• Прагаласаваць за артыкул
  • Галасоў: 61

«У новага пакалення беларусаў складана будзе адабраць унутраную незалежнасць»

Аднойчы працу гэтай жанчыны параўналі з дзейнасцю цэлага навукова-даследчага інстытута. І з гэтым цяжка не пагадзіцца, хоць сама гераіня сціпла адмахваецца ад такіх параўнанняў. Праграмістка па адукацыі, грамадская дзяячка Валерыя Чарнаморцава распавяла пра сваю сустрэчу з Радзімай, пераадоленні, захапленні і мары.
Мары Затрочча

Мары Затрочча


Пачуццё Радзімы, гісторыя «насуперак» і беларуская мова на кухні

Я нарадзілася ў Мінску, але мая маці з-пад Воршы, з мястэчка Высокае. Там на могілках ляжыць мая радзіна, таксама захавалася хата, якую будаваў дзед. Першае пачуццё Радзімы ў мяне здарылася, калі мы ўвосені 1996 года паехалі адзначаць угодкі бітвы пад Воршай. Там амаль нікога не было, і зранку на высокім беразе Дняпра па-над аршанскім полем да мяне прыйшло гэтае пачуццё.

Мы з аднакласніцай Крысцінкай, як «ціхія алкаголікі», у старэйшай школе ўвечары на кухні пачыналі размаўляць па-беларуску. Вучыліся ў мінскай матэматычнай школе №19 імя Янкі Купалы. У нас быў вельмі спецыфічны гісторык — злосны антыбеларус, прынцыпова не прызнаваў беларусаў за нацыю. І я пачала вучыць гісторыю Беларусі насуперак яму. У школе я першая зняла піянерскі гальштук і стала насіць бел-чырвона-белы значок.

У мяне была вельмі цікавая цётачка Люда. Яна галасавала за Пазьняка, мела неблагі збор беларускай літаратуры, выхоўвала нас на Данчыку — уключала касеты на лецішчы. У 1993 годзе мы з ёй упершыню былі на мітынгу з нагоды Дня Волі. Мне было тады 14 гадоў, я была вельмі натхнёная, пасля ўсіх віншавала з 25 сакавіка. Я хадзіла ў студыю выяўленчага мастацтва ў Палацы дзяцей і моладзі, і калі павіншавала выкладчыка з 75-годдзем БНР, ён мяне не зразумеў — нічога не ведаў пра БНР!

Калі я была ў старшых класах школы, мы з мамай далучыліся да «Беларускай хаткі» — краязнаўчага клуба, які збіраўся ў той самай Беларускай хатцы, філіяле музея Максіма Багдановіча. Музей тады ўзначальваў Алесь Бяляцкі, а хатку — Эдуард Акулін. Клуб ладзіў і вандроўкі па Беларусі, і мы патроху пачалі ездзіць, цікавіцца нашай спадчынай. Увогуле гэта быў асяродак людзей, якія не былі прафесійна звязаныя з культурай: бухгалтары, урачы, біёлагі, банкаўскія работнікі. Але яны збіраліся штотыдзень і ладзілі розныя імпрэзы, спектаклі.

У Альбярціне пад Слонімам (фота аўтаркі)

У Альбярціне пад Слонімам (фота аўтаркі)

Мяккія знакі, праграмаванне і вывешванне бялізны ў грамадскіх месцах

У школе ў мяне было добра з матэматыкай, а вось мовы даваліся цяжка. Па беларускай былі «чацвёркі», бо я інтуітыўна пісала паўсюль мяккія знакі, і толькі пазней зразумела, што гэта была тарашкевіца. Пасля школы, маючы срэбны медаль і перамогі ў алімпіядах па матэматыцы ды фізіцы я магла паступаць без экзаменаў у РТІ (цяперашні БДУІР), які да таго ж знаходзіўся насупраць майго дома. Паступіла на спецыяльнасць «эканамічная інфарматыка», але пісала лекцыі і адказвала па-беларуску. У РТІ працавала Людміла Стома, сястра Анатоля Майсені, які загінуў пры дзіўных абставінах. Яна мае конкурсныя працы па тэорыі імавернасці рэцэнзавала па-беларуску.

Мне здаецца, гэта абсалютна няслушная ўстаноўка, што дакладныя і тэхнічныя дысцыпліны нельга вывучаць на беларускай мове. У нас вельмі шмат праграмістаў размаўляюць па-беларуску.

Удзельнічала ў многіх мітынгах, але, што адметна, мяне на іх ніколі не «бралі». Дакладней, некалькі разоў затрымлівалі, але да судоў не даходзіла. Аднойчы мяне затрымалі за расклейванне ўлётак, і запомнілася недарэчная фармулёўка артыкула, якім пагражалі: вывешванне бялізны ў грамадскіх месцах. Некалькі гадоў я актыўна ўдзельнічала ў стварэнні БХД (Беларускай хрысціянскай дэмакратыі), але мяне больш цікавіла грамадска-культурніцкая дзейнасць, чым палітычная.

Былыя вязні ГУЛАГу і «людзі сваёй душы»

У аргкамітэце па стварэнні БХД я пазнаёмілася з беларускамоўным пастарам Эрнстам Сабілам, які праседзеў 13 гадоў у ГУЛАГу. Ён прапанаваў наведаць «былых байцоў», мы сталі шукаць беларусаў, якія зведалі сталінскія лагеры. Гэта вельмі цікавая і амаль недаследаваная тэма — пасляваенны моладзевы рух. Мы запісвалі ўспаміны, і да гэтага часу збіраем ахвяраванні, каб падпісаць былых вязняў ГУЛАГу на незалежныя газеты, стараемся дапамагчы матэрыяльна. Дзякуючы знаёмству з гэтымі людзьмі паўстала і была рэалізаваная ідэя Віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій.

Сярод тых, хто зведаў сталінскі ГУЛАГ, для мяне знакавымі з’яўляюцца дзве асобы: мая любімая паэтка Ларыса Геніюш і драматург Францішак Аляхновіч. Мяне вельмі ўразіла, што жахі, апісаныя ў Аляхновічавым творы «У кіпцюрох ГПУ», напісаны такой лёгкай мовай. Гэтая неадпаведнасць вельмі кранае. А ў вершах Геніюш адчуваецца ўнутраны рытм, стрыжань, і ў жыцці яна была вельмі цвёрдым чалавекам, нездарма яе ў лагеры нават старэйшыя жанчыны называлі Маці, а яе вершы — глюкозай. Аналізуючы свае не вельмі добрыя ўчынкі я часам думаю: «Што б сказала Ларыса Антонаўна?»

Вербачкі для Надзеі Дземідовіч (фота аўтаркі)

Вербачкі для Надзеі Дземідовіч (фота аўтаркі)

Насамрэч, людзі, якія прайшлі праз ГУЛАГ, вельмі розныя. Ёсць зламаныя, а ёсць нязломныя. І, канешне, найбольш уражваюць тыя, хто, прайшоўшы скрозь гэтае пекла, засталіся людзьмі са светлымі душамі. Як кажа адна з былых зняволеных ГУЛАГу, якую я часта наведваю, паэтка і патрыётка Надзея Дземідовіч, «людзі сваёй душы». Але такіх вельмі мала.

Дзед, страх і беларуская Галгофа

Мой дзед Сяргей не быў арыштаваны. Але яшчэ напярэдадні 1937 года яго папрасілі даносіць на аднакашнікаў па Горы-Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, і пагражалі забраць, калі адмовіцца. У яго было два шляхі: альбо стаць здраднікам, альбо арыштаваным. Ён выбраў трэці: уцёк і ўсё жыццё хаваўся. Ён памёр за год да майго нараджэння і перад смерцю расказаў пра гэта маёй цётцы, а яна распавяла мне.

Кажуць, дзед быў вельмі таленавіты і мог многага дасягнуць, але так і не скончыў сваю адукацыю і ўсё жыццё пражыў у страху. І ўсё наша грамадства жыло ў гэтым страху. Былыя вязні ГУЛАГу нават дзецям не расказвалі, што перажылі. Таму, калі ў 1988 годзе выйшаў артыкул пра Курапаты, гэта быў сапраўды выбух у грамадстве. Трагедыі безлічы рэпрэсаваных, раскулачаных сем’яў, якія кожны асабіста доўгі час трымаў у сакрэце, выбухнулі плыняй праўды. Менавіта таму Курапаты сталі сімвалам.

Я ладзіла шмат бясплатных экскурсій для ўсіх ахвотных па Курапатах — з гісторыкамі і археолагамі, якія даследавалі гэтае месца. Цяпер распавядаю пра яго сама. У маёй версіі экскурсія мае назву «Курапаты — беларуская Галгофа». Галгофа — гэта не толькі сімвал смерці, але і сімвал уваскрасення Хрыста. Так і Курапаты — не толькі сімвал рэпрэсій, але і сімвал уваскрасення Беларусі. Курапаты — месца, дзе дагэтуль працягваецца барацьба дабра і зла, праўды і хлусні.

Барды і Вільня

Сама не маю ні слыху, ні голасу, гітару па «самамучыцелі» так і не засвоіла. Але сэнсоўная рытміка бардаўскіх спеваў захапляла з юнацтва, нават нешта спрабавала на беларускую перакладаць. А калі пачула беларускіх бардаў, стала хадзіць на канцэрты, ездзіць на бардаўскія фэсты, займела мянушку «беларуская бардаўская тэрарыстка», бо бессаромна замаўляла ў музыкаў песні па-за праграмай. Шмат з кім з беларускіх бардаў цяпер сябрую і арганізую іх выступы.

Сама не спяваю і вершаў не пішу. Адзінае выключэнне — верш пра Вільню. Вільня — гэта мой самы любімы горад у свеце. У лабірынтах яе старажытных вулачак заблукалі шматлікія беларускія сляды, амаль кожны дамок і кожны храм там мае нейкую беларускую гісторыю, сплеценую з агульнаеўрапейскай. Упершыню я была з маці ў Вільні ў 10 гадоў — акурат тады, калі там праходзіў з’езд БНФ, і як ні дзіўна, запомніла на вакзале людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі.

У Вільні

У Вільні

Вільня — утульная, прыгожая, «свая», мае шмат дворыкаў-сакрэцікаў, якія бясконца можна адкрываць для сябе і для сяброў. Мне тады не распавядалі пра беларускія мясціны, а я, памятаю, гледзячы з Гедымінавай гары на чырвоную дахоўку ды касцёльныя вежы, не магла зразумець, чаму гэта ўсё не нашае. А пасля аказалася, што Вільня ўсё-ткі была некалі нашай гістарычнай сталіцай. І ўжо амаль два дзесяцігоддзі імкнуся вазіць туды беларусаў, каб распавесці пра нашу сапраўдную еўрапейскую гісторыю.

Вандроўкі і новае пакаленне незалежных беларусаў

Я не лічу турызмам вандроўкі па Беларусі, якія арганізую. Часам, калі не збіраецца поўны аўтобус, я не толькі не атрымліваю заробак, але і закладаю свае грошы. Бывае і так, што грошы, якія я атрымліваю, ладзячы вандроўкі ад «Арт-сядзібы», ідуць на арганізацыю іншых мерапрыемстваў. Я лічу, што цяпер вельмі патрэбныя розныя асветніцкія праекты. Магчыма, у нас пакуль яшчэ не тая незалежнасць, пра якую марылі тыя, хто сядзеў у ГУЛАГу, але ўсё-ткі выхоўваецца пакаленне незалежнай Беларусі. І ў яго ўжо складана будзе адабраць яго ўнутраную незалежнасць.

Пад час вандроўкі ў Заслаўі (фота аўтаркі)

Пад час вандроўкі ў Заслаўі (фота аўтаркі)

Шлях да веры і зварот да Бога на сваёй мове

Калі мне было 10 гадоў, мы ўсе разам — мама, я, цётачка і стрыечная сястра — хрысціліся ў царкве Аляксандра Неўскага. Я памятаю свой хрост і адчуванні: раздражненне павекаў ад алею, словы святара, што наша хрышчэнне не павінна быць мёртвым, і тое, што я, калі выходзілі з царквы, заявіла, што мы да гэтага па-сапраўднаму яшчэ не гатовыя. Да хрышчэння павінен быць нейкі шлях, катэхізацыя, агалашэнне. Мне было цяжка, бо я нічога не ведала, але было жаданне прыходзіць у царкву. Спрабавала маліцца — для мяне было натуральным звяртацца да Бога па-беларуску, — але быў нейкі дысананс з царкоўнаславянскай…

У 1996 годзе пры Свята-Петрапаўлаўскім саборы стваралася Брацтва Канстанціна Астрожскага. Паколькі я паходжу з Аршаншчыны, для мяне вельмі важныя і Аршанская бітва, і прыклад веры Астрожскага.
Беларускамоўнае моладзевае брацтва стала маім усвядомленым шляхам да Бога. І хоць царква — не нацыянальная, а Хрыстовая, я лічу, што ў кожнай краіне да Бога трэба звяртацца на сваёй мове. Кожнаму народу Госпад дае сваіх святых і людзей, якія адначасова верныя Богу і любяць сваю краіну. Многія хрысціяне адмаўляюць нацыянальнае, але мой адказ такі: калі вы хочаце быць годнымі грамадзянамі Валадарства Божага, вы павінны быць годнымі грамадзянамі краіны, якую Госпад даў вам тут.

Фота аўтаркі і з асабістага архіва Валерыі Чарнаморцавай

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВНЕ КОНКУРСА
  • 2018-05-11 13:16:06
Госпад, Курапаты, БНР, Геніюш, Бяляцкі, Майсеня, «ціхія алкаголікі», праца цэлага навукова-даследчага інстытута. Гэта сённяшні пералік у прадстаўніка бел-чырвона-белай маладосці.
Партыя, Ленін, камсамол. Гэта пераклічка ў час маёй чырвона-зяёлёнай маладосці, якая адрозніваецца ад узгаданай вышэй тым, што за Саветамі ўсё было чырвона-зялёнае.
Сёння ў маладосці ёсць выбар. Кшталту бел-чырвона-белая партыя, бел-чырвона-белы Ленін, бел-чырвона-белы камсамол АБО чырвона-зялёная партыя, чырвона-зялёны Ленін і чырвона-зялёны камсамол.

Я ж па-ранейшаму застаюся не б-ч-б і не ч-з. Праўда не малады. Але беларускі свет па-ранейшаму бачу па-свойму, а не з ідэалагічных бакоў

«У новага пакалення беларусаў складана будзе адабраць унутраную незалежнасць»

Вы блытаеце бел-чырвона-белае ідэалагічнае сектантства з воляй. А ў секце назелажнасці асобы не існуе. Дый Асобы з вялікай літары ў б-ч-б секце не можа быць, таму што не можа быць ніколі.

Anatol Starkou,
с комсомольским приветом.
  • алекс з менска
  • 2018-05-11 19:16:26
прыдурак гэты Старкоу...што у галаве у яго адкуль ен и як яго успрымае дэмакратычная краина за акиянам...адкуль строчыць ён свае прыдуркаватыя филипики...
  • Цікаўны
  • 2018-05-12 00:01:45
З дзейнасцю навукова-даследчага інстытута параўноўвалі працу Леаніда Маракаова. Гэта чуў )
  • Andrey Mielnikaw
  • 2018-05-12 15:57:21
Так, працу Леры можна па пэўных момантах запаралеліць з дзеяннямі Маракова. Але Маракоў яшчэ і аказаўся на першым этапе добра забяспечаным фінансамі (уласна заробленымі) для сваёй працы і таму, у т.л. здолеў паспець зрабіць так шмат, амаль усе тыя фінансы і патраціўшы. Лера навучылася (і працягвае вучыцца) ЗАРАБЛЯЦЬ грошы на ўласныя праекты, што вельмі важна, бо 1)калі гранты - з'яўляюцца часам вельмі жорсткія патрабаванні заказчыкаў на смяшчэнне акцэнтаў, прыхаванне рэалій і г д. 2)праваслаўнай беларускамоўнай хрысціянцы габрэйскага паходжання дастаецца недаверу і іншага негатыву з абодвух бакоў: ад беларусаў і артадаксальных габрэяў - за праваслаўе, ад праваслаўных - за беларускасць і габрэйства 3)праваслаўных вернікаў, якія намагаюцца быць унутрана свабоднымі давяць увогуле ўсе, хто супраць унутранай свабоды, а такіх на парадкі болей.
У многім Лера ад Маракова адстае нашмат, але яна жывая, дзейсная і нашмат маладзейшая - наблізіцца. У рабоце ж з жывымі людзьмі - пераўзыходзіць.
  • Anatol Starkou
  • 2018-05-12 10:31:01
«Аналізуючы свае не вельмі добрыя ўчынкі я часам думаю: «Што б сказала Ларыса Антонаўна?»

Сказала б у свой час ці дакранаючыся свайго часу. А вось маё дакрананне да творчасці Ларысы Геніюш і яе верша "Рукою чорнай хтось крануўся крылаў..."

У ВЫШЫНІ

Ледзь ад зямелькі крыллем адаб’юся
І абміну ў палёце досвіткам святло,
Я сёння ж раненька дамоў вярнуся
З святла цяплом.

Вы пачакайце, родныя, вярнуся
Да роднай хаты, роднай Беларусi,
У нашы добрыя часы, ў нашы ж дні:
Мне вольны свет яснейшы ў вышыні!

І не хвалюйцеся – я ўсё ж вярнуся…

Вось ад зямелькі крыллем адаб’юся
Ды абніму ў палёце вольнае святло.

© Anatol Starkou
August 10, 2011 at 6:29am
  • Anatik Starkou
  • 2018-05-12 11:29:54
"Беларускамоўнае моладзевае брацтва стала маім усвядомленым шляхам да Бога."

Дзіўна, што вы не напісалі пра МФ. Вытрымкі з прысягі Сябра МФ: “...уступаючы ў МФ прысягаю перад Госпадам, Бацькаўшчынай і беларускім народам на вернасьць ідэалам духовага й нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Прысягаю адстойваць дзяржаўнасьць беларускай мовы, быць верным бел-чырвона-беламу сьцягу Хрыста і гербу “Пагоня”. Прысягаю непахісна й годна пераносіць усе выпрабаваньні, дадзеныя Богам мне й майму народу на шляху барацьбы за свабоду, праўду й справядлівасьць. Справе МФ прысягаю служыць усімі сіламі, ведаючы, што нацыянальная ідэя й хрысьціянскія прынцыпы, закладзеныя ў падмурак МФ, ёсьць тым адзіным, што прывядзе беларускі народ да духовага й нацыянальна адраджэньня, дазволіць нам здабыць у барацьбе вольную й незалежную Беларусь."

Нац.ідэя вельмі простая задачка для матэматэка:
прымусіць беларусаў карыстацца мовай пад б-ч-б сцягам. Галоўнае змагацца за яе, бо за такую змагню прэмія положена.
  • Anatol Starkou
  • 2018-05-12 14:10:49
"У школе ў мяне было добра з матэматыкай, а вось мовы даваліся цяжка."

А я па жыцці. Некалі былі з маёй маці ў бабулькі ў дзярэўні непадалёку ад Беразіно, ляжалі на печцы і маці чытала мне задачы і прыклады з беларускага падручніка АРЫФМЕТЫКА за першы клас. Мне было крыху болей за 4,5 гады. Чытаць і пісаць не мог, а адказы на задачы і прыклады даваў.Так маці-сялянка, якая з-за вайны скончыла ўсяго пяць класаў, навучыла мяне любіць матэматыку.

Нацыянальная ідэя вельмі простая задачка для матэматыка, калега, - трэба прымусіць беларусаў карыстацца мовай пад бел-чырвона-белым сцягам. Як прымусіць? Зразумела, дыктатурай. Дэмакратычнай бел-чырвона-белай сектантскай дыктатурай. Пры гэтым абавязкова штодзень узгадваючы імя Госпада. То бок галоўнае змагацца з сваім народам за бел-чырвона-белую нацыянальную ідэю. Бо за такую змагню прэмія положена.

P.S. Вы амаль таго ж узросту, што мая дачка, для якой адзінае, што я зрабіў добрае тое, што не ўцягваў яе ў палітыку. Дзякуй Богу.
  • Andrey Mielnikaw
  • 2018-05-12 16:00:55
Добра зроблены матэрыял. Можа не адказвае на пэўныя пытанні тых, хто з Лерай незнаёмы і глядзіць на яе, як патэнцыйны заказчык. Але як асобу, на мой погляд, тэкт Леру паказвае рознабакова і... ня маю, што ў ім аспрэчыць.

Каментаваць