыцца. Што тычыцца архітэктурных аб’ектаў, то ў Асіповіцкім раёне статус культурна-гістарычнай каштоўнасці нададзены толькі былому дому габрэйскай сям'і Яцко 1911 года, які таксама знаходзіцца ў Свіслачы.

З'яўленне замка звязваюць з імем Глеба Усяславіча Менскага, які хацеў умацаваць свае пазіцыі на мяжы з Кіеўскай Руссю.

У 1962 годзе студэнты БДУ праводзілі раскопкі, з дапамогай якіх было ўсталявана, што замак тут на самай справе быў. У дакументах рэвізіі велікакняжацкіх зямель (прыкладна сярэдзіна XVІ стагоддзя) адзначаецца, што «жыхары вёскі Цяплухі павінны былі рамантаваць правую ад варот вежу». У матэрыялах інвентарызацыі Свіслацкай воласці 1560 года адзначаецца: «На горе высокой, над рекою Свислочью, на одно стрельбище з лука от усьтя тое реки у Березину».

З чаго быў зроблены замак — не згадваецца, але, улічваючы, што на тэрыторыі Беларусі прыроднага каменя вельмі мала, цалкам магчыма, што замак быў драўляным. Замчышча акальцоўваў глыбокі роў, які дасягаў у шырыню 20–22 метраў. Але з цягам часу замак страціў сваё абароннае значэнне і ператварыўся ў звычайны феадальны двор, які зусім не быў прыстасаваны да абароны. Гэта пацвердзіла вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскім княствам у 1654–1667 гадах. Казакі лёгка захапілі яго, разрабавалі, а потым спалілі. Гэтым і скончылася гісторыя Свіслацкага замка — больш ён не аднаўляўся.

У некаторых крыніцах адзначаецца, што за доўгую гісторыю замак быў яшчэ і адміністрацыйным цэнтрам у часы Вялікага Княства Літоўскага, а таксама некаторы час знаходзіўся ва ўладаннях Радзівілаў.


Замак нумар два

На месцы замка ў XVІІІ стагоддзі было пачата будаўніцтва гаспадарчай пабудовы памешчыкам Незабытоўскім. Сцены замка дэманструюць традыцыйную «беларускую кладку», якая сапраўды ўражвае. Пасля ў пабудовы былі розныя прызначэнні: сінагога, школа, хлебапякарня і гэтак далей. У 1980-я гады тут размяшчалася служба ДРБУ горада Асіповічы, а ў 1999 годзе на гэтым месцы планавалі збудаваць новую царкву. Тут заканчваецца гісторыя і гэтага «Свіслацкага замка».

У гэтых сценах рэжысёр Віктар Тураў здымаў фільм «Чорны бусел» (Беларусьфільм, 1993 год), прысвечаны тэме Чарнобылю. На гарадзішчы праводзіліся здымкі дзіцячага прыгодніцкага фільма Ігара Чацверыкава «Тры талеры».


У Свіслачы сёння не вядзецца ніякай працы па захаванні гэтага аб’екта, мясцовыя жыхары паціху расцягваюць яго на цэглу. Магчыма, у хуткім часе і гэтых руін не застанецца. Але ён, напэўна, на думку ўлады, недастаткова гістарычны, каб яго ўключыць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, што дало б хоць нейкую надзею на захаванне забудовы, хаця б ад актыўных варварскіх нападаў людзей. Зрэшты, на прыкладзе Крэўскага замка нельга сказаць, што ўключэнне ў Спіс дае гарантыю захаванасці таго ці іншага аб'екта.

Свіслацкая жамчужына

Свіслач спакойна можа прэтэндаваць на першае месца ў Беларусі на лепшыя краявіды. З узгорка, дзе калісьці быў замак, віднеецца ўнікальнае месца: там Свіслач упадае ў Бярэзіну. У гэтым плане нават «беларускія жамчужыны» Мірскі і Нясвіжскі замкі не могуць пахваліцца такімі краявідамі... І гэта не проста прыгожыя панарамы: месца зліцця Свіслачы і Беразіны ўваходзіць у ландшафтны заказнік «Свіслацка-Бярэзінскі», які быў створаны ў 2015 годзе. Дарэчы, у 2016 годзе заказнік быў уключаны ў Сусветны спіс водна-балотных угоддзяў, а ў 2019 годзе яго плануецца ператварыць у нацыянальны парк.

У Беларусі ўсе спадзяюцца на выратавальнае кола турыстаў. Калі і гэтае мястэчка разглядаць у кантэксце турыстычнай інфраструктуры, то, адназначна, у Свіслачы вялікі турыстычны патэнцыял. Але дзяржава працягвае аддаваць перавагу не гісторыі і беларускай аўтэнтычнасці — стаўкі робяцца на ідэальны малюнак, які зрабілі, напрыклад, у Нясвіжскім замку.

Існаванне ў дзяржаве сапраўднай гістарычнай памяці — гэта кампраміс улады, народа, усіх існуючых грамадскіх арганізацый. Відавочна, у большай ступені падвяргаюцца палітызацыі найперш гістарычныя факты, якія навязваюцца народу ў выгадным для сябе святле як і існуючым рэжымам, так і апазіцыяй. Але ў народа, у любым разе, павінна быць права на гістарычную, а не палітычную памяць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць