• Колькасць галасоў у конкурсе: 80

Як мяне бралі вясной у «Вясне»

Выходзім з залы а 15 гадзіне. Бачу за варотамі сваіх. Глыбока ўдыхаю сцюдзенае паветра: «Усё будзе добра!» І раптам паварочваю галаву, ад убачанага ўстае камяк у горле. Каля чатырох дзясяткаў чалавек стаяць «тварам да сцяны, ногі на шырыні плячэй, рукі над галавой».

Кадры з трансьляцыі Адар’і Гуштын (БелаПАН) на Facebook

Кадры з трансьляцыі Адар’і Гуштын (БелаПАН) на Facebook


Дома цёпла і ўтульна. Дома мяккія канапы і пледы. Дома гарачая гарбата з цукрам… Але напярэдадні Дня Волі я вырашыла: я павінна быць разам ці хаця б побач з тымі людзьмі, якія лічаць сваім безумоўным абавязкам выйсці на Плошчу.

Я вырашыла, што мая юрыдычная адукацыя патрэбна гэтым людзям. Таму зарэгістравалася ў якасці назіральніка Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінскі Камітэт» (зарэгістравана рашэннем Міністэрства Юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 студзеня 2009 года № 8. Пасведчанне аб рэгістрацыі № 02022). Я адмыслова прыводжу гэтыя дадзеныя са спасылкамі на рашэнні, каб вы адчулі ўвесь смак абсурднасці сітуацыі. Назіральнік, што выцякае з назвы, з’яўляецца незалежным, ён не проста не займае пазіцыю ні аднаго з бакоў, але нават не мае права на гэта.



Задаволеная і натхнёная тым, што я рэальна буду дзейнічаць на карысць Радзімы, я пайшла ў офіс праваабарончага цэнтра «Вясна». Нам выдалі пасведчанні назіральнікаў, дзе было напісана, што функцыя назіральнікаў — падкрэсліваю — зводзіцца толькі да маніторынгу акцыі з нагоды Дня Волі, і што з’яўлялася адпаведнай акрэдытацыяй на гэта. Трэба адзначыць, што спісы прозвішчаў усіх назіральнікаў былі загадзя накіраваны ў ГУУС.

У офісе панавала цёплая хатняя абстаноўка — людзі пілі гарбату з бутэрбродамі, абменьваючыся вострымі жартачкамі. Юрыст ПЦ «Вясна» амаль скончыла інструктаж, у якім строга агаворваліся моманты аб’ектыўнасці, незацікаўленасці, няўмяшальніцтва…. І ў гэты момант: «Усе тварам на падлогу!»

У пакой, дзе знаходзілася больш за 50 чалавек, уварваўся АМАП з супрацоўнікамі Следчага камітэта і людзьмі ў цывільным. Без прадстаўлення і якіх-небудзь тлумачэнняў, пачалі весці відэаздымкі і запісваць нашы прозвішчы.

Пытанні кшталту «на якой падставе вы нас затрымліваеце?», «колькі вы нас яшчэ будзеце трымаць?», «ды якое ўвогуле права вы маеце нас затрымліваць?!», «што з намі будзе?» так і павіслі ў паветры пакоя. Камусьці рабілася млосна, камусьці дрэнна, і амаль усім смешна ад абсурднасці гэтай сітуацыі: праваабаронцы і назіральнікі — ляжаць тварам у падлогу.

Як прыгавор грымнула: «Па адным на выхад!». Наогул, самым страшным 25 сакавіка была невядомасць. Невядомасць, што з будзе са мной, што будзе з ім, што будзе з намі.

Дом, у якім змяшчаўся офіс, быў ачэплены цалкам! Нас суправаджалі некалькі АМАПаўцаў па выбудаваным імі калідоры да белага аўтобуса. Пра тое, як умяшчалі 57 чалавек у адзін аўтобус, можна распавядаць бясконца. «По четверо садитесь!» — спрабавалі вырашыць сітуацыю АМАПаўцы. — «Так мы ўжо!» Нас утрамбоўвалі, як мяхі з бульбай. Я апынулася заціснутай двума АМАПаўцамі: «Вы так і будзеце стаяць?!»



На ўсе мае спробы атрымаць адказ на пытанне: «Куды нас вязуць?» большасць АМАПаўцаў загадкава ўсміхалася і паціскалі плячыма. Адзін з іх вырашыў пажартаваць: «У турму, куда ж еще»! Канешне, я з вялікімі вачыма спрабавала ім нешта даказаць, кідаючы словы «на якой падставе?», «арганізацыя зарэгістравана ў вашым жа Мінюсце». Але ў адказ атрымлівала: «Там цябе зарэгіструюць».

Выпадкова да ліку затрыманых трапіла 15-гадовая дзяўчынка, якая проста спускалася па лесвіцы побач з офісам. Але ніхто нават не хацеў слухаць пра гэта. Таксама з намі былі расійскія і французскія калегі, якія ўспрымалі ўсё як сон, які прысніўся пасля прачытання нейкага таннага дэтэктыва.

Але супакойвалі людзі, якія ехалі са мной у аўтобусе. Усе ўсміхаліся, жартавалі, што нас проста вывезлі на экскурсію па месцах канцэнтрацыі гарачых кропак. На пытанне калегаў: «У каго гэта першае затрыманне?», рукі ўзняў амаль увесь аўтобус.

Фота Дзіяны Пінчук

Прывезлі ў Першамайскае УУС. «Выходим!» — прыказалі міліцыянты. Па выбудаваным жывым калідоры мы прайшлі ў спартовую залу. І зноў у куце стаяла відэакамера. «Добра, — думаю, — няхай, здымаюць! Спадзяюся, гэтыя ж карты памяці будуць выкарыстаныя супраць іх у будучыні. Хуткай будучыні».

Фота Дзіяны Пінчук

Нас па чарзе аглядалі і абшуквалі аж да пальцаў ног. Калі я ехала ў Мінск, жартавала: «Кожны беларус павінен насіць з сабой запасную пару шкарпэтак і зубную шчотку». Але я не ведала, што словы апынуцца прароцкімі.

...Мая чарга. Перамяшчаю змесціва кішэняў у кардонную скрынку: манеты, жэтон, гігіенічная памада і... шкарпэткі. Мае шкарпэткі з арнаментам. Дзяўчына, якая мяне абшуквала, здзівілася, але не сказала нічога. Паглядзела нават, што ў мяне пад нашыўкамі на плашчы, трохі адарваўшы адну з іх у выглядзе валошак. Адкрываю заплечнік, дастаю: зарадку, слухаўкі, нататнік, дзве ручкі, касметычку, у якой ляжалі дзве стужачкі: арнаментаваная і ўкраінская. «Гэта я з падарожжа прывезла — з Адэсы. Зняла, каб не правакаваць нікога», — незразумела навошта тлумачу я. Гематаген, яшчэ адны шкарпэткі — бліскучыя, духі: «Смачна пахнуць!» Дзяўчына ў форме нюхае, ківае: «Так...».

Апранаю кішэнныя шкарпэткі праходжу да агледжаных. «Шнуркі і рамень не забралі, — думаю. — Значыць усё павінна быць добра». Чакаем. Зноў невядомасць. Сяджу толькі пару гадзін, але ўжо едзе дах. Як яны трымаюцца па 15 сутак?! Лаўлю ўсмешкі, падміргванні: «Не хвалюйся ты так! За незалежнасць і пасядзець можна!»

…Пляскаюць дзвярыма: «Каго называем — падыходзьце!» Сем чалавек павялі. Я зноў спрабую атрымаць адказ: «Куды іх павялі? Куды нас павядуць?» Атрымліваю чаканае: «Куда надо!!!» Пазней высветлілася, што нас прабівалі па базе дадзеных на прадмет наяўнасці адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Пратаколы не складалі.

Выходзім з залы а 15 гадзіне. Бачу за варотамі сваіх. Глыбока ўдыхаю сцюдзенае паветра: «Усё будзе добра!»

І раптам паварочваю галаву, ад убачанага ўстае камяк у горле. Каля трох-чатырох дзясяткаў чалавек стаяць «тварам да сцяны, ногі на шырыні плячэй, рукі над галавой». Пазнаю з затрыманых грамадскую актывістку Вольгу Мікалайчык, якая з усмешкай выкрыквае нам прывітальнае: «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!» «Жыве…» — шапчу засохлымі вуснамі я.


Каментаваць