“12 стратэгій” высокага мастацтва

Сёння, 28 жніўня 2015 году а 18 гадзіне ў Цэнтры Сучасных Мастацтваў (Мінск, вул.Някрасава, 3) адчыніцца выстава “12 стратэгій”, на якой будуць прадстаўлены працы 12 вядучых беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва. Менавіта таму — “стратэгій”, бо можна будзе пабачыць, якімі шляхамі мастакі ішлі да поспеху.



Працы ўдзельнікаў выставы


Нават калі наш чытач не надта цікавіцца культурным жыццём Беларусі і свету, большасць з гэтых імёнаў ён напэўна чуў. Пералічым: Юры Анушка, Аляксандр Шапо, Андрэй Вараб’ёў, Сяргей Селіханаў і ягоны ўнук Канстанцін Селіханаў, Максім Петруль (скульптары), Уладзімір Цэслер (дызайнер і мастак), Леанід Хобатаў, Ігар Цішын, Зоя Луцэвіч, Наталля Залозная, Жана Капустнікава (мастакі). Зрэшты, падзел умоўны, кожны з іх, як сапраўды шматгранны творца, спрабуе сябе ў розных відах і жанрах мастацтва.

Наўрад ці варта паўтараць за афіцыйным анонсам, што наведвальнік выставы “пабачыць 12 яскравых творчых стратэгій” ды пазнаёміцца з “характэрнымі і важнымі асаблівасцямі і тэндэнцыямі развіцця сучасных беларускай скульптуры і жывапісу”. Гэта відавочна.

Цікава, што пасля Беларусі выстава паедзе ў Кітай: следам за балетнымі трупамі паднябесную, сённяшняга “важнага эканамічнага партнёра” сінявокай, заваёўваць мусяць зноў-такі мастакі. Не памылюся, калі скажу: гэта амаль адзіны накірунак канкурэнтаздольнага беларускага экспарту (побач з калійнай соллю).

Працы ўдзельнікаў выставы

Таму сардэчна запрашаем сёння на Някрасава, 3. Выстава працуе па 19 верасня, але ў астатнія дні, апрача вернісажу, наведванне платнае. Вось поўная інфармацыя:


Цэнтр Сучасных Мастацтваў

Час працы: 11:00–19:00, выходныя: нядзеля, панядзелак.

Даведкі па тэлефоне: 262-62-15


Кошт квіткоў:

агульны на экспазіцыю — 30 000

студэнты і чальцы творчых саюзаў (пры прад'яўленні пасведчання) — 20 000

школьнікі і пенсіянеры (пры прад'яўленні пенс. пасведчання) — 15 000

дзеці да 5 гадоў — бясплатна.

Каментаваць