«100 выдатных дзеячаў беларускай культуры»: Альгерд Абуховіч

Нядаўна трапілася на вочы кніжка з новай выдавецкай серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», пра лёс і творчасць беларускага пісьменніка Альгерда Абуховіча.



Альгерда Абуховіч


 Ну вось, падумаў, і ў нас, па прыкладу ўкраінцаў, будзе ўшанавана свая Беларуская Сотня…

Сапраўды, намаганнямі і з ініцыятывы Інстытута беларускай гісторыі культуры і выдавецтва «Харвест» была запачаткавана серыя брашур «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Брашуры выпускаюцца ў міні-фармаце, каб з іх тэкстам можна было пазнаёміцца ў транспарце, на адпачынку, падчас шпацыру. Новая выдавецкая серыя адрасуецца маладым чытачам, якія цікавяцца гісторыяй беларускай культуры, яе яскравымі прадстаўнікамі.

Першыя выданні серыі былі прысвечаны такім выдатным асобам айчыннай культуры, як мастак Міхаіл Андрыёлі (аўтар В. Чаропка), тэатральны дзеяч Фларыян Ждановіч (А. Мінскі), гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі (А. Тарас). З гэтых брашур чытач можа даведаецца не толькі пра асноўныя біяграфічныя звесткі, але і творчы ўнёсак таго ці іншага дзеяча ў скарбонку Беларускага Адраджэння. Таксама, шмат увагі аўтары надаюць тэме звароту тых ці іншых таленавітых землякоў да беларушчыны, якая ў часы іх жыцця зазнала шмат выпрабаванняў, царскіх забаронаў і здзекаў…

Выдаўцы плануюць, што ў кожны з дзесяці гадоў (на такі тэрмін разлічана серыя) павінна ўбачыць свет да 10 кніжачак пра выдатных беларусаў. Гэтыя міні-выданні плануецца распаўсюджваць у спецыялізаваных навуковых крамах, кшталту «Акадэмкнігі», а таксама праз незалежныя кніжныя гандлёвыя кропкі.

Не так даўно пабачылі свет выданні серыі, прысвечаныя мастаку і кампазітару Напалеону Ордзе (аўтар В. Чаропка), драматургу і паэту Карусю Каганцу (А. Пашкевіч), кампазітару і дырыжору Мечыславу Карловічу (І. Шумская), паэтцы і пісьменніцы Элаізе Пашкевіч (А. Марціновіч), якія былі з прыхільнасцю сустрэтыя чытачамі.

Апошняе папаўненне кніжнай міні-серыі — нарыс Яўгена Гучка «Альгерд Абуховіч. Зачараваны беларускім словам», прысвечаны гэтаму вядомаму ўраджэнцу Слуцка, паўстанцу 1863 года, аднаму з пачынальнікіў беларускай літаратуры. Безумоўна, для асвятлення лёсу і творчай спадчыны гэтага слаўнага сына Беларусі нельга было знайсці больш дасведчанага спецыяліста па гісторыі гэтага краю, чым Яўген Гучок. Менавіта тэма роднага Слуцка і яго знакамітых ураджэнцаў стала магістральнай у даследчай працы спадара Гучка. І гэтая кніжачка сталася працягам жыццёвага крэда незалежнага пісьменніка і паэта.

Аўтар нарыса падрабязна распавядае пра старонкі біяграфіі і сямейную гісторыю Абуховічаў, калі па бабцы іх сям’я набыла графскі тытул і прыдомак да прозвішча Бандынэлі («Абуховічы»). Яўген Гучок шмат увагі надае аналізу творчай спадчыны земляка, робіць высновы адносна беларускага патрыятызму Альгерда Абуховіча (Беларушчына А. Абуховіча). Па традыцыі Я. Гучок робіць экскурс у гістарычнае мінулае «Слуцкіх Афінаў», як аднаго з цэнтраў кальвінізму ў Беларусі, аргументавана асэнсоўвае традыцыі еўрапейскай адукацыі, які доўгія гады вызначалі інтэлектуальны ўзровень перадавых случакоў («Слуцк»).

Трэба адзначыць, што «фішка» ўсіх кніг Я. Гучка — нізка цікавых гістарычных фактаў, росшукаў і вынікаў даследаванняў, якія аўтар пастаянна вядзе ў архівах, бібліятэках, у тым ліку і ў Слуцку. Яны, як перліны, робяць канву кніжкі займальный, цікавай для чытання.

Так, напрыклад, Яўген Гучок распавядае, як на слуцкіх могілках яму трапіўся надпіс на магіле «Sinjor belaruski» — менавіта так у Слуцку звалі выхавацеляў гімназіі, якія ў тыя змрочныя для краю часы вызнавалі сябе беларусамі і перадавалі сваю нацыянальную пазіцыю моладзі. І такіх цікавых адкрыццяў і фактаў у кнізе шмат.

Асобны раздзел кніжкі — «Кароткі разгляд твораў» А. Абуховіча. І аўтар робіць свае высновы адносна творчай асобы пісьменніка: «Па шчырасці натуры ён нагадвае Жана Жака Русо, па ёмістасці сваіх раздзелаў, а ў іх кожны сказ ягонай прозы ні ў якім разе ні ніжэй за ўзровень Альфрэда дэ Мюсэ… Тут жа аповед пра падарожжа па Украіне, напісаным нібыта Лорэнсам Стэрнам. А развагі пра жыццё ўвогуле ўзыходзяць да пранікнёных і пранізлівых старонак знакамітага твора рымскага імператара і мысліцеля Марка Аўрэлія» «Сам-на-сам».

Сапраўды, пасля такога параўнальнага аналізу і знаёмства з невядомымі фактамі біяграфіі пісьменніка хочацца зноў дастаць з паліцы том «Твораў» Альгерда Абуховіча, які быў выдадзены «Мастацкай літаратурай» у 1991 годзе, каб наноў адчуць смак эпохі і зразумець, як і ў якіх гістарычных абставінах нараджалася і выкрышталізоўвалася беларуская літаратура.

Абмеркаванне:

  • Padhups
  • 2014-08-18 02:38:53
Thank you very much!

Каментаваць