12 снежня назавуць найлепшы беларускі гурт году

На цырымоніі ў арт-цэнтры “Юла” назавуць імя новых уладальнікаў прэміі “Героі году” ад парталу Tuzin.fm., а таксама “Дэбют году”.



Ужо 11-ты год запар слушны беларускі партал “Тузін Гітоў” падводзіць вынікі музычнага году. Летась прэмію атрымаў гурт Akute, які быў па-за канкурэнцыяй. А вось сёлета ў шорт-лісце прэміі адразу пяць прэтэндэнтаў. “Нас цешыць той факт, што беларуская незалежная сцэна дасягнула такога ўзроўню. Шмат камандаў запомніліся сёлета сваімі канцэртамі, праектамі, песнямі і кліпамі. Радуе яшчэ больш тое, што такі ж багаты выбар сярод дэбютантаў”, — кажа кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін.

У намінацыі “Дэбют году” на перамогу прэтэндуюць рэпер Sp Kava, фольк-эмбіент праект Dzivia, поп-рок гурт Hurma, псіхадэлічны Tonqixod, рамантычны дуэт Navi. Атрымаць званне “Героі году” маюць шанец :B:N:, N.R.M., Re1ikt, “Ляпіс Трубяцкой” і BosaeSonca.

Пераможцы па гэтых двух намінацыях будуць абвешчаныя непасрэдна на канцэрце, у якім выступяць шэраг намінантаў — Tonqixod, Hurma, Sp Kava, Re1ikt і :B:N:. Падрабязней пра намінантаў можна пачытаць тут. Весці канцэрт будзе музыкант і шоўмен Алег Хаменка. Па добрай традыцыі, наведнікаў чакаюць падарункі ад сталага партнеру «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».

12 снежня (чацвер). Менск, Арт-цэнтар «Юла», вул. Сурганава, 26. Прэмія «Героі году» ад парталу Tuzin.fm пры ўдзеле Tonqixod, Hurma, Sp Kava, Re1ikt, :B:N:. Пачатак у 19:00. Кошт квіткоў — 60 000 (папярэдне), 80 000 (у дзень), 80 000 (столік, толькі папярэдне). Тэлефон для даведак: +375 29 6872093

Квіткі можна замовіць і набыць у касах альбо он-лайн праз сайт KVITKI.BY

Каментаваць