10-годдзе гурта «:B:N:» бярозаўскі дэсант у сталіцы

Калі ў 2004 годзе вядомы беларускі прадзюсер Віталь Супрановіч прапанаваў мне напісаць уводны артыкул для дэбютнага альбому бярозаўскага гурта «:B:N:» «Не трывай», то, назіраючы за відавочным творчым прагрэсам гэтай рэгіянальнай каманды, я дапусціў невялікае перабольшванне. Маўляў, хутка «:B:N:» для Бярозы стане чымсьці такім, як «Beatles» для Ліверпулю ці «Nirvana» для Сіэтлу. Але прайшлі гады, і гэта дапушчэнне працягвае набываць рэальнае ўвасабленне.



Калі ў 2004 годзе вядомы беларускі прадзюсер Віталь Супрановіч прапанаваў мне напісаць уводны артыкул для дэбютнага альбому бярозаўскага гурта «:B:N:» «Не трывай», то, назіраючы за відавочным творчым прагрэсам гэтай рэгіянальнай каманды, я дапусціў невялікае перабольшванне. Маўляў, хутка «:B:N:» для Бярозы стане чымсьці такім, як «Beatles» для Ліверпулю ці «Nirvana» для Сіэтлу. Але прайшлі гады, і гэта дапушчэнне працягвае набываць рэальнае ўвасабленне.

У сябе на малой радзіме — у горадзе Бяроза — гурт актыўна ўдзельнічае ў правядзенні музычных фэстаў і канцэртаў, з іх дапамогай набіраюць моц і набываюць вядомасць маладыя беларускамоўныя каманды. Да таго ж «:B:N:» стаў адной з візітовак гэтага раённага цэнтра Брэсцкай вобласці. Але галоўнае — феномен паспяховай рэгіянальнай каманды для іншых музыкантаў з правінцыі з’яўляецца пацверджаннем таго, што поспех у творчасці залежыць не ад мясцовасці, дзе нарадзіўся, а ад таленту.

У справядлівасці гэтага пастулата шматлікія слухачы і прыхільнікі гурта «:B:N:» змаглі яшчэ раз упэўніцца, калі наведалі канцэрт у мінскім «R-клубе», які музыканты прысвяцілі 10-гадоваму юбілею каманды. Спадзяванні слухачоў былі небеспадстаўныя — гурт апошнім часам радаваў іх новымі хітамі, выніковымі падарожжамі па фестывальных сцэнах Еўропы, і тым, як адзначыў адзін музычны крытык, што «:B:N:» дасягнулі ўзроўню «N.R.M.» і «Крамы».


Свой юбілейны канцэрт у сталіцы музыканты «:B:N:» і іх лідэр Алесь Лютыч вырашылі правесці ў сяброўскім фармаце. Таму распачаць канцэрт «:B:N:» — 10 год» было даручана маладому гурту з Бярозы «Кальмары». У іх кампазіцыях спалучаецца дынаміка фанку, штампы савецкай эстрады і застольныя рытмы беларускага вяселля. Увесь гэты кактэйль накіраваў слухачоў (сярод якіх — адзначу — было шмат студэнцкай моладзі) на пазітыўны лад. Хоць і ў клубным разуменні гэтага стану: з безупынным танчаннем, з неагрэсіўным штурханнем на танцполе (мошам) і скокамі са сцэны ў натоўп фанаў!

Няхай «Кальмары» — каманда маладая. Але, дзякуючы вопыту старэйшых сяброў з «:B:N:» і іх метадычнай дапамозе, музыканты ўпэўнена набіраюць вядомасць і выканаўчае майстэрства. Сведчаннем гэтаму сталі кампазіцыі гурта, якія слухачы спявалі разам з «Кальмарамі»: «Бадмінтон», «Амбрэла» (кавер на модную песеньку амерыканскай поп-дзівы Rihanna), «Ён і яна»... Што тычыцца партнёрскага стану гурта, то гэта выглядае так: лідэр «:B:N:» Алесь Лютыч займае месца за бубнамі ў «Кальмарах», а іх галоўны вакаліст-«кальмар» Сяржук Машковіч з’яўляецца пастаянным тэкставіком у «:B:N:». Дый на розных фэстах і канцэрта «:B:N:» і «Кальмары» выступаюць супольна.

Зусім іншую музыку прапанаваў слухачам гурт «Крок», які на сённяшні дзень з’яўляюцца ці не самымі заўважным прадстаўніком беларускай альтэрнатыўнай сцэны. «Крок» выконвае тыповы grunge, які ў музыцы гурта «сплаўляецца» з рытмамі панк-року і nu-metal. Гэта падабаецца слухачам, як падабаецца ім і харызматычнасць лідэра «Крока» Рамана Сухоцкага, якія ўзяў на сябе ўсе вакальныя партыі ў гурце. Канешне, браць на сябе адказнасць за ўсю каманду на сцэне — ганаровая справа, але з гэтага выцякаюць і недахопы ў кампазіцыях «Кроку». І галоўнае тут тое, што некаторыя песні падаюцца вакальна недапрацаванымі. Мусіць, тут павінны падставіць сваё сяброўскае плячо і іншыя ўдзельнікі «Крока», заспяваць разам з Раманам? Так, як гэта робяць выканаўцы з гурта «IQ 48», якія ў гэты дзень таксама віншавалі «:B:N:» з дзесяцігоддзем.

У гэтай «самай марсіянскай» камандзе беларускай сцэны спяваюць (ці падпяваюць) ці не ўсе музыканты. Але цэнтрам прыцягнення слухацкай увагі на сцэне застаецца дуэт Эша (вакаліста Алеся Ракаўца) і Буззы (гітарыста Яўгена Бузоўскага). Гэтыя дасціпныя і дынамічныя хлопцы не толькі выканалі песні, але ўклалі ў іх візуалізацыю свой акцёрскі талент. Канешне, у рамках рок-шоу, якое ладзяць музыканты «IQ 48», абапіраючыся на няспынны дыялог са слухачамі і сцэнічную імправізацыю.

Але што такое рок-шоу без добрых песень? У гурта «IQ 48» іх шмат, і ў гэты дзень на канцэрце гучалі і новыя кампазіцыі з апошняга альбому «Героі», і старыя хіты, якія прынеслі «IQ 48» вядомасць, — «Клён», «Таполі». Не абышлося без сюрпрызаў: у падарунак юбілярам прагучала актуальна-сатырычная кампазіцыя «Аграгарадок», у выкананні якой удзельнічала вакалістка гурта «Джамбібум» Ганна Даўгаполава. Завяршыўся сэт «IQ 48» яшчэ адным падарункам слухачам: усім ахвочым музыканты раздавалі hand-make-версію свайго новага акустычнага DVD «Зрабі сам». За што ўсе прысутныя горача (нават, гарачна) віталі музыкантаў і некалькі хвілін скандзіравалі галоўны слоган гурта: «IQ 48» — здаровыя лосі!»

І вось надышоў зорны час для юбіляраў з гурта «:B:N:»! Музыканты з Бярозы і іх лідэр Алесь Лютыч вельмі эмацыйна дзячылі сваім сябрам з усёй Беларусі за віншаванні, за дапамогу, за добрыя словы ў гэты хвалюючы для іх дзень. Але галоўнае дзякло ад бярозаўцаў было паднесена ў выглядзе гранічна шчырага і энерганасычанага выкання любімых моладдзю песень. Таму распачалі «:B:N:» з самых вядомых і меладычных — «Толькі я», «Адчуваю», «Спіралі», «Гарады», «Цягнік»... Гімнам музычным прыхільнасцям музыкаў і тых, хто ў гэты дзень у дзень запоўнілі «R-клуб», стала праграмная кампазіцыя «Жыве рок-н-рол!!!» Тут у зале з’явілася расцяжа «:B:N:», якая стала фірмовай адзнакай для афармлення другога альбома гурта.


За хіт-канвеерам у выкананні гурта «:B:N:» музыканты не забылі і пра музычныя падарункі, якія яны падрыхтавалі для сваіх прыхільнікаў. Першай нечаканасцю стала з’яўленне на сцэне былой салісткі берасцейскага гурта «Сьцяна» Яўгеніі «Пчолкі» Хіло, якая прыбыла на канцэрт сяброў з Бярозы наўпрост з Турцыі. Доўгая адсутнасць на радзіме не адбілася на вакальных магчымасцях Пчолкі, якая разам з Алесем Лютычам цудоўна праспявала песню «Дажджамі» і нагадала яе аўтэнтычнае гучанне. Да таго ж, уручыла «бээнаўцам» шыкоўны торт з дзесяццю свечкамі, якія былі патушаны пад агульныя спевы ўсёй залы: «З днём нараджэння, «:B:N:»!» на вядомы матыў «Happy Birsday Tu I!»

Асаблівы энтузіязм у слухачоў выклікала з’яўленне на сцэне легендарнага беларускага рокера, лідэра гурта «Neuro Dubel» Аляксандра Кулінковіча. І для гэтага сюрпрызу былі важкія падставы. Справа ў тым, што гурт «:B:N:» запісаў для трыб’юта «Neuro Dubel» кампазіцыю «Гузік». Гэтая простая песня ў выніку аб’яднання высілкаў Кулінковіча і «:B:N:» гучала зусім па-іншаму, набыла фаталістычны, нават змрочны сэнс.


Цікава, што павіншаваць гурт «:B:N:» прыйшлі ў гэты дзень і айчынныя рэперы. Гэту плынь сучаснай беларускай музычнай культуры прэзентаваў на юбілейнай вечарыне Вінцэнт. Рэпер у энергічнай, нават агрэсіўнай манеры чыткі тэксту выканаў разам з гуртом «:B:N:» кампазіцыю пад пакуль умоўнай назвай «Беларускія рэперы і рокеры аб’ядноўваюцца!». Маю спадзяванне, што гэтыя стылістычныя эксперыменты Вінцэнта будуць працягнуты, і слухачы з задавальненнем адчуюць іх плён у будучыні.

Але сюрпрызы ад бярозаўскіх музыкантаў не абмяжоўваліся толькі запрашэннем зорак беларускага року ці рэпу. Алесь Лютыч і яго сябры па «:B:N:», перад тым, як выйсці на сталічную сцэну, сканцэнтраваліся на калектыўным творчым працэсе. Вынікам яго стала прэзентацыя шэрагу новых кампазіцый, сярод якіх такія навінкі, як «Жыццё маё», «Я заўсёды з табой», філасофскай балады «Будзь сабой», а таксама фальклорных апрацовак — «Ружа» і «Канюшня», якая, дарэчы, гэтым разам чакана была выканана сумесна з лідэрам гурта «Палац» Алегам Хаменкам. І хоць часцяком можна пачуць нараканні, што народныя песні не такія папулярныя сярод моладзі, як аўтарскія рок-кампазіцыі, гэтым разам можна было ўпэўніцца, што моладзь ведае і спявае сваю фальклорную спадчыну. Прынамсі, тая моладзь, якая слухае «:B:N:». Сваім малодшым сябрам-рокерам Алег Хаменка зрабіў нечаканы падарунак: уручыў экзатычны музычны інструмент, які мае некалькі назваў: рэйнстык (rain stick), альбо «дрэва дажджу», «дажджавая флейта». Ды выказаў спадзяванні ў духу мілнаўскага Віня-Пыха, што калі-небудзь гэты падарунак спатрэбіцца музыкам для выканання і запісу іх песень. Няхай сабе і так!

Раскрыю адну таямніцу: выснову пра тое, што «:B:N:» дасягнулі ўзроўню «N.R.M.» і «Крамы», якую я цытаваў на пачатку свайго артыкула, выказаў у інтэрнэце аўтар гэтых радкоў. У ім было трохі перабольшвання, але факт застаецца фактам: гурты сярэдняга пакалення айчынных рок-выканаўцаў ужо ідуць на змену сваім старэйшым калегам. Нават калі апошнія пад цяжарам узросту ці стомленасці перастануць выступаць з канцэртамі і выдаваць альбомы, іх ёсць каму змяніць, працягнуць іх справу. І гэта сведчанне новай сітуацыі на беларускай рок-сцэне.

Каментаваць