17 кастрычніка у Гародні пройдзе семінар «Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі»

Універсітэт і Горад, Універсітэт і Нацыя, Універсітэт і Мысленне, Універсітэт і культурна-сацыяльныя змены – гэтыя звязкі назаўсёды ўвайшлі ў еўрапейскую гісторыю і гісторыю чалавецтва. Сёння цяжка ўявіць сабе развіццё краіны, народа, культуры без Універсітэта, але…



Ці часта мы паглыбляемся ў роздум над пытаннем «Якім сёння павінен быць Універсітэт, каб выконваць сваю гістарычную функцыю?» Беларуская рэальнасць вымушае нас засяроджвацца на больш простых і ў той жа момант балючых пытаннях не развіцця, а хаця б захавання таго, што ёсць. Але ніхто апроч нас, беларусаў, не будзе думаць і дбаць пра Універстэт для Беларусі.
 
 
Лятучы ўніверсітэт  гэта спроба асэнсавання і пошуку адказаў на пытанні «Якім сёння павінен быць Ўніверсітэт, дзе думаюць Беларусь?» Гэта пошукі і канцэптуальныя, і практычныя. Больш як 3 гады ідзе паступовае развіццё самых розных накірункаў універсітэцкай працы: семінары, школы, курсы, публічныя дыскусіі і лекцыі, канферэнцыі і даследаванні. І галоўнае  расце і развіваецца ўніверсітэцкая супольнасць.
 
 
Гародня  адзін з тых гарадоў Беларусі, дзе прысутнічае насычанае інтэлектуальнае жыццё, а без гэтага немагчыма станаўленне Ўніверсітэта нацыянальнага маштабу. 17 кастрычніка Лятучы ўніверсітэт у партнёрстве з Гарадзенскай бібліятэкай, пры патрымцы і ўдзеле гарадзенскіх навукоўцаў і культурных дзеячоў ладзіць у Гародні адкрыты семінар «Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі». У межах семінара з дакладамі выступяць бібліст, культуролаг Ірына Дубянецкая, філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч, адукатар Ігар Кузьмініч, а таксама адбудзецца публічная дыскусія «Гародня як месца сучаснага ўніверсітэта», да якой далучацца філосаф Павал Баркоўскі, метадолаг, каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская, а таксама эксперты па пытаннях развіцця ўніверсітэтаў з Мінска і Гародні. Мадэраваць працу на семінары будзе гісторык Алесь Краўцэвіч.
 
 
Ірына Дубянецкая ў сваім выступе «Універсітэт і нацыянальная ідэя ў беларускай рэчаіснасці» прапануе паразважаць над культуратворчымі і нацыятворчымі функцыямі ўніверсітэта. Нацыянальны ўніверсітэт так і застаўся неспраўджанай мрояй Беларусі, але варта прыглядзецца да тых спробаў, якія былі ў гісторыі, больш дэтальна: як развівалася нацыянальная ідэя ў Віленскім універсітэце? Наколькі сёння рэалістычна казаць пра нацыянальны ўніверсітэт  у постмадэрным, посткаланіяльным, постіндустрыйным, посткрытычным свеце?
 
 
Ігар Кузьмініч прапануе перафармуляваць пытанне аб крызісе ўніверсітэтаў у пытанне аб крызісе гуманітарных навук. Падчас выступу гарадзенскага выступоўцы «Сучасны ўніверсітэт як інавацыя» паспрабуем разабрацца з тым, перад якімі выклікамі апынуўся сёння ўніверсітэт і што павінна стаць яго інавацыйнай мэтай?
 
 
Паўставанне і развіццё Універсітэту немажліва без сталай працы над самой ідэяй Універсітэту, без абмеркавання, дыскусіі пра тое, што можа стаць агульнымі падмуркамі для супольнай практыкі. Уладзімір Мацкевіч, распавядзе пра тое, як, кім і дзе развіваецца «Ідэя Універсітэта ў сённяшняй Беларусі».
 
 
Акцэнтам агульнай дыскусіі «Гародня як месца сучаснага ўніверсітэта» стануць пытанні пра мажлівасці і перспектывы развіцця ідэі Універсітэту ў Гародні, пра тое, у якіх фарматах, накірунках дзейнасці можа развівацца супрацоўніцтва гарадзенскай акадэмічнай супольнасці і Лятучага ўніверсітэта.
 
 
Адкрыты семінар «Універсітэт у гісторыі і сучаснасці Беларусі» адбудзецца 17 кастрычніка па адрасе: Гродна, вул. Будзёнага 48а (зала ва ўнутраным дворыку). Пачатак а 18.00
 
 
Запрашаем да ўдзелу ўсіх зацікаўленых. Уваход вольны!
 
 
Больш падрабязна пра дзейнасць Лятучага ўніверсітэта можна даведацца з сайта.

Каментаваць